Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна дамовіліся пра аднаўленьне воднага шляху Е-40. Бізнэс і эколягі — супраць


Прыпяць, Палесьсе. Ілюстрацыйнае фота
Прыпяць, Палесьсе. Ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя рачных портаў Украіны і беларускае закрытае акцыянэрнае таварыства «Белпаліваэнэрга» падпісалі мэмарандум аб аднаўленьні воднага шляху Е-40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора».

«Мы разгледзелі магчымасьць паглыбленьня дна на суднаходных водных шляхах Дняпра, а беларускі бок мае даць нам інфармацыю пра заплянаваныя аб’ёмы перавалкі і парамэтры суднаў. Зыходзячы з гэтага, прааналізуем фінансава-эканамічную эфэктыўнасьць неабходных работ, каб дасягнуць гарантаваных глыбінь праходу суднаў», — заявіў намесьнік старшыні Адміністрацыі марскіх партоў Украіны Дзьмітры Роменскі.

Згодна з мэмарандумам, «Белпаліваэнэрга» мусіць паведаміць украінскаму боку пра тэрміны будаўніцтва порта ў Ніжніх Жарах (Брагінскі раён Гомельшчыны), а таксама пра забесьпячэньне беларускімі пастаўшчыкамі грузапатоку, неабходнага для акупнасьці работ паглыбленьня дна. Згодна з адкрытымі дадзенымі, беларускае прадпрыемства займаецца пастаўкамі мэталапракату і абсталяваньня для газавай прамысловасьці.

Ініцыятыва Лукашэнкі і Парашэнкі

Ініцыятыва ў аднаўленьні воднага шляху была агучаная летась у ліпені кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі Пятром Парашэнкам і Аляксандрам Лукашэнкам, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.

Пасьля агучанай ініцыятывы Беларусь і Ўкраіна падпісалі дарожную мапу аднаўленьня воднага шляху Е-40 для транзытных перавозак грузаў водным транспартам па тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з выкарыстаньнем суднаў клясы «рака — мора».

Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» неабходна паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары.

Магчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты, якія маюць дачыненьне да аднаўленьня воднага шляху Е-40, маюць хутчэй дэкляратыўны, чым практычны характар.

Бізнэс супраць камэрцыялізацыі

Летась у кастрычніку Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі выказала салідарнасьць з грамадзкімі эколягамі, занепакоенымі плянамі будаўніцтва воднай магістралі.

Беларускія бізнэс-саюзы (Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. C. Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя) двойчы зьвярталіся да ўраду з заклікам адмовіцца ад рэалізацыі гэтага праекту — апошні раз сёлета ў лістападзе, пасьля стварэньня міжведамаснай рабочай групы, якая мусіць распрацаваць канцэпцыю разьвіцьця патэнцыялу ракі Прыпяці.

«Яшчэ няма як такога праекту, паўнавартасных ацэнак і аналізу, але на міжурадавым узроўні ўжо прымаюцца абавязаньні аб разьвіцьці Е-40, кіраўніцтва Савету Міністраў выдае даручэньні дзяржаўным інстытутам мэтадалягічна падтрымаць праект. Такім чынам даводзіцца канстатаваць палітычны і адміністрацыйны ціск, які павялічвае рызыку прыняцьця памылковых інвэстыцыйных рашэньняў», — адзначалася ў заяве.

Паводле бізнэс-саюзаў, «жанглюючы паняцьцем паляпшэньня водагаспадарчага балянсу», прыхільнікі транспартнага шляху Е-40 спрабуюць падаць яго як праект комплекснага разьвіцьця тэрыторый.

«Аднак, на наш погляд, ён у належнай ступені ня мае ні транспартнага, ні энэргетычнага патэнцыялу, каб можна было адназначна сьцьвярджаць пра ягоную мэтазгоднасьць, асабліва на фоне відавочных экалягічных пагрозаў», — перакананыя беларускія бізнэс-колы.

Эколягаў турбуе лёс Прыпяці

Гэтаксама і беларускія эколягі перакананыя, што эканамічны патэнцыял Прыпяці трэба ўзмацняць не за кошт стварэньня воднага шляху Е-40, а аддаючы прыярытэт агра- і экалягічнаму турызму і фармаваньню турыстычнага кластару.

Прыпяць — апошняя буйная рака ў Эўропе, захаваная ў натуральным стане. Падчас веснавой міграцыі ў яе пойме прыпыняецца каля 1,5 мільёна птушак. Тут гняздуюцца прадстаўнікі многіх рэдкіх відаў.

Павал Пінчук
Павал Пінчук

«У нас гняздуецца больш за палову сусьветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, — кажа Павал Пінчук, дырэктар Беларускага цэнтру кальцаваньня птушак. — Калі будзе закрануты гідралягічны рэжым такіх вялікіх балотаў, як Званец, Спораўскае (а яны, хутчэй за ўсё, будуць закранутыя), мы можам страціць да 90% беларускай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі».

Яшчэ адзін уразьлівы від на Прыпяці — вялікі арлец. Беларусь мае амаль палову сусьветнай папуляцыі гэтых птушак. Яны гняздуюцца ў навакольных лясах і балотах уздоўж поймы Прыпяці.

Е-40 пройдзе праз 11 заказьнікаў рэспубліканскага значэньня. Пакуль толькі дзьве мясцовыя ўстановы выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да суднаходнага праекту: Нацыянальны парк «Прыпяцкі» і Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік.

Аляксандар Вінчэўскі
Аляксандар Вінчэўскі

«Калі мы зьвярнуліся ў дзяржаўныя органы — аблвыканкамы, райвыканкамы, міністэрствы, якія могуць быць закранутыя, — большасьць зь іх нават ня чулі, што такі праект плянуецца, — сказаў Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

На ягоную думку, Е-40 аналягічны савецкаму праекту, калі паўночныя рэкі Сыбіры спрабавалі скіраваць на поўдзень. Аляксандар Вінчэўскі нагадаў, што ў Беларусі ўжо былі прыклады аднаўленьня водных каналаў. Так, на Аўгустоўскі канал было патрачана каля 15 мільёнаў даляраў. Былі таксама прапановы аднавіць Сергучоўскі і Агінскі каналы.

«Ці хто адказаў за неэфэктыўнае ўкладаньне грошай у Аўгустоўскі канал? Яны ня вернуцца ніколі. Таму што ад пачатку эканамічны разьлік быў няправільна зроблены».

На перакананьне экспэртаў, на Е-40 трэба глядзець па-іншаму — як на рэкі, што маюць вялікі патэнцыял для разьвіцьця турызму. Гэта дазволіць захаваць прыроду, прымірыць эканамічнае разьвіцьцё і захаваньне біяразнастайнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG