Былы палітычны актывіст Алег Мяцеліца пасьля Плошчы-2010 правёў больш за тры гады за межамі Беларусі. А пасьля вярнуўся на радзіму, каб уратаваць памяць пра вёску сваіх продкаў.
Алег Мяцеліца жыве ў райцэнтры Бялынічы на Магілёўшчыне. Там пабудаваў аграсядзібу «Старкі», названую ў гонар амаль вымерлай вёскі, адкуль паходзіць ягоны род.
Ён зьбірае рэчы сялянскага побыту з кінутых хат, складае слоўнік тамтэйшых гаворак ды шукае зьвесткі пра родзічаў. Алег растлумачыў Свабодзе, навошта ратаваць тое, што памірае, што агульнага ў беларусаў з індзейцамі, а таксама чаму ён займаецца папулярызацыяй нацыянальнай культуры.
Сьцісла пра Алега Мяцеліцу
- 46 гадоў. Мае двое дзяцей. Жыве ў Бялынічах.
- Актыўны ўдзельнік палітычных кампаніяў ад 2001 году. Адседзеў больш за тры месяцы адміністрацыйнага арышту.
- На выбарах-2010 быў чальцом выбарчага штабу Ўладзімера Някляева.
- 3,5 года пасьля Плошчы-2010 прабыў у эміграцыі. Стварыў у Вільні «Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве».
- Прадаў свой бізнэс (меў краму) і на гэтыя грошы заняўся разьвіцьцём агратурызму.
- 20 гадоў разам зь сям’ёю арганізоўвае традыцыйныя беларускія сьвяты.
Удалечыні ад цывілізацыі
Старкі — за дваццаць кілямэтраў ад Алегавага маёнтку на мяжы Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў. Ягонае дзяцінства зьвязанае з гэтай вёскай. Там ён пачаў зьбіраць зьвесткі пра свой радавод. Цяпер знае родзічаў да пятага калена. Як высьветліў Алег, большасьць зь іх жылі ў радыюсе 20 кілямэтраў вакол Старкоў. Руплівец кажа, што тыя мясьціны апынуліся ўдалечыні ад цывілізацыі і вярнуць жыцьцё ім ужо ня ўдасца, але памяць пра іх захаваць — у яго сілах.
«Самае цяжкое, калі прыяжджаеш на Радаўніцу ў Старкі і бачыш апусьцелую вёску. Бабіну хату без прыгляду ня раз рабавалі. Урэшце нехта яе спаліў», — кажа Алег.
Сам ён жыве ў Бялынічах, якія толькі два гады таму сталі горадам. Сябе гарадзкім ня лічыць, бо ў горадзе пражыў няпоўныя шэсьць гадоў — з 46.
«Я вясковы чалавек. З жахам узгадваю два гады жыцьця ў Менску, дзе быў пазбаўлены вясковай вольніцы...» — кажа Мяцеліца.
Эстонскія хутары — прыклад і натхненьне для беларуса
З узьвядзеньнем маёнтку збылася даўняя Алегава мара. Амаль тры дзясяткі гадоў таму, калі жыхарства Старкоў пачало актыўна разьяжджацца, ён задумаў паставіць сабе хату па ўсіх правілах вясковага дойлідзтва. Тады ж пачаў зьбіраць рэчы сялянскага побыту.
«Нават засеялі былі поле пшаніцаю, каб саломай зь яе накрыць дах, але тады ажыцьцявіць задуму ня выйшла. А вось зь сялянскіх рэчаў шмат чаго назьбіраў. Адных ручнікоў пад тры дзясяткі», — кажа ён.
У 2013 годзе, вярнуўшыся з эміграцыі, зноў узяўся за справу. Гэтым разам яго натхнілі пабачаныя ў Эстоніі хутары. Там ён наведаў летнік, арганізаваны для сваіх дзяцей тамтэйшымі беларусамі. Яго ўразілі дахі мясцовых хат, крытых чаротам. У іх ён адчуў водар беларускіх вёсак.
Чаротам крытыя і ўсе пабудовы ягонага маёнтку. Матэрыял для стрэх Алег рыхтаваў два гады. Яго гаспадарка на пятнаццаці сотках. Пляцоўка застаўленая рэчамі, звыклымі для сялянскага жыцьця і экзатычнымі для гарадзкога. Маёнтак зарэгістраваны як аграсядзіба. У ёй пабачылі вясковае жыцьцё беларусаў больш за сотню гасьцей зь дзясятка краін. Дзівіліся на яго і кітайцы.
Бацька Алега Мяцеліцы — апошні са старкоўцаў
У сярэдзіне — вялікі драўляны дом. Зруб для хаты нагледзеў Алегу ягоны 81-гадовы бацька Міхаіл Мікалаевіч — адзін з апошніх старажылаў-старкоўцаў. Ён запэўнівае, што ў сынавай гаспадарцы атмасфэра роднай яму вёскі.
Ён пацьвярджае, што ў Старках больш ніхто не жыве. А раней тут было 40 двароў. Рачулка Чыгірынка дзяліла вёску папалам. Стары перакананы, што прысьпешыла сьмерць вёскі палітыка ўзбуйненьня калгасаў. Маладзейшыя вяскоўцы шукалі лепшага жыцьця ў аграгарадках. А старэйшае пакаленьне дажывала тым часам свой век у самоце.
Міхаіл Мікалаевіч кіраваў узьвядзеньнем сынавага маёнтку. Для будоўлі нанялі адмыслоўцаў. Іх працай стары задаволены. Разам з тым адзначае: будаўнікі не разумелі даўняй тэрміналёгіі вясковага дойлідзтва.
«Што такое застрэшша, прывязка, кулі, грабёнка — не маглі ўцяміць. Не разумелі, што такое рына (вугал, які глядзіць уніз) ды нарожнік (вугал, які глядзіць уверх). Наш спрадвечны спосаб выкладаньня вянцоў спэцыялісты чамусьці называлі нямецкім. Старкоўцы ж пра яго казалі, што ён просты, ці „ў лапу“», — дзівіцца зь «невуцтва» будаўнікоў Міхаіл Мікалаевіч.
Бацькавы словы папоўнілі падчас будаўніцтва хаты сынаў слоўнік. Яго Алег пачаў складаць пры жывых бабці і дзеду на пачатку 1990-х. Унук даймаў іх пытаньнямі, што як завецца. Цяпер у слоўніку блізу 1000 слоў.
Бялыніцкае Купальле
Маёнтак Мяцеліцы — асяродак правядзеньня традыцыйных беларускіх сьвятаў. Ладзіць іх — адно з захапленьняў Алега. Ён настойвае: аграсядзіба і арганізацыя сьвятаў — ня бізнэс-праект. Пасьля продажу сваёй крамы ў Бялынічах ён робіць страхавым агентам у адной з буйных кампаніяў. Жонка — загадчыца раённай юрыдычнай кансультацыі Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў у Бялынічах.
«Мы і раней ладзілі Купальле, Грамніцы, Багач, але яны былі для вузкага кола ўдзельнікаў. Цяпер жа зьявілася магчымасьць далучыць да беларускай культуры большую колькасьць ахвотнікаў. Калі выйдзе мець яшчэ і фінансавую падтрымку, дык гэта будзе ўвогуле ідэальна», — кажа ён.
У 1999 годзе Алег прачытаў кнігу этнографа Янкі Крука «Сьледам за сонцам. Беларускі каляндар». Па ёй, праз год, з жонкаю арганізаваў першае бялыніцкае Купальле. На яго запрасіў сваіх знаёмцаў. Неўпрыкмет ушанаваньне Купалы на беразе Друці стала традыцыяй. Пазьней да яго дадаліся Грамніцы, Каляды, Зажынкі.
«Усё гэта мы рабілі найперш для дзяцей. Для іх стараемся праводзіць такія імпрэзы максымальна рэалістычна, каб яны паверылі, што прысутнічаюць на дужа важнай для сябе падзеі», — кажа суразмоўца, паказваючы гаспадарку.
Па яго словах, бялыніцкае Купальле стала папулярным.
«На нашых сьвяткаваньнях няма гледачоў. Мы не паказваем спэктакль і ня ладзім для некага карагоды. Кожны мае ў гэтым удзельнічаць. Сэнс у тым, каб людзі праз свой удзел паглыбіліся ў традыцыю і адчулі атмасфэру беларускага сьвята», — кажа ён.
«Стаўленьне мясцовай улады да беларушчыны — насьцярожанае»
Алег кажа, што за ўсе гады сьвяткаваньня Купальля мясцовыя ўлады не чынілі перашкодаў, але сачылі за тым што «робяць апазыцыянэры» ў лесе пад Бялынічамі. Ад 2017 году ён спрабаваў рабіць такія імпрэзы супольна зь дзяржаўнымі структурамі. Водгуку на такія ініцыятывы не было аж да 2019-га.
«Пасьля таго як чыноўнікі, відаць, дачуліся, што ў аграсядзібе пабылі кітайцы, а кітайская тэма цяпер для іх дужа актуальная, дык зьвярнуліся да мяне з просьбай дазволіць ім уключыць нашы сьвяткаваньні ў каляндар мерапрыемстваў раёну», — кажа суразмоўца.
Мяцеліца кажа, што раённая ўлада да беларушчыны ставіцца не варожа, але насьцярожана. Зрэшты, сама яна ня мае ні здольнасьцяў, ні ўменьняў, каб арганізоўваць падобнае.
Праз культуру індзейцаў уявіць дахрысьціянскае жыцьцё беларусаў
Са школьных гадоў Алег захапляецца і культурай індзейцаў. Гэтае хобі прыйшло да яго задоўга да ўсьведамленьня беларускасьці. Спрыялі гэтаму кнігі Фэнімора Купэра. Суразмоўца згадаў, як першае спатканьне са сваёй будучай жонкай ён прысьвяціў аповеду пра індзейцаў.
Цяпер у гардэробе сям’і Мяцеліцаў разам зь беларускімі строямі — індзейскія. У хованцы — вігвам і іншыя побытавыя рэчы тубыльцаў амэрыканскага кантынэнту. Паводле суразмоўцы, індзейцы застаюцца жыць у сваім цывілізацыйным часе, і празь яго ён можа ўявіць, як беларусы жылі тысячы гадоў таму і як успрымалі сьвет у дахрысьціянскія часы.
На ягоную думку, найбольш падабенства зь беларусамі маюць індзейцы амэрыканскіх прэрыяў. Іх стаўленьне да зьявішчаў прыроды нагадвае беларускае, кажа ён. Многія чужаземцы ўспрымаюць беларусаў як індзейцаў, бо «і тыя, і другія ім невядомыя».
«Да беларусаў доўгі час было стаўленьне як да народу, якога не магло быць, таму мы трымаліся свайго ізаляванага жыцьця ды вясковага побыту. Нашай культуры і мовы ніхто не заўважаў. Гэта ж тычыцца і індзейцаў. Цяпер іх культуру папулярызуе цывілізацыя, якая хацела іх зьнішчыць», — тлумачыць Алег сваё разуменьне падабенства індзейцаў і беларусаў.
Ад палітыкі да папулярызацыі нацыянальнай культуры
Алег Мяцеліца — прыхільнік мірных пераменаў. На ягоную думку, падзеі ва Ўкраіне запусьцілі мэханізм такіх пераўтварэньняў і ў Беларусі. Ён лічыць, што гэты працэс распачаўся не з пустога месца. Падмурак закладалі апазыцыйныя палітычныя і грамадзкія арганізацыі. Ягоны ж унёсак у гэтую справу будзе больш плённы, калі ён у сваім маёнтку «дапаможа шараговаму беларусу спасьцігнуць глыбіню сваёй нацыянальнай культуры, знаёмячы з побытам продкаў».