Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапанавалі ўзначаліць калгас». Як зьмянілася жыцьцё Гуляшовых пасьля адмовы ад грамадзянства і ліста Лукашэнку


Ларыса і Андрэй Гуляшовы
Ларыса і Андрэй Гуляшовы

Бацька «дармаед», сын «ухіляецца» ад камісіі ваенкамату, дачка жыве ў сацыяльна небясьпечных абставінах, у камунальнікаў прэтэнзіі. Такой выглядае сямʼя Гуляшовых пасьля публічнай заявы пра адмову ад грамадзянства і ліста Аляксандру Лукашэнку.

Андрэй і Ларыса Гуляшовы з трыма сваімі дзецьмі жывуць у вёсцы Кароўчына, якая за 50 кілямэтраў ад Магілёва. На зямлі гаспадараць, стараючыся не выкарыстоўваць даброты цывілізацыі. У краме купляюць самае неабходнае. Не спажываюць электраэнэргіі. У пэрспэктыве хочуць дасягнуць «абсалютнага самаабслугоўваньня».

Свабода даведалася, ці зьмянілася жыцьцё сямʼі пасьля ліста Лукашэнку.

Чаму ня хочуць быць грамадзянамі Беларусі?

Тры гады таму Гуляшовы набылі аўтамабіль за 30 тысяч даляраў, імі зацікавіліся падатковікі. Гуляшова-старэйшага абавязалі падаць дэклярацыю аб даходах і маёмасьці за тры гады і за нясплату падаткаў абмежавалі ў праве выяжджаць за мяжу і наведваць гульнявыя ўстановы.

Зварот Гуляшовых да Аляксандра Лукашэнкі
Зварот Гуляшовых да Аляксандра Лукашэнкі

Вяскоўцы настойваюць, што патрабаваньні падатковікаў супярэчаць заканадаўству, паводле якога ўладальнікі асабістых прысядзібных гаспадарак ня мусяць плаціць падаткаў. Яны прадалі машыну, пазбыліся значнай часткі гаспадаркі і вырашылі адасобіцца ад дзяржавы. Сваю пазыцыю тлумачаць так:

  • Прынятыя дзяржаваю законы перашкаджаюць разьвіцьцю гаспадараньня на зямлі, клопату пра навакольнае асяродзьдзе, прыводзяць да канфліктаў.
  • Лад жыцьця ў дзяржаве супярэчыць іхным рэлігійным поглядам.
  • Хочуць жыць і працаваць, паклаўшы «ў аснову закон Бога».
  • Сваю рэлігійнасьць ня зьвязваюць ні з адной рэлігійнай канфэсіяй.

Сьцісла аб праблемах Гуляшовых пасьля ліста Лукашэнку

Пра намер здаць беларускія пашпарты Гуляшовы спачатку паінфармавалі КДБ, а месяц таму напісалі Лукашэнку (як гаранту выкананьня Канстытуцыі і старшыні Палаты прадстаўнікоў). У звароце прасілі даць ім магчымасьць жыць паводле ўласных перакананьняў.

Зь якімі праблемамі яны сутыкнуліся пасьля зваротаў:

  • Школа, у якой вучылася 15-гадовая дачка Гуляшовых Варвара, зьвярнулася ў Дрыбінскі райвыканкам, каб той прызнаў яе становішча ў сямʼі сацыяльна небясьпечным, бо бацькі перашкаджаюць ёй наведваць заняткі.
  • Гуляшоў-старэйшы трапіў у сьпісы «дармаедаў».
  • 23-гадовага сына Рамана ваенкамат вінаваціць, што ён адмаўляецца браць позву на мэдычную камісію. Раней хлопец напісаў заяву, што ягоныя перакананьні не дазваляюць праходзіць вайсковую службу.
  • Раённы жылкамгас выпісаў штраф.

Што напісалі з прэзыдэнцкай адміністрацыі Гуляшовым?

З адміністрацыі прэзыдэнта Гуляшовым адпісалі, што іхны зварот накіраваны для разгляду ў Магілёўскі аблвыканкам — і яны будуць «аб выніках апавешчаны ў вызначаным заканадаўствам парадку». Адказу з аблвыканкаму вяскоўцы яшчэ не атрымалі. Затое ім прыйшоў ліст з абласнога Ўпраўленьня прымусовага выкананьня. У ім гаворыцца, што ён дасланы як рэакцыя на іхны зварот да Лукашэнкі.

Дом сям’і Гуляшовых
Дом сям’і Гуляшовых

У лісьце кіраўніку дзяржавы вяскоўцы, між іншым, скардзіліся на неправамерныя дзеяньні судовай выканаўцы, якая прыяжджала ў Кароўчына, каб арыштаваць маёмасьць Андрэя Гуляшова на суму штрафу за нясплату падаткаў — 150 рублёў .

Гуляшовы лічаць, што ім адпішуць усе дзяржаўныя ўстановы, згаданыя ў лісьце Лукашэнку.

Старшыня райвыканкаму: «Падатковікі больш прэтэнзіяў ня маюць»

Па словах Андрэя і Ларысы Гуляшовых, старшыня Дрыбінскага райвыканкаму Дзьмітры Гатоўчык на сустрэчы зь імі заявіў, што падатковая інспэкцыя прэтэнзіяў да іх больш ня мае. Дакумэнтальнага пацьверджаньня словам чыноўніка вяскоўцам не дасылалі.

Адказ Гуляшовым з адміністрацыі Лукашэнкі
Адказ Гуляшовым з адміністрацыі Лукашэнкі

На думку Гуляшовых, запэўненьні Гатоўчыка — знак таго, што ў стасунках грамадзяніна і дзяржавы не працуе закон. Яны лічаць, што такія спрэчкі павінны вырашацца ў судзе, а не ў службовых кабінэтах.

«Цяпер у дзяржаве ўсё вырашае пэўны чалавек і ўсё падганяецца пад яго. І калі ён загадаў, то ніхто ня будзе зьвяртаць увагі на закон», — кажуць яны.

«Прапанова дармаеду пабыць старшынём калгасу»

Са словаў Андрэя, пра сваё знаходжаньне ў базе «незанятых у эканоміцы» ён даведаўся ад старшыні сельсавету.

Андрэй Гуляшоў цьвердзіць, што Гатоўчык сярод іншага прапанаваў яму ўзначаліць адзін зь мясцовых калгасаў, бо ёсьць вакансія. Паводле вяскоўца, чыноўніку спадабаліся яго развагі пра арганізацыю працы сельгаспрадпрыемстваў.

У 45-гадовага Андрэя Гуляшова няма сельскагаспадарчай адукацыі. Доўгі час ён рабіў кіроўцам. Зь дзяцінства цікавіўся хутарскім ладам жыцьця.

У Першамайскім сельскім выканаўчым камітэце пагаварыць на тэму «дармаедзтва» Андрэя Гуляшова не пажадалі. Адзін з супрацоўнікаў адзначыў, што «Гуляшоў ня значыцца сярод працуючых».

Адкуль пачаўся канфлікт са школай і што цяпер

Рада прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў сярод непаўналетніх Кароўчынскай школы лічыць пражываньне Варвары Гуляшовай сацыяльна небясьпечным. Пра гэта яе бацькі прачыталі ў прысланым ім вынятку з пратаколу пасяджэньня рады.

Пазьней дазналіся, што яны «перашкаджаюць дачцэ атрымліваць у любой форме абавязковую агульную базавую адукацыю», а гэта ўспрымаецца школай як «сацыяльна небясьпечнае становішча для непаўналетняй».

15-гадовая Варвара ня ходзіць у школу ад пачатку навучальнага году. Са словаў бацькоў, гэта было рашэньне дачкі. Яны напісалі кіраўніцтву заяву, якою прасілі выключыць яе са школы. Заяву зарэгістравалі, але ходу ёй не далі, і Гуляшова застаецца вучаніцай Кароўчынскай школы.

