Былы дзяржсакратар ЗША і кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан заявіла, што заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж уступіў у змову з расейскім урадам падчас выбарчай кампаніі 2016 году.
«Ён цынічны апартуніст, які прыслугоўвае дыктатару», — сказала Клінтан у інтэрвію тэлеканалу ABC, якое выйдзе ў эфір у панядзелак увечары.
Паводле Клінтан, WikiLeaks зьяўляецца на сёньня «філіялам расейскай выведкі». Былая кандыдатка ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі заяўляе, што ўкід у інфармацыйную прастору лістоў, выкрадзеных зь яе электроннай пошты, быў складнікам каардынаваных намаганьняў, якія накіроўваліся расейскімі ўладамі, з мэтай не дапусьціць яе перамогі на выбарах.
Клінтан сьцьвярджае, што адной з прычын аказалася асабістае стаўленьне да яе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. «Пуцін помсьціў мне за тое, што як дзяржсакратар я асуджала ягоную аўтарытарную палітыку», — сказала Клінтан. Аднак гэтым справа не абмяжоўваецца. Прэзыдэнт Расеі хоча дэстабілізаваць Амэрыку і трансатлянтычны саюз, дадала яна.
У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Спэцпрокурор ЗША Робэрт Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі саперніцы Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква сваё дачыненьне да выбараў катэгарычна адмаўляе.