Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Украіны заяўляе пра сур’ёзны прагрэс у справе Шарамета: «Мы бачым пэўных асобаў»


Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заяўляе аб сур’ёзным прагрэсе ў расьсьледаваньні забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета — яго падарвалі ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году.

«На мінулым тыдні я заслухаў гэтую справу. У нас ёсьць сур’ёзны прагрэс. Мы бачым пэўных асобаў. Калі адбудуцца пэўныя працэсуальныя дзеяньні, я скажу пра гэта. Але я вельмі задаволены вынікам, які атрымалі Нацыянальная паліцыя і пракуроры. Больш нічога сказаць не магу», — заявіў Юры Луцэнка ў інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Ліга».

На пачатку траўня, за паўтара тыдні да інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, ягоны дарадца Дзьмітры Разумкоў заявіў аб намеры новага кіраўніка дзяржавы акцэнтаваць увагу на расьсьледаваньні праваахоўнымі органамі нападаў на журналістаў, у тым ліку забойства Паўла Шарамета.

Але ў сваёй інаўгурацыйнай прамове Ўладзімір Зяленскі запатрабаваў ад парлямэнту ўхваліць рашэньне аб адстаўцы Юрыя Луцэнкі з пасады генэральнага пракурора.

Летась у жніўні Юры Луцэнка ўжо заяўляў, што ў расьсьледаваньні справы аб гібелі Паўла Шарамета зьявілася «нітачка», за якой ідуць «актыўныя сьледчыя дзеяньні». Але праз некалькі месяцаў пасьля гэтага ўдакладніў, што «нітачка» ня дала вынікаў.

Журналіст Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе гібель журналіста як наўмыснае забойства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG