Сёньня законапраект займеў падтрымку 338 дэпутатаў. У той жа час 350 дэпутатаў прагаласавалі супраць, пяцёра ўстрымаліся.
Пра гэта паведамляе DW.
Пасяджэньне Бундэстагу перад галасаваньнем па рэзанансным законапраекце адклалі на 30 хвілін на просьбу выканаўчага сакратара фракцыі ХДС/ХСС Торстэна Фрая. На пачатку дэбатаў ён абгрунтаваў сваю пазыцыю намерам правесьці кансультацыі ўнутры фракцыі. Аднак перапынак быў працягнуты амаль на дзьве гадзіны, паколькі лідэры некалькіх партыйных фракцыяў вырашылі правесьці перамовы з старшынём ХДС Фрыдрыхам Мэрцам.
Законапраект «Аб абмежаваньні прытоку нелегальных мігрантаў з трэціх краінаў» прадугледжваў, што фэдэральная паліцыя зможа высылаць замежнікаў, якіх улады Нямеччыны абавязалі пакінуць краіну, калі нямецкія паліцэйскія сутыкнуцца з такімі асобамі ў зоне сваёй адказнасьці. Акрамя таго, блёк ХДС/ХСС меў намер спыніць узьяднаньне сем’яў з асобамі, якія маюць субсыдыярную абарону, да далейшага апавяшчэньня. Цяпер квота на такое ўзьяднаньне складае тысячу чалавек на месяц.
Два дні раней бундэстаг ухваліў прапанаваны кансэрватарамі дакумэнт зь пяці пунктаў. Гэты плян найбуйнейшай апазыцыйнай фракцыі бундэстагу прадугледжвае, у прыватнасьці, увядзеньне сталага памежнага кантролю, магчымасьць адмовы прэтэндэнтам на прытулак ужо на мяжы і затрыманьне замежнікаў, якіх улады абавязалі пакінуць краіну.
Блёк ХДС/ХСС выступіў з ініцыятывай узмацніць жорсткасьць міграцыйнай палітыкі пасьля нападу з нажом у баварскім Ашафэнбургу, ахвярай якога сталі два чалавекі. Сацыял-дэмакраты і «Саюз-90»/«Зялёныя» не падтрымалі такія абмежаваньні, бо тыя, на іх думку, фактычна адмяняюць права на прытулак, гарантаванае Асноўным Законам Нямеччыны.
Форум