Пра сэнс жыцьця
— Пяць па дзесяць ці дзесяць па пяць — у любым разе, здаецца, гадоў вам дастаткова, каб зразумець, дзеля чаго Бог, стварыўшы калісьці Адама, каторае ўжо тысячагодзьдзе не стамляецца памнажаць колькасьць тых, хто «на вобраз Ягоны і падабенства». Які, па-вашаму, сэнс гэтай Божай работай даецца «вобразападобным» на кароткі промільг вечнасьці даўжынёю ў чалавечае жыцьцё?
— Мой адказ будзе кароткі і шчыры: ня ведаю... Мне здаецца, адказаць на гэтае пытаньне неяк інакш было б самападманам. Я схільны думаць, што чалавеку не пад сілу спасьцігнуць сэнс дзіўнай і нястомнай Божай работы. Такі вось агнастыцызм. Але менавіта таму, што мы людзі, мы ня можам не шукаць адказаў. Чалавеку дадзена мова, каб ставіць пытаньні, зноў і зноў. Запытваць Бога, сябе, іншых людзей, прыроду, пытацца ў гісторыі, у кніг... Пэрсанажы ўсіх маіх раманаў увесь час задаюць сабе гэтае пытаньне: у чым сэнс існаваньня? І спрабуюць адказаць на яго, кожны на свой лад. Часам вельмі патасна — як у «Апошняй кнізе пана А.», герой якой фармулюе свой адказ так: " Няма іншых багоў, апрача Свабоды, Пяшчоты і Творчасьці; няма іншае веры, як вера ў сябе і тых, каго любіш; няма іншае мэты, як толькі дажыць у годнасьці, волі і прытомнасьці дадзеныя табе дні, што б ні прыдумлялі надзеленыя ўладай блазны і крыважэрцы«.
Мы жывыя настолькі, наколькі ў нас хапае словаў, каб гэта апісаць. Усе мы імкнёмся быць вольнымі і шчасьлівымі, нават ведаючы, што ў выніку нічога не атрымаецца. Імкнуцца да гэтага і кожны дзень рыхтавацца да ўласнай сьмерці — і значыць быць чалавекам. Але гэта не пра сэнс быцьця, гэта хутчэй пра стратэгію...
Пра асабістае шчасьце
— Які з пражытых пяцідзесяці вы сёньня можаце назваць самым шчасьлівым сваім годам? Якія людзі, месцы, абставіны зрабілі яго такім? І ўвогуле, які ён — ваш ідэал шчасьлівага жыцьця?
— Я ня веру ў шчасьлівае жыцьцё. Я іранічны скептык з трагічным сьветаўспрыманьнем. Гэта пазбаўляе дурных ілюзій, ратуе ад удзелу ў масавых псыхозах, дазваляе жыць сваім розумам і не паддавацца марнасьці. Я не чакаю ад гэтага сьвету шчасьця. Мяне як асобу сфармавалі старыя майстры: Кафка, Джойс, Набокаў, Гамбровіч. Творчасьць — адзіная негвалтоўная форма свабоды, высакародная спроба супрацьстаяньня злу, вяртаньне чыстай красы з хаосу, падарожжа туды, дзе яшчэ ніхто не бываў. Так яны мяне навучылі. Маўчаньне, майстэрства, экзыль, як запавядаў Джойс. Шчасьце асацыюецца ў мяне хіба з пэўнымі момантамі: дзень, калі ўпершыню пабачыў мора... Нараджэньне дачкі... Сустрэча з маёй жонкай Юляй Цімафеевай... Сакавіцкая раніца ў Аўстраліі... Дзень, калі прывезьлі з друкарні маю самую важную кнігу. А яшчэ, бывае, выходзіш зь цягніка ў незнаёмым горадзе, у краіне, дзе цябе ніхто ня ведае... Вольны чужынец са сваёй дзіўнай, нікому не зразумелай мовай, з усьмешкай на вуснах, пад зорным небам. Гэта бывае вельмі падобна да шчасьця. Але шчасьце часьцей за ўсё невымоўнае.
Пра ўмовы для нацыянальнай годнасьці
— Сфармулюйце, калі ласка, пяць умоваў, неабходных для шчасьця сучаснаму беларусу.
— Я ня веру ні ва ўнівэрсальнае шчасьце, ні ў нацыянальнае шчасьце. Яны ўтапічныя. Але я паспрабую назваць такія ўмовы, пры якіх жыцьцё беларусаў магло б быць годным. Жыць у дзяржаве, якая дазваляе быць тым, кім ты хочаш. Працаваць на сябе. Мець права заўсёды быць нязгодным. Расея мусіць спыніць сваё існаваньне як імпэрыя. А яшчэ — важна ўсьведамляць сябе эўрапейцамі, быць адкрытымі сьвету. І проста: усьведамляць сябе — і любіць сваё.
Пра падпарадкаваньне жыцьця літаратуры
— На нейкім адцінку вашага шляху вы сустрэліся з Пані Літаратурай. Тая сустрэча стала вырашальнай у вашым лёсе. Хто каму ў гэтым вашым тандэме падпарадкоўваецца: Чалавек Літаратуры ці Літаратура Чалавеку? Ці мо яны ўвесь час мяняюцца месцамі?
— Мяркую, што ўсё ж у большасьці выпадкаў Чалавек падпарадкоўваецца Літаратуры. Я ўспрымаю жыцьцё як тэкст. У гэтым сьвеце я існую пяцьдзясят гадоў — і большую іх частку займаюся тым, што пішу і чытаю кнігі. Дзякуючы літаратуры я зрабіўся тым, кім я ёсьць. Дзякуючы ёй я пазнаёміўся з мноствам цікавых, разумных і таленавітых людзей у розных краінах; дзякуючы ёй пабачыў сьвет; дзякуючы ёй меў і маю хвіліны шчасьця, натхненьня і асалоды ад творчасьці і супрацьстаяньня. Літаратура абумоўлівае мае ўчынкі, маё ўспрыманьне рэчаіснасьці. Літаратура — гэта і амбіцыі, якія гоняць нас наперад, і найлепшая школа свабоды, і радасьць самарэалізацыі, і магчымасьць выбіраць. І нешта яшчэ. Вечная таямніца. Але чалавек — слабы і бясьсільны перад часам. Хваробы робяць нас людзьмі, як пісаў Томас Ман.
Пра здольнасьць літаратуры прадказваць жыцьцё
— А ці заўсёды ў вас атрымліваецца адрозьніваць жыцьцё ад літаратурнага сюжэту? Ці бывала такое, што спачатку нешта нейкае адбылося з героем напісанай кнігі, а потым яно выйшла зь яе старонак і ўвайшло ў жыцьцё аўтара?
— Пісьменьнік спрабуе зазіраць у заўтрашні дзень, гэта яго абавязак. Пішучы кнігі, ты кожнага разу спрабуеш зірнуць на сьвет адразу ў трох вымярэньнях: мінулым, цяперашнім, будучым. Тое, што падзеі ў нашым сьвеце разьвіваюцца паводле сцэнару «Сабакаў Эўропы», напісаных у 2016–2017-м, многія называюць прароцтвам. Але прароцтва часьцей за ўсё — гэта проста адсутнасьць ілюзій і абвостранае адчуваньне небясьпекі. Жыцьцё ідзе сьледам за літаратурай, а не наадварот. Мы жывём у эпоху, калі людзі перастаюць гэта разумець. Зручнасьць, лянота і хуткасьць забіваюць у людзях здольнасьць прадчуваць падзеі, чуць сыгналы трывогі. Пра гэта я паспрабую сказаць у сваёй прамове ў Ляйпцыгу 26 сакавіка.
Пра сэнс творчасьці
— «Піша як Бог на душу пакладзе», — кажуць фанаты пра сваіх улюбёных літаратараў. А іншыя сьцьвярджаюць, што іхныя фаварыты пішуць так, як дасканалая кампутарная праграма. Да якога творчага мэтаду з гэтых двух вы можаце сябе аднесьці? Ці абодва хлусьлівыя і існуе нейкі трэці?
— Ня ведаю. Пісаць кнігі — гэта мой спосаб размаўляць са сьветам, гэта мая сьвятая адзінота, гэта цікавая гульня, гэта пошук свайго ўнікальнага аўтарскага голасу, гэта адпушчаная на волю фантазія, прынцыпова незалежнае думаньне, боль, эмпатыя, выклік мове як найвышэйшай сіле плюс прафэсійны навык пісьма. Быць чалавекам балюча. Пра гэта і гаворыць літаратура.
— Ці пашкадавалі вы калі-небудзь, што сталі літаратарам? Ці бывала спакуса кінуць-рынуць усё і заняцца нечым іншым, менш энэргазатратным і больш прыбытковым?
— Не, я ніколі пра гэта не шкадаваў. Усё, што я маю, — гэта мае кнігі. Я дыхаю літаратурай і ня ведаю іншага настолькі ж цікавага і сэнсоўнага занятку. Дый, па шчырасьці, нічога больш асабліва ня ўмею і нічым іншым не хачу займацца. Магчыма, у гэтым прычына таго, што ў свае пяцьдзясят я — бедны эмігрант зь няяснымі пэрспэктывамі, дзіўнымі марамі і тоўстымі кніжкамі ў валізе. Але ў мяне ёсьць чытачы у розных краінах, іх робіцца ўсё больш, ёсьць прызнаньне, ёсьць імя, ёсьць воля і натхненьне працаваць далей.
Пра зьдзяйсьненьне мараў
— Як, з кім і дзе марыце адзначыць важкую жыцьцёвую перамогу з выдатным лікам 5:0?
— Я адзначу гэтую дату ў Бэрліне, дзе цяпер жыву. З каханым чалавекам і з нашымі нямецкімі і беларускімі сябрамі і знаёмымі: выдаўцамі, мастакамі, дасьледчыкамі, перакладчыкамі, паэтамі. Некалі я марыў жыць у Бэрліне. Мара нечакана збылася. Буду марыць далей.
Форум