Сама Варвара кажа, што наважылася на такі крок пасьля паўгадавога «цкаваньня» на агульнашкольных лінейках за адсутнасьць у школе па суботах. Варвару паставілі на прафіляктычны ўлік.

«Ім патрэбная заява ад нас на здачу дачкой экзамэнаў, бо ад школы патрабуюць, каб 100 працэнтаў вучняў атрымалі атэстаты. Адміністрацыя ня ведае, як пазначыць, што Варвара не прайшла курс навучаньня. Таму і вырашыла падстрахавацца „сацыяльна небясьпечным становішчам“», — мяркуе Ларыса Гуляшова.

Зь яе словаў, высьвятляць абставіны, у якіх жыве Варвара, прыяжджалі чыноўнікі ад адукацыі з раёну і вобласьці. Прэтэнзіяў наконт умоваў жыцьця ня выказалі.

Ларыса перакананая, што Варвара здасьць экзамэны пасьля гадавога перапынку ў наведваньні школы, бо восем клясаў яна скончыла «дужа добра». Пісаць жа заяву на здачу іспытаў яна ня будзе.

«Калі мы гэта зробім, то пагодзімся зь цяперашнім станам сыстэмы адукацыі, але мы супраць яе», — тлумачыць Ларыса.

Заява Гуляшовых пра тое, што дачка ня хоча хадзіць у школу
Заява Гуляшовых пра тое, што дачка ня хоча хадзіць у школу

Жанчына кажа, што яны не задаволеныя тым, як вучаць дзяцей у школе. Маўляў, цяперашняя сыстэма адукацыі не дае вучню навыкаў, як выбіраць патрэбнае з масы інфармацыі. Школа ўспрымаецца як месца, дзе вучаць дзяцей падпарадкоўвацца сыстэме.

Сама Ларыса Гуляшова мае вышэйшую адукацыю. У 1995 годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова з чырвоным дыплёмам. Працавала ў вясковым дзіцячым садку мэтадыстам і выхавальніцай. Кажа, што «вымушана звольнілася», бо не хацела «выконваць не свае службовыя абавязкі». Па звальненьні нанялася даглядаць пастарэлых аднавяскоўцаў. Цяпер занятая хатняй гаспадаркай.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў — Гуляшовым: «Не перакладайце віну на пэдагагічны калектыў»

Даведацца пазыцыю школы ў «канфлікце» з Гуляшовымі не ўдалося. Дырэктар у адказ на спробу журналіста пагутарыць адказала, што «нічым дапамагчы ня можа».

Ігар Марзалюк, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, да якога зьвярталіся Гуляшовы, адпісаў ім, «што заканадаўства аб адукацыі вызначае абавязковасьць атрыманьня агульнай базавай адукацыі».

На ягоную думку, «бацькі дапусьцілі разрастаньне канфлікту. Дэпутат раіць бацькам Варвары «знайсьці неабходныя аргумэнты, каб пераканаць дачку працягнуць адукацыю».

Сын Гуляшовых: «Адмаўляюся ад вайсковай службы праз свае рэлігійныя перакананьні»

23-гадовы сын Гуляшовых Раман меў трохгадовае адтэрмінаваньне службы па стане здароўя. Па сканчэньні трох гадоў падаў у ваенкамат заяву аб тым, што ня можа служыць у войску «праз свае рэлігійныя перакананьні». Паводле яго заяву прынялі са сьведкамі, але адказу не даслалі. Магчымасьць альтэрнатыўнай службы яму не прапаноўвалі. Замест гэта выставілі абвінавачваньне, што ён адмаўляецца атрымліваць позву на камісію.

Супрацоўнік ваенкамату разам з участковым прыяжджалі да яго і склалі акт пра адмову ад позвы. Што напісалі ў акце, Раману не паказалі. Разам з бацькам яны хацелі былі здаць вайсковыя білеты, але іх не прынялі.

«Негалосны падатак камунальнікаў»

Год таму ў раённы камунгас Гуляшовы завезьлі заяву аб адмове аплочваць паслугі за вываз сьмецьця. Біялягічныя адыходы яны выкарыстоўваюць як угнаеньні. Тыя ж, якія ня могуць перапрацаваць, здаюць у вясковую краму.

«Мы падтрымліваем паасобнае зьбіраньне сьмецьця. Гэта прыносіць карысьць навакольнаму асяродзьдзю, а нам капейчыну. У нас не застаецца таго, што выкідаюць у расстаўленыя на вуліцы кантэйнэры», — тлумачыць адмову ад паслугаў камунгасу галава сямʼі.

У канцы лютага жылкамгас пісьмова папярэдзіў Гуляшовых, што ў іх 152 рублі 15 капеек запазычанасьці «за жыльлёва-камунальныя паслугі».

«Як высьвятляецца, за вываз сьмецьця ты ня маеш права не плаціць, нават калі не карыстаесься кантэйнэрам. Гэта, як нам сказалі, негалосны падатак для селяніна», — кажа Ларыса Гуляшова.

Расьпіска крамніцы Гуляшовым пра тое, што яны здаюць адыходы
Расьпіска крамніцы Гуляшовым пра тое, што яны здаюць адыходы

Аплочваць рахунак Гуляшовы не зьбіраюцца. Прэтэнзіі камунальнікаў разглядаюць як частку сыстэмы ціску на сямʼю.

У жылкамгасе патлумачылі, што дом Гуляшовых не адасоблены ад іншых вясковых сядзібаў і ніхто ня спраўджваў, ці карыстаюцца яны кантэйнэрам для сьмецьця. Дамова на такую паслугу ў іх была.

«Калі б яны жылі на хутары, то маглі б адмовіцца, а так кантэйнэр у іх амаль перад домам. Вываз сьмецьця — адна з асноўных жыльлёва-камунальных паслугаў», — адзначылі ў жылкамгасе.

Што цяпер?

Гуляшовы арандавалі ў дзяржавы тры гектары зямлі і мелі яшчэ адзін, вылучаны ім як асабістай прысядзібнай гаспадарцы. Да канфліктаў зь дзяржаўнымі ўстановамі мелі неблагі прыбытак зь зямлі. Паводле Андрэя, штогод яны набывалі ў дзяржавы тавараў і паслуг на 30 тысяч даляраў. Паколькі ў сямʼі не было вялікіх спажывецкіх запытаў, то даходаў хапала на бязьбеднае існаваньне. Цяпер жывуць з таго, што ўдалося заашчадзіць.

Ларыса кажа, што днямі яны занесьлі ў сельсавет заяву пра адмову ад чатырох гектараў і больш плаціць падаткі за іх ня будуць.

«У мяне маці інвалід, у яе два гектары зямлі. Пакуль будзем яе ўрабляць», — тлумачыць Ларыса.

Як будзе разьвівацца сытуацыя далей, Андрэй і Ларыса ня ведаюць і прызнаюцца, што «самотныя ў сваёй праблеме і што на яе прыкладзе людзі могуць убачыць, наколькі дзяржава апанавала чалавека».

«Ня ведаюць, што з намі рабіць. Але відавочна для нас, што дзяржава разглядае чалавека як таго, хто прыносіць карысьць ёй. Пра яго патрэбы пачынаюць казаць падчас выбараў», — заяўляе суразмоўца.

Паводле Гуляшовых, у вёсцы цяпер мала хто кажа пра іх як пра «дзікуноў і дзікаватых».

«Да нас даходзяць чуткі, што аднавяскоўцы падтрымліваюць нашу пазыцыю, але на падобныя дзеяньні не наважваюцца, бо баяцца перасьледу», — падсумоўвае Андрэй Гуляшоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG