Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачынаюць выхад з ракетнай дамовы з Расеяй


2 лютага ЗША пачнуць працэс дэнансацыі Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), падпісанай Савецкім Саюзам і ЗША ў 1987 годзе. Паводле крыніцаў у Дзяржаўным дэпартамэнце, пра гэта афіцыйна будзе абвешчана 1 лютага.

Паводле намесьніка дзяржсакратара ЗША Андрэа Томпсан, з 1 лютага пачнецца шасьцімесячны пэрыяд, пасьля якога амэрыканскія ўлады прымуць рашэньне аб пастаяннай адмове ад дамовы, што забараняе СССР і ЗША мець у арсэнале ракеты наземнага базаваньня меншай і сярэдняй далёкасьці. Аднак ужо ў гэты пэрыяд Вашынгтон пакідае за сабой права не выконваць дамову.

«Мы зробім аб’яву, выканаем ўсе тыя крокі, якія неабходна зрабіць для прыпыненьня выкананьня нашых абавязацельстваў і наступнага выхаду з дамовы», — заявіла ў чацьвер Андрэа Томпсан.

У кастрычніку мінулага года прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што плянуе адмовіцца ад пагадненьня, спаслаўшыся на невыкананьне Расеяй сваіх абавязацельстваў. Дамова была падпісаная ў 1987 годзе прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і лідэрам СССР Міхаілам Гарбачовым і прадугледжвала зьнішчэньне на працягу трох гадоў часткі ядзернага арсэналу абедзьвюх краін, у прыватнасьці ракет далечыні палёту ад 500 да 5500 кілямэтраў.

Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.

Масква абвяргае ўсе абвінавачваньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, усталяваную дамовай.

4 сьнежня дзяржсакратар Майк Пампэо даў Расеі 60 дзён, каб вярнуцца да выкананьня дамовы. У выпадку калі Расея адмовіцца гэта рабіць, ЗША абяцалі адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў па дамове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG