Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта наша фішка». Як апавядаць пра спорт на мове жэстаў


Частка каманды DeafSport
Частка каманды DeafSport

DeafSport — адзінае незалежнае мэдыя ў Беларусі пра спорт, дзе навіны расказваюць на мове жэстаў. Каардынатаркі праекту Кацярына Ялпаева і Аксана Палажанец апавялі Свабодзе, як выжывае праект бяз грошай і як можна ім дапамагчы.

«Усе навіны на мове жэстаў»

«Мы расказваем усе навіны на мове жэстаў. Гэта наша фішка», — кажа праектная мэнэджарка DeafSport Кацярына Ялпаева. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку, а дагэтуль працавала настаўніцай у школе.

Кацярына Ялпаева
Кацярына Ялпаева

Людзям з парушэньнем слыху прасьцей зразумець, што адбываецца на экране, калі аповед ідзе на мове жэстаў. «Беларуская спартыўная фэдэрацыя глухіх» разьвівае дэфлімпійскі рух, аднак пра посьпехі беларускіх спартоўцаў на спаборніцтвах інфармацыі мала. Таму Кацярына вырашыла распавядаць пра спорт людзям з інваліднасьцю па слыху.

«Ёсьць глухія, якія цяжка ўспрымаюць інфармацыю тэкстам, — кажа каардынатарка праекту Аксана Палажанец. — Ёсьць пісьменныя і тыя, хто празь нейкія асаблівасьці ня можа чытаць. Пісьменных каля 30%. А ўявіце, як жывуць астатнія 70%».

Аксана Палажанец
Аксана Палажанец

​Ні заробку, ні студыі, ні прафэсійнай апаратуры

Цяпер у камандзе DeafSport — восем чалавек, і ўсе з інваліднасьцю па слыху.

«Мы робім усё самі: ад здымак да мантажу, — кажа Кацярына. — У нас няма ні заробку, ні студыі, ні прафэсійнай апаратуры».

Над праектам каманда працуе дыстанцыйна, офісу пакуль няма.

Кожны мае звычайную працу па-за праектам. «Прыходзіцца выкройваць час у сям’і і ў працы. Кожны аддае праекту столькі вольнага часу, колькі можа. Ніякай абавязковай нагрузкі няма», — апавядае Аксана.

Да праекту паступова далучыліся беларускія спартсмэны: лёгкаатлет Саша Козіч, валейбалістка Сьвятлана Пашкоўская, баскетбалістка Марына Раманенка.

Аляксандр Козіч
Аляксандр Козіч

Для Сашы ўсё жыцьцё — гэта спорт. У ягонай сям’і ўсе спартоўцы і з інваліднасьцю па слыху. «Я дасягнуў добрых вынікаў у лёгкай атлетыцы. Аднак у Беларусі пра нашыя дасягненьні гавораць мала. Мы вартыя, каб пра нас ведалі. Таму я прыйшоў у каманду DeafSport апэратарам», — кажа Саша.

Сьвятлана Пашкоўская больш за 17 гадоў уваходзіць у зборную Беларусі. Яна выпадкова даведалася аб праекце і прыйшла дапамагаць у сацыяльных сетках.

Баскетбалістка Марына дагэтуль уваходзіць у нацыянальную зборную. Мае сына, таксама з інваліднасьцю па слыху. Ён займаецца плаваньнем і таксама ўваходзіць у нацыянальную зборную. «Вельмі хочацца, каб у навінах паказалі, як ён абыходзіць супернікаў і перамагае», — кажа Марына.

Марына Раманенка
Марына Раманенка

Безбар’ернае асяродзьдзе — гэта ня толькі пандусы

Ролікі DeafSport глядзяць ня толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, ЗША і Канадзе. Калі доўга нічога не выходзіць, падпісанты просяць новыя відэа. За паўтара году сюжэты на сайце паглядзелі больш за 60 тысяч разоў.

«З даступнасьцю ў Беларусі цяжка, — прызнаецца Аксана. — Часта людзі думаюць, што безбар’ернае асяродзьдзе — гэта толькі пандусы. Аднак нікому ў галаву не прыходзіць, што недаступнай можа быць і інфармацыя».

«Напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музэі ёсьць інфармацыйныя стэнды. Гэта добра. Але хочацца, каб быў і экскурсавод — жывы чалавек, у якога на мове жэстаў можна штосьці спытаць і адразу атрымаць адказ. Тады можна было б ладзіць адмысловыя экскурсіі для глухіх людзей», — дадае Кацярына.

А яшчэ Кацярына марыць, каб DeafSport стаў афіцыйнай працай з заробкамі для ўсіх удзельнікаў праекту.

Як можна дапамагчы праекту ўжо цяпер?

  • Якой-хаця апаратурай: штатыў, фотаапарат, відэакамэра, ноўтбук, дрон.
  • Памяшканьнем для студыі.
  • Кансультацыямі ад журналістаў-тэлевізійнікаў, майстар-клясамі пра тое, як рабіць мантаж ці як паводзіцца ў кадры.

У канцы лютага DeafSport плянуе запусьціць на «Талацэ» краўдфандынг. Тады камандзе можна будзе дапамагаць фінансава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG