Свабода сабрала найбольш папулярныя тэмы 2018 году, якія вы лайкалі, камэнтавалі і якімі дзяліліся.
Як зьмяніліся сацсеткі Свабоды за год?
📈 Яны вырасьлі. Агулам на ўсе суполкі Радыё Свабода ў сацыяльных сетках падпісаліся больш за 96 тысяч чалавек.
🎧 Зьявіліся падкасты, гукавыя запісы тэматычнай перадачы. Іх можна слухаць са смартфону, пляншэту ці кампутару. Як слухаць мы тлумачылі тут.
📹 Зьявіліся новыя фарматы відэа. Якія менавіта, мы пісалі тут. Агулам усе відэа Свабоды паглядзелі больш за 25 мільёнаў разоў.
5 трэндаў сацсетак у 2018
#БНР100
Тэма Беларускай Народнай Рэспублікі была ў трэндзе ня толькі 25 сакавіка і напярэдадні, але і ў лютым. Калі арганізатары абмяркоўвалі фармат сьвяткаваньня.
Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у ХХІ стагодзьдзі. Сьвяткаваньні адбываліся па ўсёй краіне, грошы на іх арганізацыю зьбіралі талакой. У канцы 2018 году журналісты і чытачы Свабоды назвалі БНР «Словам году», а нашы наведнікі выбралі арганізатараў сьвята #БНР100 пераможцамі намінацыі «Учынак году».
Цымбалы з інтэрнэту
На пачатку красавіка 11-гадовая Насьця Ванеева са Смаргоняў у эфіры тэлешоў «Лучше всех» расейскага Першага каналу паправіла вядучага Максіма Галкіна. Вядучы прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», але тая запярэчыла.
«Правільна казаць „зь Беларусі“», — сказала яму дзяўчынка.
Сваіх цымбалаў у Насьці не было, сям’я арандавала інструмэнт у музычнай школе. Новыя цымбалы, пра якія марыла Насьця, каштавалі каля 3000 рублёў. Цымбалы для Насьці Ванеевай перадала мянчанка Вікторыя Машлякевіч, якая ўбачыла пост пра мару дзяўчынкі ў інстаграме Радыё Свабода.
«Самі вы падробка»
У траўні Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай. У адказ на гэта актывістка Віка Біран выйшла з плякатам «Самі вы падробка» да будынкаў Дома ўраду, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Дзяўчыну двойчы аштрафавалі за правядзеньне «масавага мерапрыемства — адзіночнага пікету».
Пазьней за адзіночны пікет затрымалі актывіста Пятра Маркелава. Ён правёў 74 гадзіны ў ізалятары.
На судзе высьветлілася, што «фота з акцыі» зрабілі ў графічным рэдактары: здымкі МУС і Маркелава з плякатам «Заблокируйте 86.57.250.202» рабілі асобна.
Марадона ў Беларусі
Пра прызначэньне Дыега Марадоны старшынём праўленьня «Дынама-Берасьце» паведамілі у траўні. Меркавалася, што 58-гадовы Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй берасьцейскага «Дынама».
Меркавалася, што аргентынец прыступіць да выкананьня паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі ў ліпені. Першы візыт Марадоны ў Берасьце адбыўся 16 ліпеня, каб пазнаёміцца з камандай. Мясцовае «Дынама» на вачах свайго новага кіраўніка прагуляла «Шахцёру» зь лікам 1:3.
Больш Марадона ў Беларусь не прыяжджаў. У верасьні ён заняў пасаду ў мэксыканскім клюбе, так і не пачаўшы працаваць у Берасьці.
#загонБРСМ
У канцы кастрычніка ў рэдакцыю Свабоды трапіла відэа, зьнятае вучнем менскай гімназіі з-пад парты. З роліку разборліва чуваць, як дзецям пагражаюць і прымушаюць уступаць у БРСМ, бо «адміністрацыі школы патрэбная стопрацэнтная статыстыка, а іначай можа быць адлічэньне з клясы».
Карыстальнікі сацсетак пачалі пакідаць пад тэгам #загонБРСМ допісы пра тое, як іх прымушалі ўступаць у арганізацыю, а некаторыя чальцы арганізацыі пачалі выходзіць зь яе. Напрыклад, праз 2 тыдні пасьля публікацыі запісу зь менскай гімназіі студэнтка БДЭУ запісала размову з дэканам свайго факультэту, які не ўхваліў яе выхад з БРСМ.
Якімі будуць трэнды і мемы 2019 году залежыць толькі ад вас. Сачыце за навінамі Свабоды ў нашых сацыяльных сетках 👇