Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар Свабоды Вінцук Вячорка — адзін з «чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці» 2018 году


Вінцук Вячорка атрымлівае прэмію
Вінцук Вячорка атрымлівае прэмію

Грамадзкім лідэрам году стаў заснавальнік «Арт Сядзібы» Павал Белавус, у намінацыі «Мэдыяактыўнасьць году» перамог мовазнаўца, свабодаўскі аўтар Вінцук Вячорка. Найлепшай журналісткай году прызнаная Тацяна Каравянкова зь БелаПАН.

Сёлета прэмія, якую заснавала Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, уручаецца дзясяты раз. Яна прысуджаецца за ўнёсак у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў адпаведным годзе. Улічваюцца ўплыў на грамадзкі сэктар, аўтарытэт і дасягненьні.

Адкрыў урачыстую цырымонію кіраўнік Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, вялі Юлія Шаўчук і Аляксей Сапрыкін. Да юбілею прэміі зьявіўся адмысловы прыз — «Вожык-чэмпіён», аўтар якога — скульптар Гэнік Лойка. А сымбаль Асамблеі НДА — вожыка і яго спокліч «Барані сваё» — прыдумаў некалі Міхал Анемпадыстаў.

Грамадзкім лідэрам году стаў Павал Белавус, заснавальнік «Арт Сядзібы», адзін з арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, канцэрту і інфармацыйнай кампаніі #БНР100, акцыяў #добрыясловы і «Брукаванка памяці» ў Курапатах.

Павал Белавус
Павал Белавус

У шорт-лісьце былі таксама

  • Ірына Альхоўка — старшыня праўленьня ГА «Гендэрныя пэрспэктывы»;
  • Вольга Вялічка — дырэктарка Горадзенскага дзіцячага госьпісу;
  • Алена Масьлюкова — лідэрка ініцыятывы супраць запуску заводу беленай цэлюлёзы ў Шацілавічах (Сьветлагорску);
  • Генадзь Фядыніч — старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП.

Павал Белавус падзякаваў за прэмію і сказаў, што яна мае падставу належаць і заснавальніку БелаПАН Алесю Ліпаю, які заўчасна пайшоў з жыцьця.

У намінацыі «Новая ініцыятыва» пераможцам стаў Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча, зарэгістраваны ў сакавіку 2018 году. Заснавала яго Таварыства беларускай мовы, каб выправіць ганебную сытуацыю зь немагчымасьцю атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове.

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Алег Трусаў сказаў, што ідэі стварэньня ўнівэрсытэту — 100 год, яе прапанавалі лідэры БНР, а ў 1997 годзе пасьля ганебнага рэфэрэндуму ідэю зноў агучыў прафэсар Юры Хадыка. Спадар Трусаў выказаў спадзяваньне, што ўвосень 2019 году ўнівэрсытэт ужо набярэ першых студэнтаў.

Найлепшай рэгіянальнай падзеяй прызнаная кампанія супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці — грамадзкая ініцыятыва «Берасьце супраць сьвінцу».

Берасьцейскі актывіст Міхаіл Галуза
Берасьцейскі актывіст Міхаіл Галуза

«Простыя берасьцейцы аб’ядналіся супраць хлусьні і чыноўніцкай абыякавасьці. Асноўная наша задача — камунікацыя зь людзьмі, аб’яднаньне, магчымасьць стварыць грамадзянскую кааліцыю, якая будзе змагацца супраць хлусьні за чыстае навакольнае асяродзьдзе», — сказаў прадстаўнік ініцыятывы, атрымліваючы прэмію.

Крэатывам году стала бацькоўская ініцыятыва «Дзеткі-кветкі». Ініцыятыва правяла грамадзкі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў у Менску.

Архітэктарка, маці дваіх дзетак Аляксандра Баярына падзякавала за такую высокую ацэнку дзейнасьці бацькоў.

Аляксандра Баярына
Аляксандра Баярына

Талакой году стала краўдфандынгавая плятформа «Талака», якая дасягнула паказьніку 1 мільён рублёў, сабраных на грамадзкія праекты.

Узнагароду атрымаў Глеб Анісімаў.

Вядоўцы Юлія Шаўчук і Аляксей Сапрыкін — і прадстаўнік «Талакі» Глеб Анісімаў
Вядоўцы Юлія Шаўчук і Аляксей Сапрыкін — і прадстаўнік «Талакі» Глеб Анісімаў

У намінацыі «Мэдыяактыўнасьць году» перамог мовазнаўца, «свабодавец» Вінцук Вячорка.

Кароткія ролікі ў сацыяльных сетках і перадача «Мова пра мову» Вінцука Вячоркі папулярызуюць мову сучаснымі сродкамі.

Пераможца намінацыі Вінцук Вячорка нагадаў, што пачынаў у 1980-я, у першых беларускамоўных грамадзкіх ініцыятывах «Майстроўня» і «Талака», калі былі толькі друкавальныя машынкі.

А цяпер, кажа ён, — місія і праблемы засталіся, а тэхнічныя задачы іншыя. Прыйшло шчасьлівае пакаленьне, якое канцэнтруе ўвагу максымум на 15 сэкундаў. І за гэты час трэба ў stоries (сеткавых відэакарацельках) навучыць чалавека і натхніць яго на беларускі моўны ўчынак. «Калі будзе трэба — мы з маімі выдатнымі калегамі зможам і за 2 сэкунды», — пажартаваў Вінцук Вячорка.

«Гарбузом» году стала БелТА, якая абвінаваціла 14 журналістаў недзяржаўных мэдыя ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.

У гэтай намінацыі на прэмію прэтэндавалі таксама

  • кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму — за неўсталяваньне шыльды да 100-годзьдзя БНР у Менску;
  • намесьніца дырэктара менскай гімназіі № 31 Інэса Ахрамовіч, якая прымушала вучняў уступаць у БРСМ;
  • кіраўніцтва МУС Беларусі — за пакараньні тых, хто «абражаў» скульптуру гарадавога, а таксама
  • Палата прадстаўнікоў — за прыняцьцё паправак у закон аб СМІ, якія ўзмацнілі кантроль над інтэрнэтам.

У намінацыі «Партнэрства году» пераможцай стала кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для КПЧ ААН.

У выніку падачы альтэрнатыўнага дакладу і супольнай інфармацыйна-тлумачальнай працы больш як 60 рэкамэндацыяў Камітэту правоў чалавека ААН да ўраду Беларусі улічылі прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Журналісткай году стала Тацяна Каравянкова, журналістка БелаПАН, якая прафэсійна асьвятляе грамадзка-палітычныя тэмы ў Беларусі. Тацяна была адной зь фігурантак так званай «справы БелТА».

Тацяна Каравянкова
Тацяна Каравянкова

«Летась журналісты самі сталі героямі навінаў. Справа БелТА яшчэ не завершана, трэба ўсім нам падтрымаць галоўнага рэдактара парталу Tut.by Марыну Золатаву», — заклікала Тацяна.

Кампаніяй году стала адзначэньне 100-годзьдзя БНР. Гэтая агульнабеларуская грамадзкая кампанія ўцягнула мноства людзей, арганізацыяў, камэрцыйных структураў і нават дзяржаўных установаў у дзясятках гарадоў нашай краіны ў грандыёзнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Заля воплескамі сустрэла ганаровага старшыню Аргкамітэту сьвяткаваньня акадэміка Гаўрылу Гарэцкага, які нядаўна адзначыў уласны 90-гадовы юбілей. Ён падзяліўся з моладзьдзю сакрэтам энэргіі ў сваім узросьце: „Трэба любіць Бацькаўшчыну і мець каханьне“.

«Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» вызначаюцца ў выніку супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі працоўнай групы Асамблеі, экспэртамі зь ліку лідэраў НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, журналістаў. Сёлета ў журы ўваходзіла 112 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG