31 студзеня ў праскім Офісе дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі адбылася дыскусія «Межы пяройдзены, свабода страчаная: перасьлед замежнікаў у Беларусі» (Borders crossed, freedom lost: Foreigners Persecuted in Belarus. Discussion and case reports). Прысутнічалі беларускія і ўкраінскія праваабаронцы, прадстаўнікі і прадстаўніцы дыпмісій розных краін.
Адкрывала сустрэчу Натальля Хершэ, былая палітзьняволеная з грамадзянствам Беларусі і Швайцарыі. Яна ўзгадала адзін з эпізодаў жыцьця ў зьняволеньні, якога ніколі не забудзе.
У цэху гомельскай ПК-4, дзе яна працавала разам зь іншымі жанчынамі, фарбавалі сьцены алейнай фарбай, і адна з жанчын страціла прытомнасьць ад рэзкага паху. Ахоўнікі вывелі яе на сьвежае паветра, але праз кароткі час прымусілі вярнуцца да працы, і яна зноў страціла прытомнасьць. Пасьля гэтага жанчыну адвялі ў мэдчастку, а потым павезьлі ў шпіталь на «хуткай». Яе не было на працы два тыдні, а калі Хершэ зноў яе сустрэла, жанчына ўжо хадзіла з кіёчкам. Выявілася, што яна атрымала кровазьліцьцё ў мозг і на ўсё жыцьцё засталася інвалідам.
Таксама Хершэ расказала, што некалькі разоў трапляла ў штрафны ізалятар за адмову шыць форму. Там, каб сагрэцца, яна бегала на месцы і так моцна біла нагамі аб падлогу, што зламала нагу. На пяты дзень пакараньня Натальля заснула ад зьнясіленьня і стукнулася галавой аб мэталічны край нараў. Толькі пабачыўшы кроў, супрацоўнікі калёніі аказалі ёй першую дапамогу. Хершэ вельмі баялася застацца інвалідам.
Хершэ сказала, што ёй балюча думаць пра тое, што многія палітвязьні могуць не дажыць да канца тэрмінаў. Яна лічыць, што галоўная задача беларускага дэмакратычнага грамадзтва — «знайсьці магчымасьць іх вызваліць».
Замежныя палітвязьні ў Беларусі: хто яны і за што асуджаныя?
На дыскусіі выступала праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук. Яна прадставіла дэталёвы даклад пра замежнікаў, якія цяпер знаходзяцца ў месцах зьняволеньня па палітычна матываваных прысудах. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», у беларускіх турмах цяпер мінімум 38 замежных грамадзян. Зь іх 36 афіцыйна прызнаныя палітвязьнямі.
З пачатку выбарчай кампаніі 2020 году як мінімум 75 іншаземцаў трапілі пад палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Некаторых украінскіх грамадзян удалося вызваліць праз абмен. Так, пяць чалавек былі перададзеныя Ўкраіне ў абмен на расейскіх палонных. Рыка Крыгер, грамадзянін Нямеччыны, якому ў Беларусі прысудзілі сьмяротнае пакараньне, быў перададзены Нямеччыне ў рамках вялікага абмену вязьнямі, калі зь нямецкай турмы быў вызвалены афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Вадзім Красікаў.
Сярод тых, хто застаецца за кратамі, мінімум 13 украінцаў, якіх асудзілі пераважна за «агентурную дзейнасьць», шпіянаж, камэнтары і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Таксама ў турмах знаходзяцца ня менш за восем расіян, асуджаных па розных артыкулах. Чатыры палякі атрымалі жорсткія прысуды, трое зь іх — больш за 10 гадоў зьняволеньня. Сярод палітвязьняў таксама чацьвёра латышоў, адзін зь іх быў накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Па адным зьняволеным ёсьць зь Літвы, Эстоніі, ЗША, Японіі і Швэцыі. Акрамя таго, у сьпісах ёсьць адзін замежнік, чыя краіна грамадзянства невядомая.
За што судзяць?
Большасьць прысудаў вынесеныя па наступных артыкулах:
- 15 чалавек — «агентурная дзейнасьць» (гэта вельмі шырокае паняцьце, уключае нават перадачу адкрытых дадзеных замежным арганізацыям і асобам, якія «пагражаюць нацыянальным інтарэсам Беларусі»).
- 6 чалавек — «тэрарызм» (насамрэч гэта справы аб «падрыхтоўцы тэрактаў», іх пачалі актыўна заводзіць, калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну).
- 8 чалавек — «абраза Лукашэнкі».
- 7 чалавек — «распальваньне варожасьці».
- 6 чалавек — «абраза прадстаўнікоў улады».
Сумарна палітзьняволеныя-замежнікі атрымалі мінімум 225 гадоў турмы. Некаторыя прысуды асабліва жорсткія. Паляк Томаш Бяроза атрымаў 14 гадоў зьняволеньня за «агентурную дзейнасьць». Расеец Дзьмітрый Папоў быў асуджаны на 16 гадоў за працу ў камандзе Ціханоўскага. Яго суайчыньнік Аляксей Паднябенны атрымаў 16 гадоў і 8 месяцаў за камэнтары, адміністраваньне чатаў і хуліганства. Украінцы Сяргей і Павел Кабанчукі, бацька і сын, былі асуджаныя на 20 гадоў кожны. Іх судзілі ў закрытым рэжыме па некалькіх артыкулах, хутчэй за ўсё — за «сувязь з Украінай». Самы жорсткі прысуд — 23 гады — атрымаў расеец Аляксей Кулікоў за фатаздымкі вайсковых аб’ектаў і Генконсульства РФ у Горадні. У яго няма кантакту зь сям’ёй, але праваабаронцам вядома, што апошняе слова на судзе ён сказаў па-ўкраінску.
Таксама на дыскусіі выступіла мэдыяэкспэртка Ганна Любакова, якая расказвала пра ўплыў мэдыя на асьвятленьне лёсаў палітзьняволеных-замежнікаў. Яна прысьвяціла шмат увагі мэдыйным маніпуляцыям з боку беларускіх уладаў.
Адным з прыкладаў такіх маніпуляцый стала вызваленьне амэрыканкі Анастасіі Нюфэр. Любакова адзначае, што рэжым Лукашэнкі скарыстаўся гэтым выпадкам, каб ссунуць фокус увагі міжнародных мэдыя з выбараў на нібыта «жэст добрай волі». Цікавае супадзеньне, паводле Ганны, — што дзяржаўны сакратар Марк Рубіё зрабіў заяву пра вызваленьне акурат у дзень выбараў у Беларусі: гэта выглядала як сплянаваны крок. У выніку замежныя мэдыя пісалі ня толькі пра фальсыфікацыі на беларускіх выбарах, але і пра тое, што Лукашэнка памілаваў грамадзянку ЗША. Гэта адцягнула ўвагу ад выбараў, што, верагодна, і было мэтай.
«З боку рэжыму мы бачым адцягваньне ўвагі, у пэўным сэнсе яны скарысталіся магчымасьцю, і ў іх атрымалася. Замежныя мэдыя пісалі пра тое, што Лукашэнка памілаваў грамадзянку ЗША, хтосьці нават назваў яго прэзыдэнтам. Апроч таго, каб факусавацца на так званых выбарах, парадак дня зьмяніўся».
Любакова падкрэсьлівае, што вызваленьне палітвязьняў не азначае іх поўнай свабоды і што на гэта таксама варта зьвяртаць увагу пры асьвятленьні хваляў памілаваньняў. Тыя, хто выходзяць на волю, часта ня могуць вярнуцца да нармальнага жыцьця: іх працягваюць кантраляваць сілавікі, многія ня могуць знайсьці працу ці пакінуць краіну. Некаторых нават спрабуюць завэрбаваць у супрацоўніцтва з КДБ. Да таго ж, каб атрымаць памілаваньне, вязьні павінны прызнаць віну і напісаць ліст на імя Лукашэнкі. З 2020 году зь месцаў зьняволеньня выйшлі 1385 чалавек, але шмат каго зь іх зноў арыштавалі.
Форум