Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’еры Беларусі і Расеі сустракаюцца ў Берасьці на фоне канфлікту вакол нафты і газу


Сяргей Румас прэм'ер-міністр
Сяргей Румас прэм'ер-міністр

Падатковы манэўр Расеі і цэны на газ для Беларусі могуць стаць асноўнымі тэмамі перамоваў прэм’ераў Беларусі і Расеі Сяргея Румаса і Дзьмітрыя Мядзьведзева падчас пасяджэньня так званага саюзнага Саўміна ў Берасьці.

У Берасьці 13 сьнежня адбываецца паседжаньне Савету міністраў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. Прэм’еры Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў плянуюць абмеркаваць 25 пытаньняў, паведамляе сайт «саюзнай дзяржавы». Сярод іх пытаньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, праект саюзнай ваеннай дактрыны, пытаньні паліўна-энэргетычных рэсурсаў на 2019 год.

Паседжаньне праходзіць на фоне абвастрэньня двухбаковых эканамічных стасункаў. Раней паведамлялася, што намесьнік Мядзьведзева Дзьмітры Козак не захацеў абмяркоўваць нафтагазавыя пытаньні зь беларускай дэлегацыяй, якая ўжо прыбыла ў Маскву.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Козак не палічыў магчымым абмяркоўваць эканамічныя пытаньні да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы».

Раней паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным адбылася асабістая публічная спрэчка наконт цэнаў на газ для Беларусі на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады.

Свабода сабрала асноўныя праблемы, якія крыюцца за афіцыйнымі фармулёўкамі парадку дня сустрэчы Румаса і Козака ў Берасьці.

Падатковы манэўр Расеі

Беларускі бюджэт, паводле розных ацэнак, можа недаатрымаць каля 11 мільярдаў даляраў у 2019–2024 гадах з прычыны рэформаў у нафтавай сфэры, якія называюць падатковым манэўрам Расеі. Расейская нафта, якую экспартуе Беларусь, сёньня не абкладаецца падатковым мытам у 30%. Але з правядзеньнем падатковага манэўру гэтая сытуацыя зьменіцца.

Менск разьлічвае на кампэнсацыю стратаў ад падатковага манэўру, але перамовы ідуць няпроста. Пра гэта Свабодзе казаў кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі:

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

«Расея ня хоча ісьці на саступкі, і мы бачым ужо некалькі гадоў, як яна скарачае нам інтэграцыйныя субсыдыі, што прыводзіць да збояў у функцыянаваньні беларускай эканамічнай мадэлі».

Яшчэ ў кастрычніку гучалі лічбы аб патрэбе кампэнсацыі 405 мільёнаў даляраў ад Расеі ў бюджэт Беларусі, каб пакрыць беларускія страты ад падатковага манэўру.

Цана на газ для Беларусі

«Расейскі газ для Беларусі даражэйшы, чым для Нямеччыны», — такую думку 7 сьнежня на перамовах у Пецярбургу з Пуціным выказваў Лукашэнка. Лукашэнку засмучае цана транспартаваньня газу па тэрыторыі Расеі.

Лукашэнка прывёў прыклад — цана прыроднага газу, калі тарыф «Газпрома» на транспартаваньне для Беларусі складае амаль 3 даляры за 1 тыс. куб. м на 100 км, а ўнутраны тарыф у Расеі — каля 1 даляра 1000 куб. м на 100 км.

Пуцін на гэта адказаў, што сёньняшняя цана газу для Беларусі 129 даляраў за тысячу кубамэтраў, а рынкавая была б 200 даляраў.

Але эканамісты тлумачылі Свабодзе, што Лукашэнка ў гэтым пытаньні мае рацыю, бо «транспартаваньне газу па Расеі чамусьці лічацца ў далярах». І гэтая цана паднялася пасьля дэвальвацыі ў 2014 годзе.

Ваенная база і патэнцыйныя страты для сувэрэнытэту Беларусі

Пытаньне, якое можа быць схаванае за шырмай афіцыйных фармулёвак — саступкі Беларусі для Расеі, якія экспэрты называюць стратамі для нацыянальнага суверэнытэту Беларусі. Гэта вынікае непацьверджанай заявы расейскага віцэ-прэмьера Дзьмітрыя Козака аб немагчымасьці абмеркаваньня эканамічных пытаньняў да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Адно з тэарэтычных абмеркаваньняў у Крамлі, што Беларусь пасьля 2021 году, каб забясьпечыць Пуціну палітычную будучыню, можа ўвайсьці ў новы Савецкі Саюз 2.0, дзе ў Беларусі будзе статус Чачэніі ці Абхазіі. Гэта даводзіць да ярасьці Лукашэнку», — казаў Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Палітоляг Юры Чавусаў называў такія саступкі Беларусі для Расеі, як вайсковая база на беларускай тэрыторыі. Афцыйны Крэмль ня раз выказваўся пра патрэбу ў такой вайсковай базе, але Лукашэнка заяўляў, што яна непатрэбная.


Пасьля сустрэчы Мядзьведзева і Румаса перад Новым Годам чакаецца яшчэ адна сустрэча Пуціна і Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG