Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яе гэтулькі гадоў зьнішчаюць, а яна ўсё яшчэ жывая


21 лютага ў мяне падвойнае сьвята — Міжнародны дзень роднай мовы і асабісты дзень народзін. Карані маіх продкаў — ліцьвінскія, са старажытнай Літвы, землі якой ляжаць на захад ад Стоўпцаў — ад Слоніма па-над Шчарай да Палачанаў, што блізу Маладэчна.

У маім Ляхавіцкім раёне да сёньня захаваліся паселішчы з характэрнымі тапонімамі: Літва, Вялікая Лотва, Малая Лотва. Размаўлялі ў нашай сямʼі заўсёды па-беларуску, хоць бацька добра ведаў і польскую. Пад настрой мог і вершык, і байку па-польску распавесьці дзецям. Але перадусім была свая мова.

Запомніўся самы страшны праклён плеткарам і нядобразычліўцам, які бытаваў у нашай мясцовасьці: «Каб табе мову заняло!». Бо чалавек бяз мовы — нямко. Словам, інвалід. Гэта на ўзроўні адной асобы. А калі цэлая нацыя сваю мову губляе або пазбаўляецца яе?

Галоўны русыфікатар — чыноўнік

Вельмі ўразіў мяне выпадак, калі ў Салігорску ідэоляг тамтэйшага «Беларуськалію» запытала кіраўніцу адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву пра беларускі кантэнт на зрусыфікаваных дзяржаўных тэлеканалах. Газэта «Калійшчык Салігорска» паведаміла, што ў краіне пастаўленая задача «аб наяўнасьці ня менш як 30% кантэнту на беларускай мове».

І што ж тут усчалося! Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант кінулася зьняпраўджваць паведамленьне: журналісты наблыталі. За ёй і былы прэс-сакратар Лукашэнкі, а цяпер першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі даводзіў грамадзтву, што журналіст памыліўся і выклаў словы Качанавай неадпаведным чынам:

«Гэта была не цытата, а пераказ. Кіраўніца заявіла пра тое, што 30% кантэнту на тэлеканалах павінна быць айчыннай, беларускай вытворчасьці».

Магчыма, што журналіст у пераказе сапраўды памыліўся, як ня выключана і тое, што кіраўніца адміністрацыі менавіта так і сказала, як ён напісаў.

Натальля Эйсмант, напэўна, перажывае за Івана Эйсманта: ну ня можа Белтэлерадыёкампанія пад кіраўніцтвам мужа даць 30 адсоткаў перадач па-беларуску. Такую ўжо безгалосую (у сэнсе беларускай мовы) каманду сабралі-скалацілі на Макаёнка, 9?

Незразумела, аднак, навошта Паўлу Лёгкаму падмяняць праблему адсутнасьці беларускай мовы на тэлебачаньні патрабаваньнем кантэнту дзеля дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ.

Агульнавядома, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя беларускую мову мэтадычна выціскалі з эфіру нацыянальнага тэлевяшчаньня, гэтаксама як і з сыстэмы агульнаадукацыйнага навучаньня.

Ня ведаюць самі і не даюць ведаць іншым

Добра памятаю дзень, калі ў 1994 годзе толькі што абраны прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сэсіі Гомельскага аблсавету заявіў, што «па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — расейская і ангельская».

Потым быў сумнапамятны рэфэрэндум 1995 году. Фармальна расейскай мове быў нададзены роўны статус зь беларускай. А фактычна чыноўнікі ўспрынялі гэта як дазвол на поўнае выцісканьне беларускай мовы з грамадзкага ўжытку. Мовы яны ня ведаюць і ня вучаць самі — і да такіх жа паводзін падахвочваюць сваіх падначаленых. Не, яны, канечне, любяць называцца «мэрамі», «губэрнатарамі» беларускіх гарадоў і рэгіёнаў, але беларускага слова зь іх і абцугамі ня выцягнеш.

Драбнейшыя начальнікі калі й ведаюць беларускую мову, то ўсё адно імкнуцца трымаць нос па ветры. З гэтай прычыны і лічаць беларускія перадачы на тэлебачаньні па крупінках, нібы макавыя бобкі. Трыццаці адсоткаў перадач на тэлебачаньні на беларускай мове яны палохаюцца. Хоць мусілі б першымі біць у званы, бачачы, што заканатворцы ў законе «Аб СМІ» ніяк не вызначаюць прысутнасьць беларускай мовы ў дзяржаўных мэдыях. І, як вынік, беларускае слова зьнікла ня толькі з экранаў тэлевізараў, але і са старонак газэт. Засталіся па-беларуску за невялікім выняткам толькі назвы: «Жыцьцё Палесься» (Мазыр), «Гомельская праўда» (Гомель), «Чырвоны Кастрычнік» (Акцябрскі). Дзяржаўная абласная газэта ў Магілёве нават лягатып зьмяніла на расейскамоўны, заціснуўшы драбнютка напісаную ранейшую назву «Магілёўская праўда» паміж велічэзным шрыфтам, набраным па-расейску.

Так абярнулася згубная ініцыятыва надаць расейскай мове роўны статус зь беларускай. Дык ня толькі ж у СМІ!

Беларускамоўных школьнікаў у Гомлі — меней за 1 працэнт

На Гомельшчыне ў 1994–1995 навучальным годзе 76,5 адсотка першаклясьнікаў засвойвалі веды па-беларуску. Адразу пасьля рэфэрэндуму, у наступным навучальным годзе, іх колькасьць зьменшылася амаль у 3 разы — да 26 адсоткаў. Цяпер навучальны працэс на беларускай мове арганізаваны толькі для 11 адсоткаў хлопчыкаў і дзяўчатак школьнага ўзросту.

У самім Гомлі, другім па велічыні горадзе Беларусі, на пачатку 21 стагодзьдзя па-беларуску навучаліся ўсяго 0,6 адсотка першаклясьнікаў. Прыкладна такая ж сытуацыя і цяпер. Толькі ў гімназіі № 36 існуюць тры пачатковыя беларускамоўныя клясы, дзе вучацца па-беларуску 63 школьнікі.

Беларусу нават праз суд нельга забясьпечыць права свайго дзіцяці вучыцца на беларускай мове па месцы жыхарства. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць гісторыя жыхара Гомля Сяргея Макрэнкі, які патрабаваў беларускамоўнага навучаньня для дачкі-першаклясьніцы ў гарадзкой сярэдняй школе № 5. Дырэкцыя і аддзел адукацыі адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовілася гэта зрабіць на той падставе, што ў мікрараёне нібыта не было болей бацькоў, ахвотных аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўную клясу, а для адной дзяўчынкі ці нават двух-трох дзяцей ствараць такую клясу, маўляў, немэтазгодна і стратна. І суд стаў на бок школьнай адміністрацыі.

І што ў такім разе застаецца Сяргею Макрэнку і ягоным аднадумцам?

Дзьве афіцыйныя мовы ў Беларусі супраць чатырох у Швайцарыі

Часам можна пачуць разважаньні асобных аналітыкаў, філёзафаў, палітолягаў пра тое, што нічога надзвычайнага і асаблівага ў моўнай сытуацыі ў Беларусі няма. Вось жа жыве Аўстрыя зь нямецкай мовай, Бэльгія — з трыма афіцыйнымі мовамі. У Швайцарыі іх ажно чатыры, а яна таксама і заможная, і незалежная.

Прыклад краін, дзе ўсё ўтрэслася і стабілізавалася стагодзьдзі таму і якія жывуць сярод такіх жа міралюбівых і заможных суседзяў, для Беларусі — ня ўзор. Для нашай краіны мова — адзін з галоўных вартавых незалежнасьці. Як трапна заўважыў гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў, «наша мова і гістарычная памяць бароняць межы дзяржавы мацней за любую армію». Ня будзе мовы і нацыянальнай самасьвядомасьці — чым яшчэ абаронімся ад ператварэньня сваёй радзімы ў паўночна-заходнюю ўскраіну суседняй імпэрыі?

А становішча з мовай — катастрафічнае. У нас ужо сёньня ў адказ на вітаньне і згадку: «Нешта мне ваш твар знаёмы» можаш пачуць: «Сам ты тварь».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO на прапанову Банглядэш і падтрыманы адмысловай рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН дзеля захаваньня разнастайнасьці моваў.

Дата сьвята прымеркаваная да дня памяці пяцёх студэнтаў — іх расстраляла паліцыя 21 лютага 1952 году падчас акцыі за наданьне бэнгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Банглядэш.

У сьвеце цяпер больш за шэсьць тысяч моваў. Палова зь іх пад пагрозай зьнікненьня. У тым ліку — і беларуская мова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG