Празь менскую вязьніцу на Акрэсьціна штогод праходзяць тысячы арыштаваных з палітычных матываў.
Некаторыя з тых, каго пасьля ІЧУ пераводзілі ў СІЗА ў крымінальнай справе, нават у параўнаньні з ізалятарам называюць ізалятар на Акрэсьціна найгоршым месцам.
«Вясна» пагаварыла з Ірынай, былой арыштанткай менскага ізалятара, якая нядаўна адбывала там арышт і засьведчыла, што цяперашнія ўмовы мала чым адрозьніваюцца ад сьведчаньняў акрэсьцінскіх арыштантаў 2020 году.
Перапоўненыя камэры, няма сродкаў гігіены
У камэру Ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Ірына трапіла ўначы, пасьля шматгадзіннага допыту ў КДБ і складаньня пратаколу аб хуліганстве ў міліцыі. Паводле пратаколу, жанчына нібыта «крычала і раскідвала рэчы». Жанчына была шостай у камэры, разьлічанай на дваіх. Ноччу арыштантак адзін раз разбудзілі для «пераклічкі». У затрыманых у ІЧУ зусім няма сродкаў гігіены, у адрозьненьне ад ЦІПа, адзначыла Ірына.
На суд Ірыну павялі пасьля сьняданку, каля 12:00. Суд мусіў адбывацца праз скайп. У чаканьні суду ўсіх затрыманых паставілі тварам да сьцяны з рукамі за сьпінай. У такім становішчы іх трымалі прыкладна 6 гадзінаў, толькі дазвалялі час ад часу ненадоўга прысесьці на кукішкі, успамінала Ірына. Супрацоўнікі доўга не маглі наладзіць відэасувязь з судзьдзёй праз скайп, таму ў выніку суд праходзіў празь нейкі звычайны мэсэнджар.
На судзе Ірына вырашыла не прызнаваць віны і адмовіцца ад паказаньняў. Сьведка быў у балаклаве.
«Мне здалося, што сьведка — гэта апэратыўнік з РУУС. Судзьдзя нават не спытала, ці згодна я з тым, што напісана ў пратаколе».
У выніку жанчыне прызначылі арышт і перавялі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), які зьмяшчаецца ў суседнім будынку на Акрэсьціна.
Умовы ў турме на Акрэсьціна яна назвала «апагеем бяспраўя».
У камэры было шмат клапоў
«Суткі» Ірына спачатку адбывала ў вядомай жаночай камэры № 15, праз якую прайшлі тысячы «палітычных» арыштантак. Паводле жанчыны, амаль усе затрыманыя былі асуджаныя паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).
«Мяне завялі а сёмай вечара. Я тады яшчэ ня ведала, што ўсе ў камэры мусяць уставаць, калі адчыняюцца дзьверы. І вось мяне заводзяць, і я да гэтага часу памятаю сваё ўражаньне. Дзяўчаты ўсе стаяць і глядзяць на мяне, як тыя сурыкаты.
Супрацоўнікі зачынілі дзьверы, і ўсе кінуліся да мяне. Я тады ўпершыню расплакалася. Бо была такая стома і псыхалягічна я больш не магла трымацца. Яны мяне тады пакармілі, бо я фактычна ўвесь гэты і папярэдні дзень нічога ня ела.
У нас была камэра на дваіх, я там была 16-я. Гэта быў такі пік, потым наша колькасьць зьмяншалася: кагосьці пераводзілі па крыміналцы, хтосьці выходзіў», — дзеліцца Ірына.
Паводле жанчыны, адным з самых моцных яе ўражаньняў ад вязьніцы на Акрэсьціна было тое, што ў камэры было вельмі шмат клапоў.
«Перад „адбоем“ у нас былі свае рытуалы: намыліць твар і адкрытыя часткі цела дзягцярным мылам, надзець майткі замест маскі для сну (бо ў камэры ўвесь час гарыць сьвятло. — Рэд.). Але ў першую ноч я ляжала з намыленай галавой пад лаўкай, ногі паміж дзяўчатамі пад нарай... Я ж пра ўсё гэта ведала, бо чытала пра палітвязьняў і сачыла за затрыманьнямі. Але адна справа знаць, а іншая — там апынуцца».
«Забралі зубныя шчоткі, туалетную паперу»
Ірына ўспамінае, што начныя праверкі, якія рабілі мужчыны-наглядчыкі, праходзілі больш жорстка. Трэба было назваць свой парадкавы нумар, а потым імя і прозьвішча. Калі хтосьці блытаў нумар, то ўсё пачыналася спачатку.
Адзін з наглядчыкаў меў звычку называць усіх жанчын «бабкамі», незалежна ад узросту. Жанчыны спачатку ня ведалі, як рэагаваць, і не разумелі, да каго ён зьвяртаецца, абураецца Ірына.
«Яшчэ ў нас быў крануты хлопец, які ў нейкі момант сказаў: „Так, 15-я, у вас зашмат рэчаў, склалі ўсё мне, і я выкіну“. А ў нас няма лішніх рэчаў, бо ўначы мы сьпім на падлозе, нам холадна і мы апранаем абсалютна ўсе рэчы. Давялося знайсьці і аддаць нейкія зусім непатрэбныя рэчы».
Пазьней падчас аднаго са шмонаў супрацоўнікі ўсё ж забралі ўсё, што было ў камэры: зубныя шчоткі і пасту, туалетную паперу.
Украінку схапілі падчас курсу хіміятэрапіі
Ірына расказала, што на Акрэсьціна ўвосень утрымлівалі ўкраінку зь беларускім дазволам на жыхарства, якая ў Беларусі пражыла 20 гадоў.
«Яе затрымалі супрацоўнікі КДБ у Берасьці амаль адразу пасьля апэрацыі па выдаленьні лімфомы пад пахай. Яна яшчэ прасіла ў лекаркі зялёнку і мазала гэтыя швы. Яна прайшла першы курс хіміятэрапіі, і яе схапілі кадэбісты проста ў паліклініцы, куды яна прыйшла да лекара. Ёй літаральна перапынілі курс хіміятэрапіі. Яны ёй яшчэ казалі: „Вы з вашым дыягназам дакладна жывой ня выйдзеце“. Яе цягалі на допыты кожны дзень, фактычна пазбаўляючы харчаваньня», — расказала Ірына пра сукамэрніцу з Украіны.
Са словаў самой жанчыны, перасьледавалі жанчыну празь дзейнасьць дачкі, якая жыве ў Польшчы.
Перазатрыманьні арыштаваных
«Карусэль» — так на Акрэсьціна завуць адзін з спосабаў дадатковага ціску на арыштанта. Паводле назіраньняў Ірыны, «карусэль» дагэтуль актыўна выкарыстоўваюць супраць затрыманых з палітычных матываў. Гэта калі чалавека пасьля першага арышту не вызваляюць, а перазатрымліваюць паводле новых пратаколаў. Такім чынам чалавека могуць месяцамі ўтрымліваць у камэры бязь зьменнага адзеньня і сродкаў гігіены.
Па словах Ірыны, у час адседкі на Акрэсьціна яна сутыкнулася зь дзьвюма дзяўчынамі, якія адбывалі па тры арышты запар.
Фатаграфаваньне для сыстэмы назіраньня Kipod
Аднойчы ўсіх жанчын вывелі з камэры, каб сфатаграфаваць. Ірына з сукамэрніцамі вырашылі, што гэта можа быць патрэбна для сыстэмы назіраньня Kipod, якая дазваляе адсочваць кожнага чалавека, чый фатаздымак ёсьць у сыстэме.
«Нас усіх па чарзе садзілі і фатаграфавалі. Жанчына здымала з розных ракурсаў. Кажа: «Глядзіце ў камэру, але паварочвайцеся. Нахіляйце галаву ўгору, уніз і г. д.», — апісала фатаграфаваньне на Акрэсьціна Ірына.
Голы агляд
Падчас адбыцьця арышту да Ірыны прыяжджалі з КДБ — жанчыну вазілі праходзіць паліграф. Увесь час па-за камэрай ізалятара жанчыну трымалі ў кайданках. Пасьля паліграфу супрацоўнікі КДБ зноў дапыталі Ірыну — на гэты раз «пад пратакол». Падчас размовы яе папярэдзілі, што перазатрымліваць яе ня будуць, але папрасілі пасьля вызваленьня нікому не казаць, што яна адбывала арышт.
Пасьля допыту Ірыну вярнулі ўжо ў іншую жаночую камэру.
«У той дзень яны зрабілі такую ратацыю. Я заходжу ў тую новую камэру, а там — рай на зямлі! Чатырохмесная камэра з матрацамі, і я была чацьвёртая. Больш за тое, нават дзьве прасьціны было. На жаль, клапы таксама былі. Аднак калі я залезла на другі ярус, лягла на матрац і нам прыгасілі сьвятло — я была проста шчасьлівая», — успамінае Ірына.
Пасьля адбыцьця «сутак» ужо на выхадзе жанчыне ўчынілі так званы «голы агляд». Яе прымусілі цалкам разьдзецца і прысядаць, пішуць праваабаронцы «Вясны».
Форум