4 сакавіка ў Ленінскім раённым судзе Менску абвешчаны прысуд у працэсе, які цягнуўся больш за месяц зь перапынкам для выстаўленьня новага абвінавачаньня і вызначыўся сумай хабараў амаль рэкорднай для спраў мэдыкаў-карупцыянэраў.
У выніку суд прызнаў былога галоўнага патолягаанатама Міністэрства аховы здароўя Аркадзя Пучкова вінаватым у неаднаразовым атрыманьні хабараў у вялікім памеры (усяго больш за 200 тысяч даляраў) і прысудзіў яму пакараньне ў выглядзе 7 гадоў 6 месяцаў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Таксама суд пастанавіў канфіскаваць маёмасьць Пучкова (3 паляўнічыя стрэльбы, гадзіньнік, каля 200 паляўнічых патронаў, залатыя ланцужок, крыжык і пярсьцёнак, 5 тысяч рублёў і 340 даляраў, мабільны тэлефон Samsung, дыскb ад аўтамабіля) і пазбавіць яго права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.
Аркадзь Пучкоў нічога не адказаў на пытаньне, ці будзе ён абскарджваць прысуд. Адвакатка Пучкова сказала: «Чалавеку спачатку трэба прачытаць прысуд і асэнсаваць... яшчэ рана адказваць на ваша пытаньне».
Паводле выстаўленага абвінавачаньня, галоўнаму патолягаанатаму пагражала да 15 гадоў зьняволеньня.
У пачатку лютага суд над Аркадзем Пучковым браў перапынак больш як на тыдзень. Былому галоўнаму патолягаанатаму выставілі новае абвінавачаньне, якое ў асноўным паўтарыла тое, што інкрымінавалася пракуратурай спачатку, але ўдакладнілі сумы хабараў, якія Аркадзь Пучкоў цягам апошніх 16 гадоў атрымліваў ад падначаленых яму супрацоўнікаў патолягаанатамічнага бюро Менску і бізнэсоўцаў, што арандавалі памяшканьні на тэрыторыі бюро.
Як і за што браў хабар?
Нагадаем, Пучкоў працаваў начальнікам патолягаанатамічнага бюро больш за 20 гадоў. Затрымалі яго ў чэрвені 2018 году пасьля атрыманьня 3 тысяч даляраў хабару. Грошы знайшлі падчас ператрусу ў лядоўні.
Ад атрыманьня гэтага хабару Пучкоў не адмаўляўся. Як і ад таго, што атрымліваў хабары ад санітараў морга ды іншых супрацоўнікаў бюро, у тым ліку кіроўцаў катафалкаў. Браў прыкладна па 10% ад заробку. Але з адпускных, як спачатку сьцьвярджала сьледзтва, Аркадзь Пучкоў пэўнага «адсотка» з падначаленых ня браў, ад гэтага абвінавачаньне адмовілася.
На што траціў
На што ішлі атрыманыя грошы? Паводле Аркадзя Пучкова, частку хабараў ён патраціў на лячэньне за мяжой хворай на рак жонкі, але таксама за хабары фінансаваў падарункі для бальніц, купляў квіткі ў тэатар для замежных дэлегацый, аплочваў іхныя вячэры ў рэстарацыях. Нават траціў грошы на лазьню, у якую хадзілі расслабляцца супрацоўнікі бюро і госьці. Толькі венікаў для лазьні штогод закуплялася больш за 100 штук, прагучала ў судзе.
Падчас дачы паказаньняў Аркадзь Пучкоў расплакаўся.
«Праз 4 дні мне будзе 70 гадоў, пойдзе восьмы дзясятак. Сустракаць юбілей за кратамі, ня ў коле сям’і і сяброў — самае вялікае пакараньне, якое я сам сабе зрабіў».
Пучкоў прызнаў віну ва ўсіх эпізодах аб хабары, акрамя аднаго — ад бізнэсоўца Ермака, які ў пачатку 2000-х арандаваў памяшканьне на тэрыторыі патолягаанатамічнага бюро.
Чаго прасіў для Пучкова пракурор?
Паводле пракурора Сьвятаслава Вялікага віна Аркадзя Пучкова ў хабарніцтве была ў судзе цалкам даказаная. Пракурор папрасіў для падсуднага 9 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Пракурор не знайшоў абставінаў, якія б абцяжарвалі віну Пучкова, і назваў абставіны, якія аблягчаюць ягоную віну: раскаяньне, узрост і частковую кампэнсацыю нанесеных стратаў. Пры гэтым пракурор папрасіў суд улічыць, што Пучкоў зьдзяйсьняў свае злачынствы цягам доўгага пэрыяду і назваў ягоныя дзеяньні «ў значнай ступені сацыяльна небясьпечнымі».
«Я такога не прыгадаю, каб начальнік абклаў данінай сваіх падначаленых, і гэта цягнулася гадамі, а пры гэтым ва ўстанове працавала камісія барацьбы з карупцыяй, прычым абвінавачаны сам яе ўзначальваў», — абурыўся пракурор.
Таксама абвінаваўца зьвярнуў увагу суду на такі факт: пэўная маёмасьць Пучкова, якая пасьля ягонага арышту знаходзілася пад арыштам, аказалася рэалізаванай, што дазволіла пакрыць частку нанесенай ім шкоды. Гэтым фактам пракурор паставіў пад сумнеў шчырасьць падсуднага, які казаў, што кампэнсаваў страты добраахвотна. Паводле пракурора, Пучкоў добра разумеў, што ўсё роўна пазбавіцца гэтай маёмасьці.
Што прасілі адвакаты Пучкова?
Былога галоўнага патолягаанатама ў судзе баранілі адвакаткі Алена Касьцяневіч і Яўгенія Патапава. Абаронцы даказвалі, што сама меней аднаго хабару, ад бізнэсоўца Ермака, насамрэч не было, а таксама аспрэчвалі агульную суму атрыманых Аркадзем Пучковым грошай ад падначаленых яму санітараў морга і кіроўцаў катафалкаў. Маўляў, сьледчыя памыліліся ў падліках, калі пераводзілі грошы, атрыманыя шмат гадоў, з даляраў у рублі. Паводле абаронцаў, пасудны кампэнсаваў усю суму нанесенай ім шкоды і нават больш.
Выказваючыся пра магчымае пакараньне Пучкову, адвакатка нагадала пра ягоны ўзрост (нядаўна падсуднаму споўнілася 70 гадоў) і пра шэраг хранічных хвароб. «Суровае пакараньне можа стаць для яго сьмяротным прысудам», — сказала абаронца і папрасіла для Аркадзя Пучкова пакараньне без накіраваньня ва ўстанову закрытага тыпу.
Апошняе слова Пучкова
Як і падчас дачы паказаньняў, Пучкоў зноў прызнаў віну і заявіў пра «шчырае раскаяньне».
«Я не нажыў вялікіх матэрыяльных каштоўнасьцяў, самае вялікае — любоў родных і павагу калегаў, прызнаньне заслуг я перакрэсьліў сваімі ж рукамі», — сказаў Аркадзь Пучкоў.
У апошнім слове ён зноў папрасіў прабачэньня ў сваякоў, а суд прасіў аб літасьці. «Занадта мала ў мяне засталося фізычных і маральных сілаў», — сказаў былы галоўны патолягаанатам Міністэрства аховы здароўя Аркадзь Пучкоў.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.