Гамяльчанка Паліна Кузьняцова займаецца ў жыцьці тым, што ёй падабаецца. Мастачка паводле адукацыі, яна самастойна навучылася ткаць, уласнаручна змайстравала кросны, а яе вырабы цяпер знаходзяць пакупнікоў па ўсім сьвеце. «Я сябе цалкам забясьпечваю фінансава», — кажа гераіня нашага праекту «Безь дзяржавы».
Двума словамі
Паліна Кузняцова, 29 гадоў. Жыве ў Гомлі. Мастачка, музыка, ткальля, майстар па дрэве. Самавучка і вынаходніца. Двое дзяцей. Аліса — 6 гадоў. Герман — 4.
У размове часта ўжывае словы
- Эстэтычна
- Свабода
- Прыгожа
- Кайф
- Натхненьне
- Чаўнакі
- Кросны
У руках часьцей за ўсё трымае
- Ніткі
- Дрыль
- Фрэзэр
- Зашрубку
- Інструмэнты для апрацоўкі драўніны
У галаве
- Безьліч ідэй і «простых геніяльных рашэньняў», як палепшыць працэс стварэньня прыгожых рэчаў
- «Калі чалавек не весяліцца, не сузірае сьвет, не атрымлівае задавальненьня — то ён нічога не прыдумае і будзе працаваць, як робат, што ня мае сэнсу».
Сьпявала ў «Пчале Майі», цяпер працуе як пчала
Гомельская моладзь «нулявых» памятае Паліну як лідэра гурту «Пчала Майя».
Яна пісала песьні, грала на гітары. «Умею на саксафоне граць, на піяніна. Ніколі не хадзіла ў музычную школу. Я прыроджаная самавучка. Калі мяне нехта вучыць — гэта мяне вельмі моцна дэматывуе», — кажа Паліна.
Нарадзіла Алісу і ідэю займацца ручным ткацтвам
Адукацыю Паліна атрымлівала ў мастацкім каледжы па спэцыяльнасьці «жывапіс». Пасьля адпрацоўкі ў Жыткавічах, дзе вучыла дзяцей маляваць, выйшла замуж і вярнулася ў Гомель. Працавала ў шкляной майстэрні «за тры капейкі» — каб навучыцца рабіць вітражы ў тэхніцы «тыфані».
Паліна спрабавала сябе ў розных рамесьніцкіх кірунках.
«Мне хацелася ўвесь час рабіць нешта рознае. Такая, напэўна, у мяне структура асобы. Калі Алісе было 6 месяцаў, захапілася ручным ткацтвам. Мне было вельмі цікава, як гэта ўсё робіцца. Ткацкі станок каштаваў нятанна, таму вырашыла зрабіць яго сама», — кажа Паліна.
Інфармацыю здабывала ў інтэрнэце. Усё, што трэба для кроснаў, шукала па будаўнічых крамах і рынках.
У выніку Паліна сама зрабіла настольныя дванаццацірамізныя кросны — ня маючы адмысловага інструмэнту, апроч дрыля і лобзіку.
«Станок зроблены непрафэсійна з гледзішча апрацоўкі дрэва, але да гэтага часу выдатна тчэ», — дэманструе Паліна.
Часам яна ткала з Алісай, якая ў сьлінгу сядзела ў яе за сьпінай.
«Калі ў цябе малыя дзеці і няма ніякіх інтарэсаў „для сябе“ — гэта цяжка. Калі ж нечым захапляесься — тым, што прыносіць радасьць, — весялей робіцца», — кажа Паліна.
Дзевяць гадзін, каб заправіць у станок 1300 нітак
Самае складанае ў працэсе ткацтва — заправіць станок. Трэба мець шмат досьведу і «кучу памылак за плячыма», каб заправіць у рамізы «дзікую колькасьць нітак» з аднолькавай напятасьцю, ідэальна, згодна з тваім узорам.
Паліна паказвала хусту «зь лісьцікамі», для якой запраўляла ў кросны каля 1300 нітак — на гэта пайшло дзевяць гадзін.
Ткаць — гэта «падобна да танца», але тэмп — восем сантымэтраў у гадзіну.
«Рэдка бяруся за такія рэчы, як гэтая хуста. Часьцей — за палавікі, падушкі, шалікі. Але такі праект быў мне цікавы эстэтычна, для душы. Сумняваюся, што я прадам хусту — кошт будзе нерэальны. Лепш падару добраму чалавеку», — сьмяецца Паліна.
У пошуку «простых геніяльных рашэньняў» прыдумала ўнікальныя чаўнакі
Ткацтва мае шырокую прастору для разьвіцьця — «не ў мэханізацыі працэсу, а менавіта ў пошуку простых геніяльных рашэньняў», якія не патрабуюць складанага абсталяваньня. Паліна ў гэтай «прасторы для прыдумляньня» знайшла некалькі спосабаў удасканаліць працэс ткацтва. Яна пачала рабіць драўляныя чаўнакі.
«Падвойныя — для дзьвюх катушак, а таксама раблю для чатырох і шасьці», — тлумачыць рамесьніца.
Такія чаўнакі ўнікальныя тым, што зьбіраюць ніткі ў адну проста ў працэсе тканьня. Гэта дае ткачам магчымасьць выкарыстоўваць ніткі любой таўшчыні.
«З такім чаўнаком ты можаш наматаць 5–6 бабін і ткаць адразу, без складанага абсталяваньня», — кажа Паліна.
Неяк Паліна дасылала замову — шалік — свайму добраму сябру. У яе нарадзілася памкненьне зрабіць блізкаму чалавеку нешта прыемнае. Так зьявілася Палініна вынаходка — «міні-шатлы» (міні-чаўнакі»). Цяпер гэта яе візытоўка.
Міні-чаўнакі яна робіць з экзатычнай, афрыканскай драўніны, па якую езьдзіць у Пецярбург.
«Выкарыстоўваю дрыль са шліфавальнымі насадкамі, потым доўга-доўга „даганяю“ ўручную — каб дасягнуць ідэальнай формы», — кажа Паліна.
«Міні-шатлы» рамесьніца паказала ў міжнароднай Facebook-супольнасьці ткачоў — і гэта, як яна кажа, выклікала ажыятаж і захапленьне.
«Іх разьбіралі імгненна. У мяне быў вялікі сьпіс кліентаў», — кажа рамесьніца.
Міні-чаўнакі Паліна робіць «максымальна дасканалай, ідэальнай формы» — і гэтым прываблівае пакупнікоў.
Апроч міні-чаўнакоў, майстрыня робіць з экзатычнай драўніны «каменьчыкі» — блішчастыя, рознакаляровыя. «Паліраванае дрэва заўсёды застаецца такім, як ёсьць, у сваім колеры і бляску», — кажа Паліна.
«Адчуваю сябе вельмі свабодна»
Паліне патрэбная была творчая праца, са свабодным графікам, каб было шмат часу для двух дзяцей. З былым мужам у яе сумесная апека: тыдзень дзеці з маці, тыдзень — з бацькам.
Паліна кажа, што цяжкасьці «свабоднага плаваньня» — у тым, што калі хочаш у адпачынак — спачатку трэба на яго зарабіць, а па вяртаньні — працаваць больш. Калі захварэеш і не працуеш — таксама «ідзеш у нуль». «Бальнічны» ці адпачынак рамесьнікам ніхто не аплачвае.
Рамесьніца можа адкрыць інтэрнэт-краму для продажу сваіх вырабаў. Але дзеля гэтага трэба рэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік, што цягне за сабой плату падаткаў.
«Гэта нявыгадна. Ёсьць пэрыяды, калі ты нічога не зарабляеш — дзеці захварэлі, ці сама. Ці не сэзон для продажу — у час летніх вакацый, пасьля Новага году. А падатак плаціць ты мусіш», — кажа Паліна.
Свае вырабы яна прадае прыяцельцы з Польшчы, тая рэалізуе іх па ўсім сьвеце. Рамесьніца мае права рэклямаваць сваю прадукцыю ў сацыяльных сетках — толькі не пазначаючы кошту.
«Пры ўсіх мінусах я задаволеная. Я сябе цалкам забясьпечваю фінансава апошнія паўтара года. У прынцыпе, адчуваю сябе свабодна. У мяне шмат разнастайнасьці ў дзейнасьці. Магу папрацаваць з дрэвам, пашліфаваць, папрыдумляць узоры ў ткацкай праграме, заправіць станок... Гэта выдатна! Бо калі ты ператвараесься ў машыну па вырабе рэчаў, то ў цябе пацерпіць якасьць і эстэтыка», — тлумачыць рамесьніца.
Мары-пляны: пабываць у вёсках у Андах, адкрыць уласную майстэрню
Паліна шмат цікавіцца ткацтвам у розных краінах. Яе ўражваюць ткальлі з Гватэмалы ці Мэксыкі.
«У іх няма часам прафэсійных кроснаў, яны ткуць на палках, робяць складаныя ўзоры — уручную. Яны пасьвяць у Андах сваіх лам, глядзяць на ўсю гэтую прыгажосьць і напаўняюцца ёю ад нараджэньня. Ткальлі з тых краін падобныя да пчол, якія не вывучалі ніколі геамэтрыю, але робяць ідэальныя соты», — з захапленьнем кажа Паліна.
Яна марыць пабываць у вёсках у Андах, дзе захавалася традыцыйнае ткацтва.
Марыць рамесьніца адкрыць сваю майстэрню па дрэве, бо да гэтага часу абыходзіцца вельмі простымі інструмэнтамі.
«Чалавеку трэба шмат часу, каб глядзець на сьвет, вызваліць сваю галаву, сузіраць, мэдытаваць... Я выступаю за безумоўны базавы даход — тады б у людзей была магчымасьць спакайней жыць, ня трэба было б думаць пра выжываньне. Замест таго каб прымушаць чалавека працаваць, мы б атрымалі безьліч ідэй у розных сфэрах жыцьця. Калі чалавек не гуляе, не весяліцца, не сузірае, не атрымлівае задавальненьня — нічога новага ён не прыдумае», — кажа Паліна.