Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі ўпершыню пракамэнтавала падзеі ў Керчанскай пратоцы


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у гутарцы з журналістамі выказаў пазыцыю Беларусі наконт сытуацыі, якая склалася вакол падзей у Керчанскім праліве, паведамляе БЕЛТА.

Паводле міністра, то, што цяпер адбываецца ў раёне Керчанскай пратокі, пацьвярджае актуальнасьць і рэалістычнасьць тых папярэджаньняў, якія «неаднаразова выказваў Лукашэнка».

«Адносна таго, што мы паступова спаўзаем да прорвы вялікага канфлікту. У апошні раз пра гэта гаварылася на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, — заявіў Макей. — Як мы ўспрымаем гэта? Мы знаходзімся зусім побач. І мы і апасродкавана, і непасрэдна адчуваем на сабе наступствы гэтай канфрантацыі».

Беларусь ня хоча, каб з боку ўдзельнікаў канфлікту гучалі эмацыйныя заявы, якія могуць прывесьці да далейшага росту напружанасьці, бо гэта можа аказаць уплыў ня толькі на рэгіянальную, але і на міжнародную бясьпеку ў цэлым, сказаў Макей. «Калі гэта будзе прымальна адпаведным палітычным гульцам», Беларусь гатовая зрабіць свой унёсак ва ўрэгуляваньне сытуацыі і разрадку напружанасьці ў рэгіёне, падкрэсьліў кіраўнік МЗС.

«Мы адсочвалі заявы, якія былі зробленыя і адным, і іншым бокам. Але прамых кантактаў не было. Вядома, нам важна было б атрымаць і ад аднаго, і ад другога боку аб’ектыўную інфармацыю для таго, каб мець свой рэальны аналіз сытуацыі, зьвязанай з гэтым інцыдэнтам», — дадаў міністар.

Дэлегацыя Беларусі ў АБСЭ таксама выказалася пра канфлікт

Сталая дэлегацыя Беларусі ў АБСЭ выказалася наконт канфлікту Расеі і Ўкраіны ў Азоўскім моры. Адпаведная заява разьмешчаная на сайце беларускага МЗС.

Прадстаўнікі Беларусі ў АБСЭ выказалі глыбокую заклапочанасьць тым, што сытуацыя ў Керчанскай пратоцы можа прывесьці да пагрозы міжнароднай бясьпецы.

«Хацелі б пацьвердзіць сваю гатоўнасьць аказаць любое магчымае садзейнічаньне, якое дазволіла б пазьбегнуць эскаляцыі сытуацыі і наблізіць яе ўрэгуляваньне», — падкрэсьлівае сталая дэлегацыя Беларусі ў АБСЭ.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG