Сяргей і Наста Дабравольскія нарадзіліся ў невялікіх гарадах. У раньняй маладосьці за лепшым жыцьцём яны выправіліся ў Менск. Са сталіцы пераехалі ў маленькую вёску Казіміраўку пад Лоевам. Зарабляюць на жыцьцё продажам сваіх ганчарных вырабаў і мыла. «Нам тут ідэальна!», — кажуць былыя гараджане і «дармаеды».
На зіму ў Казіміраўцы застаюцца жылымі дзесяць хат. Адну зь іх тры гады таму прыдбалі Сяргей з Настай. «Пазнаёміліся мы ў Менску пяць гадоў таму. Я прыехаў у сталіцу з Рэчыцы. Як і многія, у пошуках лепшага жыцьця. Гэтаксама і Наста — яна зь Вілейкі», — кажа Сяргей Дабравольскі.
Неяк летам яны трапілі на фэст у арт-вёску Чырвоны Кастрычнік, што пад Рэчыцай. Вёска мае дваіх «памешчыкаў» — Кірыла Краўцова і Зьмітра Янкова. Яны «выкупілі» вёску, адраджаюць яе, ладзяць розныя фэсты і сьвяты.
Кірыл Краўцоў займаўся ганчарствам — і запрасіў Сяргея дапамагаць яму.
«У мяне рукі былі прывучаныя да гліны — вучыўся ў школе з архітэктурна-мастацкім ухілам. Таму застаўся. Было цікава. Думаў пабыць у Кастрычніку тыдзень ці два. Па выніку правёў цэлае лета», — сьмяецца Сяргей. Наста зайздросьціла яму — ёй даводзілася працаваць і жыць у «каменных джунглях» сталіцы.
«Кажу — дык кідай Менск ды паедзем у вёску жыць!» — прапанаваў Сяргей. І яна паехала.
Зладзілі ў Казіміраўцы «Славянскі базар»
У Чырвоным Кастрычніку ім выдзелілі дом як «маладым спэцыялістам». Але Сяргей з Настай шукалі нешта сваё. Увесну Сяргей зь сябрам паехаў па ўзьбярэжжы Дняпра — пашукаць жытло. У Казіміраўцы натрапілі на дом з шыльдай «Прадаецца». Хатка каштавала дзьве тысячы даляраў — акурат такая сума была ў маладой пары на той час. «Настолькі сышліся ўсе зоркі!» — узгадвае Сяргей.
Так тры гады таму яны апынуліся ў Казіміраўцы. Перад самымі пярэбарамі ў вёску дзяржава абвясьціла Сяргея і Насту «дармаедамі». Але і гэта выйшла на дабро — маладыя людзі якраз марылі падацца на свой хлеб. Атрымалі субсыдыю, аформіліся рамесьнікамі, узяліся за справу.
Тут, у Казіміраўцы, яны адсьвяткавалі вясельле. Прыехалі сябры з гарадоў, арганізавалі фэст з лазэрным шоў і канцэртам. Мясцовыя пазіралі на сьвята здалёк — саромеліся заходзіць у двор. «Потым казалі — мы такога век ня чулі, ня бачылі, нібыта „Славянскі базар“ прыехаў у Казіміраўку! Адзін толькі вясковец зайшоў — трымаючыся за плот, з шырока адкрытымі вачыма і ротам. Кажа — налівай чарку! Я наліў, і ён пайшоў», — сьмяецца Сяргей.
Мясцовыя ўжо прызвычаіліся да іх, але ставяцца зь недаверам — што гэта за маладыя людзі, якія ў цьвярозым розуме прыехалі з гораду ў вёску? «Але калі зойдзеш да іх у двор — вось табе кабачкі, вінаград, пачастункі. Адразу робяцца гасьціннымі. Дапамагаюць, калі просім які інструмэнт», — кажа Наста.
Улетку яны зладзілі для вяскоўцаў пікнік. Распавялі пра сябе, свае заняткі, за вясковыя пачастункі ўручылі свае вырабы — кубкі, збанкі, талеркі.
«Была таварыская атмасфэра. Калі сустрэцца ў кампаніі і пагаварыць — гэта ўжо дасьць настрой на цэлы дзень. А так суседзі платы будуюць і ня хочуць размаўляць, ці крыўды нейкія гадамі ўзгадваюць. Мы ж людзі, кожны мае памылкі, можна ж прабачыць адзін аднаму», — кажа Сяргей.
Яшчэ пазытыўней вяскоўцы пачалі ўспрымаць іх, калі пра «новых казіміраўцаў» напісала раённая газэта. «Пасьля артыкула нас ужо не трактавалі як сэктантаў нейкіх ці дзівакоў», — усьміхаецца Наста.
Свае кавуны, гарбузы, бульба і зеляніна
Узімку ў Казіміраўку два разы на тыдзень прыяжджае аўталаўка. Тры разы на тыдзень — летам. Маладая пара карыстаецца і з аўталаўкі, і зь «Е-дастаўкі». Інтэрнэт толькі мабільны. «Адзеньня ў вёсцы ня так шмат трэба, як у горадзе. Гэта плюс — менш выдаткаў. Галёшы — надзейны і папулярны абутак», — кажа Наста.
«Ну няма тут цёплай прыбіральні, як у горадзе. Зь цягам часу пабудуеш і тут — але які кайф будзе! Шмат новых добрых эмоцый адчуеш — прыбіральня, сваімі рукамі. Тут шмат добрых імгненьняў, радуесься дробязям», — кажа Сяргей.
Камунальныя плацяжы — толькі электрыка. Летам было пяць рублёў. Зімой трохі больш, але не параўнаць з горадам.
Заводзіць вялікі гарод не плянавалі. Думалі пасадзіць для сябе трохі зеляніны.
«Але толькі ня бульба, толькі не плянтацыі!», — узгадвае свае ранейшыя думкі Наста. Па выніку зацягнула — самі не заўважылі, як пачалі садзіць і бульбу. «Гарод так зацягвае!» — кажа Наста.
Першая бульба была ня вельмі добрая, яшчэ і мядзьведка частку зжэрла. «Новыя казіміраўцы» не здаліся. Цяпер будуюць цяпліцу.
«Наста зьбіралася сёлета не садзіць гарод, апроч зеляніны. Але ўжо зь зімы пачала набываць рознае насеньне», — сьмяецца Сяргей.
Яны маюць свае кавуны, гарбузы, бульбу і зеляніну. Яблык было столькі летась, што не было куды дзець. Сушылі, варылі, нават воцат зрабілі. А яны не канчаліся!
Сваю робяць гарбату — з розных зёлак. У трохлітровых слоіках схаваныя розныя водары — гарбата зь вішняў, клубніц, розных траў.
Заснавалі свой брэнд
Сяргей кажа, што даўно шукаў такой працы, каб «не хадзіць на працу».
«У горадзе, каб трапіць на працу, спускаесься ў цеснай каробачцы па нейкім тунэлі, ідзеш на прыпынак, абыходзіш кучу машын, стаіш, чакаеш аўтобус, сядаеш у адзін, потым у другі, прыходзіш на працу і пачынаеш усіх падманваць — кліентаў, дырэктара, усіх! Так працэс наладжаны, што трэба кожнага падмануць, каб усё гэта працавала. Потым думаеш — як бутэльку піва ўзяць і дома трохі стрэс зьняць, расслабіцца. І колькі можна было так жыць?» — разважае Сяргей.
Вырабы з гліны яго захапілі цалкам. Ён старанна «вывучаў матчастку» — слухаў лекцыі, глядзеў відэа ў інтэрнэце, наведваў майстар-клясы і сэмінары.
Гліну Сяргей набывае ў Міры. Можна было працаваць і зь мясцовай — але яе трэба «дарабіць». А мірская гліна добра падыходзіць да тэхнікі, у якой працуе Сяргей. Гэта так званае малачэньне. Пасьля першага абпальваньня выраб акунаецца ў малако, потым зноў ідзе ў печ. Гэтая тэхніка ня новая, спакон вякоў ідзе. Потым на гарачы яшчэ выраб майстры наносяць гарачы воск і ўціраюць яго. На бочку вырабаў трэба каля 100 грамаў воску. Апошнім разам Сяргей купляў той воск у мясцовага пчаляра — нядорага.
Адзін кіляграм гліны каштуе 50 капеек. Замаўляць трэба мінімум 25 кіляграм. Сяргей за два гады накупляў больш як дзьве з паловай тоны гліны. Яна ператварылася ў талеркі, кубкі, збанкі, магніты, сувэніры, акарыны і нават у гукаўзмацняльнік. (ФОТА 148, 154)
Практычна ўсе вырабы былі прададзеныя. Сяргей з Настай стварылі свой брэнд — «Творчая майстэрня „Жывое“».
Cвае вырабы прадаюць праз інтэрнэт і на кірмашах. Маладая пара не сядзіць на месцы. Замовы могуць прывезьці ў Гомель, Рэчыцу, перадаць празь сяброў, даслаць па пошце. І да іх у Казіміраўку прыяжджаюць кліенты.
