Прэзыдэнт Эквадору Ленін Марэна заявіў, што заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж, які каля 7 гадоў пражыў у эквадорскай амбасадзе ў Лёндане, спрабаваў ператварыць амбасаду ў «цэнтар шпіянажу» супраць іншых краін і неаднаразова парушаў умовы, на якіх яму быў дадзены палітычны прытулак.
Менавіта гэтым ён у інтэрвію газэце The Guardian патлумачыў рашэньне эквадорскіх уладаў на мінулым тыдні пазбавіць Асанжа прытулку і перадаць яго ў рукі брытанскага правасудзьдзя, якое цяпер разглядае пытаньне аб экстрадыцыі заснавальніка WikiLeaks у Злучаныя Штаты.
Паводле Марэна, Асанж, знаходзячыся ў амбасадзе, умешваўся ў справы іншых дзяржаваў і ў дэмакратычныя працэсы ў іх. У якасьці прыкладу ён прывёў публікацыі WikiLeaks аб Ватыкане. Ён таксама абвінаваціў Асанжа ў тым, што ён пагражаў прадстаўнікам самога Эквадору і не выконваў, знаходзячыся ў пасольстве, гігіенічныя нормы.
Рашэньне ўраду Марэна адмовіць у прытулку Асанжу выклікала спрэчкі ў Эквадоры. Былы прэзыдэнт гэтай краіны Рафаэль Карэа, саюзьнікам якога калісьці быў Марэна, абвінаваціў яго ў «здрадзе». Крытыкі прэзыдэнта сьцьвярджаюць, што Марэна вырашыў выдаць Асанжа з помсты за публікацыі пра ягонага брата, які, як вынікае з апублікаваных нядаўна WikiLeaks дакумэнтаў, заснаваў у Панаме афшорную кампанію.
Марэна пацьвердзіў, што брытанскія ўлады далі яму гарантыі таго, што Асанжа ня выдадуць у краіну, дзе яму можа пагражаць сьмяротнае пакараньне. Паводле абвінавачаньняў, выстаўленых на адрас Асанжа, у ЗША ў дадзены момант, яму пагражае да 5 гадоў турмы. Абвінавачаньні не датычаць публікацыі WikiLeaks матэрыялаў з сэрвэра Дэмакратычнай партыі ЗША, узламанага, як сьцьвярджае амэрыканскае сьледзтва, расейскімі хакерамі.
У якасьці абвяржэньня шэрагу паведамленьняў у WikiLeaks напярэдадні заявілі, што не публікавалі ніякіх новых дакумэнтаў у адказ на арышт Асанжа.