Прафэсар гісторыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк даў інтэрвію перадачы «Главный эфир» Першага нацыянальнага каналу.
Палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў папрасіў Марзалюка пракамэнтаваць Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі, якая абмяркоўваецца ва ўрадавых органах апошні тыдзень.
У прадмове да інтэрвію вядоўцы казалі, што адзін з разьдзелаў Канцэпцыі наўпрост закранае гістарычную памяць, што беларускі нацыянальны код ня менш важны для бясьпекі дзяржавы і грамадзтва, чым лічбавы код праграм. Большасьць агрэсій у сьвеце, казалі вядоўцы, пачынаюцца са зьнішчэньня базавых каштоўнасьцяў, расчалавечваньня. Тым больш і ў нас у краіне ёсьць спробы надзець вышыванкі на нацысцкую форму, сеяць варожасьць і зьневажаць асновы беларускай нацыі.
Інтэрвію, пераказ якога тут падаецца, Марзалюк даў на расейскай мове.
Пра калябарантаў
Палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў сказаў на пачатку інтэрвію, што калі размова ідзе пра нацыянальную інфармацыйную бясьпеку, у абываталя ўзьнікае асацыяцыя з гаджэтамі, кампутарамі, інфармацыйнымі сеткамі і т. д. Пры чым тут беларускія нацыянальныя каштоўнасьці і традыцыі?
Марзалюк у адказ заявіў, што, на жаль, у інтэрнэце ёсьць кантэнт, які масава выкарыстоўваецца моладзьдзю і ня толькі ёй, і вельмі часта «нам спрабуюць падмяніць сэнсы быцьця, якія вызначалі жыцьцё нашых продкаў стагодзьдзямі»
«Гэта значыць, перапрашыць код?» — спытаў Крывашэеў
«Так, — адказвае Марзалюк, — перафарматаваць, каб тое, што для нас заўсёды было прадметамі гонару, было прафанаванае, прыніжанае, абсьмяянае і абражанае. І наадварот, тыя падлюгі, якія палілі нашы вёскі, тыя, хто здраджваў гэтай краіне, хто вывешваў на Доме ўраду знакі СС і маршыраваў з крыкамі «Зік хайль», раптам аказаліся самотнымі героямі за беларускую незалежнасьць».
Пра Райса-Бурага
Крывашэеў сказаў, што цяпер прынята лічыць, што гісторыя не такая адназначная.
«Хлусьня, — адказаў на гэта Марзалюк, — калі вы кажаце, што нейкі падлюга, блізкі вам ідэалёгіяй, калі ён спальваў беларускія вёскі і забіваў дзяцей, проста дзейнічаў у цяжкіх абставінах, напрыклад змагаўся за нейкую антыкамуністычную краіну, якая знаходзіцца на захадзе».
«Гэта вы пра рэйд Бурага?» — спытаў Крывашэеў.
«Так, натуральна, — адказвае Марзалюк. — У маім выпадку гэта асабліва балюча, бо гэта гісторыя маёй сям’і, якая адтуль, зь Беласточчыны. Бо прыходзілі і забівалі, і я гэта ведаю зь дзяцінства. Ёсьць нейкія рэчы, якія мы ведаем на ўзроўні вуснай памяці. Найважнейшая функцыя гістарычнай памяці — захоўваць базавыя фундамэнтальныя каштоўнасьці, якія робяць нас дзяржавай, народам, нацыяй».
Пра Кастуся Каліноўскага
«Ці ёсьць у нас свой пантэон гістарычных фігур і герояў і свая стройная, не супярэчлівая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасьці?» — спытаў Крывашэеў.
«Я скажу нясьціпла, — адказаў Марзалюк. — Я з калегамі, калектывам аўтараў, цяпер выстройваю гэтую канцэпцыю. Яна будзе адлюстраваная ў несупярэчлівым, нехлусьлівым першым навучальным дапаможніку для вышэйшай школы, які ня мае аналягаў. Там ня будзе людзей, якія разьдзяляюць нашу нацыю.
Разумееце, ёсьць фігуры неадназначныя, якія павялічваюць лінію разлому. Ёсьць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры. Але чалавек, які называе, скажам, праваслаўе „сабачай верай“ (калі ў нас 80 % праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?
Ці можа быць нацыянальным героем краіны чалавек, які марыў пра зьнішчэньне нейкай нацыянальнай групы — адзін пры дапамозе аўтаручкі, другі пры дапамозе „маўзэра“ або „шмайстэра“?
Для мяне беларуская нацыя — гэта, калі гаварыць па-беларуску, „сумоўе“, гэта сымфонія моваў, культур і традыцый».
Пра імпарт паліцаяў з суседніх рэспублік у вайну
«Гэта называецца грамадзянская, палітычная нацыя», — падказаў Крывашэеў.
«Натуральна, — сказаў Марзалюк. — Дык вось беларуская нацыя гэтыя рэчы адчувала на працягу стагодзьдзяў. Я бясконца ганаруся, што ня я, але англа-саксонскія гісторыкі, амэрыканскія, кажуць, што беларусы — самая ненацысцкая нацыя ў Эўропе.
У нас здраднікаў практычна не было, нам паліцаяў па імпарце прывозілі з суседніх рэспублік, і мы зьдзейсьнілі сусьветны хрысьціянскі подзьвіг
У нас здраднікаў практычна не было, нам паліцаяў па імпарце прывозілі з суседніх рэспублік, і мы зьдзейсьнілі сусьветны хрысьціянскі подзьвіг.
І калі нам сёньня на розных рэсурсах падонкі, якія расслаблена пазіруюць, надзеўшы нашу беларускую вышыванку, а паверх яе мундзір паліцая, тлумачаць, што гэта былі не калябаранты, але героі беларускага народу, з гэтым трэба змагацца».
Пра галоўную гістарычную кнігу
«Ігар Аляксандравіч, падчас „вялікай размовы“ прэзыдэнт некалькі разоў апэляваў да вас, калі размова заходзіла пра беларусізацыю, пра фэйкі і беларускі ўнівэрсытэт. Кіраўніку дзяржавы падарылі вельмі неадназначную кнігу аб пагрозе гібрыднай вайны Расеі супраць Украіны. Ці ёсьць у нас кнігі, якія б мы маглі даць прэзыдэнту і грамадзтву?»
«Сёньня нельга сказаць, што такая кніга ёсьць. Таму такая важная Канцэпцыя нацыянальнай інфармацыйнай бясьпекі. Там ёсьць чацьвёрты разьдзел, дзе прапісана важнасьць беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў і маецца цэлы блёк пра беларускую гістарычную палітыку, пра важнасьць стварэньня несупярэчлівага беларускага гістарычнага кантэнту і ўмацаваньня беларускай гістарычнай памяці.
Мы павінны прапанаваць грамадзтву задакумэнтаваную вэрсію свайго мінулага і паказаць, што заявы, маўляў, мы недадзяржава, што нас няма, што нас прыдумалі або палякі, або бальшавікі — гэта хлусьня, хамства, і гэта будзе карацца.
Мы павінны творча выкарыстоўваць досьвед нашых найбліжэйшых эўрапейскіх суседзяў (Польшчы, Нямеччыны) і далёкіх суседзяў, напрыклад Ізраілю або ЗША, дзе існуе культ сваёй мінуўшчыны. Там, калі ты кажаш, што Галакосту не было, што злачынства супраць твайго народу не было, ты атрымліваеш адміністрацыйнае або крымінальнае пакараньне.
І трэба памятаць, што ў любой краіны існуюць нацыянальныя інтарэсы. Мы можам дыскутаваць пра розныя моманты нацыянальнага мінулага, але ёсьць базавыя каштоўнасьці, якія павінны быць важнымі для ўсіх. Гэта краіна — у нас няма іншай гісторыі».