«Нечакана! — Выйшлі з аўтамабіля чатыры чалавекі, такія прадстаўнічыя, у пінжаках, чорных плашчах. Мы папалохаліся, што нас зараз будуць круціць — невядома за што, але будзе ай-яй-яй. Першы кажа: добры дзень, тут ганчары жывуць? Тут. Крычыць: Пятровіч, заходзь, мы па адрасе. Зайшлі — аказалася, гэта людзі з нафтавага ўпраўленьня. Даведаліся пра нас і заехалі на абедзе», — кажа Сяргей.
Ганчарныя вырабы падабаюцца пакупнікам, бо яны экалягічныя, натуральныя, нясуць свой настрой і энэргетыку майстра. (ФОТА 078)
«Перадаюць наш настрой расслабленасьці, прыманьня жыцьця ў пазытыўным сэнсе слова — у людзей вочы загараюцца, калі яны бяруць у рукі кубак», — кажа Наста.
Як пражыць з мыла і збанкоў
Жыць з продажу керамікі і натуральнага мыла, якое варыць Наста, — можна. Ёсьць складанасьці — бо адказнасьць толькі на табе, сам плянуеш сваю працу, сам ствараеш, сам рэклямуеш і прадаеш.
У вёсцы маладой сям’і ня сумна — часта прыяжджаюць сябры. Дый самі езьдзяць у горад.
«Тут зноў жа — якое разуменьне суму? Мы ня тут жывём. Мы жывём на плянэце Зямля. У любы момант можам узяць і некуды перасунуцца. Нам тут добра, ідэальна. Так, як і павінна быць», — кажа Наста.
Плюсы такой працы, калі ніхто не стаіць над табой зь бізуном, — сам можаш даць сабе адпачынак, можаш працаваць больш ці менш, гледзячы на свае патрэбы. «Ад гэтага нашмат больш прадуктыўна і якасна жывеш і працуеш», — кажа рамесьнік.
Палічыць, колькі ўсё-ткі зарабілі «чыстымі», Сяргею з Настай цяжка, бо грошы ходзяць «туды-сюды». Ва ўсякім разе, мінімальныя і запаветныя для беларусаў «па пяцьсот» яны маюць — на дваіх.
«Каб больш працавалі — мелі б больш. Але ў вёсцы ў нас такі рытм — прачнуліся, папілі каву, працуем у сваім рытме, паволі, а ня так, каб батрачыць», — кажа Наста.
Сяргей кажа, што сярод ганчароў няма канкурэнцыі, кожны працуе хоць і ў адной тэхніцы, але мае адметнасьці, душу. «Мы дапаўняем адзін аднаго. Пад кожную руку можна знайсьці кубак, які будзе ідэальны», — кажа ганчар.
Што яшчэ можна зрабіць у закінутай вёсцы?
Наста ня згодная, што Лоеўскі край — незваротна бедны, тут нішчымніца і «нічога ня будзе». Неўраджайныя глебы, ніякіх пэрспэктыў...
«Многія зьмірыліся з гэтым і так жывуць. Мы думаем, што зь любога месца можна зрабіць рай. Тут ёсьць патэнцыял. Мы пазнаёміліся з маладой парай з Лоева, якая рупіцца, каб у горадзе ўсё было цікава і добра. Можа, прыдумаем цікавы праект у Лоеве. Мы хочам зрабіць у Казіміраўцы такое месца — усенароднае, рэспубліканскае, каб тут была агульная майстэрня, для ўсіх — адкрытая пляцоўка. Праводзіць майстар-клясы, сэмінары, прыцягнуць мясцовых да гэтага. Можна падняць мясцовы калярыт — нейкія стравы прыгатаваць, якіх нідзе няма, зрабіць тут лесасад, насадзіць шмат прыгожых розных дрэў — каб была такая закрытая экасыстэма», — з натхненьнем кажа Наста.
Яна ўпэўненая — Казіміраўка мае вялікі патэнцыял.
«Пасьля пікніку для мясцовых мы даведаліся, што тут у ваколіцах нехта пляце кошыкі, нехта вяжа. Гэта ж цудоўна, тут куча рамесьнікаў. Традыцыі паміраюць — але іх трэба перадаваць, гэта важныя і сакральныя веды», — лічыць Наста.
На думку рамесьніцы, у кожнага чалавека ёсьць патэнцыял. Проста многія пра гэта забыліся.
«Мы не расьцём у камфорце. Мы расьцём, толькі пераадольваючы цяжкасьці. Праблема ў інфармацыі, якую мы спажываем — усё блага, усё блага. Але гэта не нэгатыў, а магчымасьць для росту», — упэўненая Наста.