Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пасьля дывэрсіі на чыгунцы заявілі пра расейскі сьлед


Дональд Туск (справа) на месцы здарэньня
Дональд Туск (справа) на месцы здарэньня

Дывэрсія адбылася ў Мазавецкім ваяводзтве на лініі Варшава — Люблін, якая далей ідзе ва Ўкраіну.

Усё паказвае на тое, што арганізатарамі выбуху на чыгуначным палатне ў Польшчы ў мінулыя выходныя, якія польскія ўлады расьсьледуюць як дывэрсію, былі расейскія спэцслужбы. Пра гэта ў аўторак заявіў афіцыйны прадстаўнік каардынатара польскіх спэцслужбаў Яцэк Дабжынскі, якога цытуе ВВС.

Па словах Дабжынскага, адной з задач дывэрсіі, у выніку якой ніхто не пацярпеў, магло быць адсочваньне рэакцыі польскіх спэцслужбаў і ўладаў на выбух. Ён перасьцярог перад распаўсюджваннем непацьверджанай інфармацыі, якая можа быць «тыповай расейскай дэзынфармацыяй». Якія менавіта доказы могуць указваць на дачыненьне Расеі да дывэрсіі, ён не сказаў.

Міністар спэцслужбаў Польшчы Марчын Кервінскі напярэдадні заявіў, што існуе «вельмі высокая верагоднасьць» таго, што выбух быў ажыццёўлены па загадзе «замежных службаў». Менавіта Расею ён не згадаў.

Напярэдадні прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што выбух на чыгуначным пуці з Варшавы ў Люблін і далей да мяжы Ўкраіны, быў выкліканы «беспрэцэдэнтным актам сабатажу», і паабяцаў знайсьці вінаватых «незалежна ад таго, хто нясе за гэта адказнасьць». Туск таксама выказаў меркаваньне, што пашкоджаньне шляхоў, якое адбылося 16 лістапада, было наўмысным і магло прывесьці да сходу цягніка з рэек і ахвярам.

Усяго, як стала вядома, на лініі Варшава-Люблін пашкоджаньні шляхоў былі зафіксаваны ў двух месцах. У раёне Мікі быў узарваны ўчастак рэек. Ніхто не пацярпеў.

Акрамя таго, на той жа лініі ў раёне Пулаў была пашкоджана электрацяга, а таксама ўстаноўлена перашкода на рэйках.

Сьледчыя выяыілі, як адбылася дэтанацыя выбуховых зарадаў на чыгуначнай лініі Варшава – Люблін: абодва зарады былі падрыхтаваныя да дыстанцыйнага падрыву з дапамогай мабільных тэлефонаў, зарэгістраваных у польскага апэратара. Нумары аформлены на канкрэтныя пашпарты, аднак, як падкрэсьліваюць праваахоўнікі, уладальнікі нумароў не абавязкова маюць дачыненьне да дывэрсіі, бо злачынцы часта выкарыстоўваюць скрадзеныя прылады, паведамляе Польскае радыё.

Зламысьнікі заклалі два выбуховыя зарады: у раёне населенага пункта Міка і паблізу Голэмбя. Па невядомых прычынах спрацаваў толькі адзін зарад. Пашкоджаньні чыгункі, паводле экспэртаў, маглі прывесьці да маштабнай чыгуначнай катастрофы.

Як паведамляе RMF24.pl, спэцслужбы ўжо ідэнтыфікавалі асобу, якая набыла мабільныя тэлефоны і SIM-карты, і валодаюць яе пашпартнымі дадзенымі.

Нацыянальная пракуратура Польшчы кваліфікуе справу як акт тэрарызму і дывэрсіі. Тэлефоны і SIM-карты былі выкарыстаныя для дыстанцыйнай дэтанацыі, што сьведчыць пра добра сплянаваную апэрацыю, да якой, паводле падазрэньняў уладаў, можа быць датычная замежная выведка.

  • У апошнія гады Польшча сутыкнулася з сэрыяй сурʼёзных падпалаў і дывэрсій, у якіх сьледства і прадстаўнікі ўладаў абвінавацілі расейскія спэцслужбы. Гэтыя інцыдэнты разглядаюць у Варшаве як частку так званай гібрыднай вайны Масквы з Захадам.
  • У ліпені польскія ўлады затрымалі 32 чалавек, падазраваных у супрацы з расейскімі спэцслужбамі для арганізацыі дывэрсіяў у краіне. У злачынную групу ўваходзілі грамадзяне Польшчы, Расеі, Украіны, Беларусі й Калюмбіі.
  • Паводле зьвестак Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, злачынствы былі ўчыненыя ці падрыхтаваныя на ўказаньні супрацоўнікаў расейскай выведкі.

Расея адмаўляе абвінавачваньні ва ўдзеле ў дывэрсіях і актах сабатажу ў Польшчы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG