Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Асанжа выставілі абвінавачаньне ў дапамозе ўзламаць пароль Мінабароны ЗША


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Паводле гэтага абвінавачаньня Асанжу пагражае да 5 гадоў турмы.

Міністэрства юстыцыі ЗША агучыла абвінавачаньне супраць заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа. Як паведамляе Нацыянальнае грамадзкае радыё ЗША, абвінавачаньне было складзенае і запячатанае яшчэ 6 сакавіка 2018 году. Канвэрт з дакумэнтам ускрылі сёньня пасьля затрыманьня Асанжа ў Лёндане.

Абвінавачаньне тычыцца падзеяў у сакавіку 2010 году, калі «Асанж уступіў у змову з Чэлсі Мэнінг, былым аналітыкам вайсковай выведкі ЗША, каб паспрыяць Мэнінг у ўзломе паролю, захаванага на кампутарах Міністэрства абароны ЗША, зьвязаных з... урадавай сеткай ЗША, якая выкарыстоўвалася для сакрэтных дакумэнтаў і камунікацый».

Раней сёньня ўлады Эквадору пазбавілі заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа прытулку ў амбасадзе ў Лёндане і дазволілі паліцыі зайсьці ў будынак амбасады, дзе яго і затрымалі.

Падставай для затрыманьня, паведаміла паліцыя Лёндану, стала парушэньне Асанжам рэжыму вызваленьня пад заклад у 2012 годзе. Цяпер брытанскі суд мае разглядаць пытаньне аб ягонай экстрадыцыі ў ЗША.

У амбасадзе Эквадору Асанж правёў 7 гадоў.

Грамадзянін Аўстраліі Джуліян Асанж заснаваў WikiLeaks ў 2006 годзе. Празь некалькі гадоў на партале былі апублікаваныя тысячы сакрэтных дакумэнтаў ЗША пра хаду вайны ў Аўганістане і Іраку, у тым ліку аб інцыдэнтах, зьвязаных з расстрэлам мірных жыхароў. У ЗША за несанкцыянаваную публікацыю дакумэнтаў Дзярждэпартамэнту аўстралійцу патэнцыйна можа пагражаць сьмяротнае пакараньне, прадугледжанае законам аб шпіянажы.

Хоць сам Асанж і яго адвакаты лічылі гэтыя абвінавачваньні палітычнымі, некалькі краінаў (апошняй была Францыя) пасьлядоўна адмаўляліся даць яму палітычнае прыстанішча.

Выдачы Асанжа акрамя ЗША таксама дамагалася Швэцыя, адкуль, як асьцерагаецца сам Асанж, ён таксама мог быць экстрадаваны ў ЗША.

Летам 2010 года ў Швэцыі пачалося сьледзтва ў дачыненьні Асанжа. Абвінавачваньне было па крымінальным артыкуле (за сэксуальны гвалт), таму пасьля пачатку сьледзтва на запыт швэдзкіх праваахоўных органаў на аўстралійца быў выпісаны ордэр, які патрабуе яго арышту ў любой краіне Эўропы, а яго самога затрымалі ў Лёндане.

Пасьля затрыманьня Асанж быў вызвалены пад заклад, пасьля чаго здолеў схавацца на тэрыторыі амбасады Эквадора ў Лёндане, дзе і знаходзіцца з лістападу 2012 году. Эквадор даў Асанжу палітычнае прыстанішча, але пакінуць тэрыторыю амбасады за апошнія гады яму так і не ўдалося.

У 2017 годзе швэдзкае крымінальнае расьсьледаваньне было спынена, але брытанскі ордэр на арышт за парушэньне ўмоваў яго вызваленьня заставаўся ў сіле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG