Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БелАЭС пачалі зьбіраць першы рэактар


Будоўля БелАЭС, 12 кастрычніка
Будоўля БелАЭС, 12 кастрычніка

Спэцыялісты кампаніі «Атомстройэкспорт», інжынэрнага падразьдзяленьня расейскай карпарацыі «Росатом», прыступілі да зборкі рэактару першага энэргаблёку Беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы.

Працаўнікі кампаніі правялі апэрацыю, якая завецца пралівам актыўных і пасыўных сыстэмаў бясьпекі на адкрытым рэактары — абяссоленай вадой прамылі сыстэмы аварыйнага ахалоджаньня і кампэнсацыі ціску, прачысьцілі трубапровады.

Як сьцьвярджае «Атомстройэкспорт», праведзеныя работы «пацьвердзілі высокую якасьць мантажу трубапровадаў». Наступны этап работаў — гідравыпрабаваньні і цыркулярная прамыўка трубапровадаў рэактарнага аддзяленьня «на падвышаных парамэтрах».

У верасьні на БелАЭС заяўлялі, што першы блёк Астравецкай АЭС ужо практычна цалкам укамплектаваны працаўнікамі, другі — на палову. На той момант на станцыі працавалі 1353 чалавекі, зь якіх каля 900 былі «апэратыўным пэрсаналам». А «адтоку кадраў» на станцыі не назіралі.

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку цяпер заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Аляксандар Лукашэнка ў верасьні заяўляў, што Расея «сарвала тэрміны» будаўніцтва станцыі (тэрміны запуску сапраўды пераносіліся на год). Але «Росатом» адказаў на гэта, што будаўніцтва «ідзе паводле графіку».

Па-ранейшаму ня вырашанае пытаньне з тым, куды экспартаваць залішкі энэргіі з атамнай станцыі, калі яна будзе запушчаная. На мінулым тыдні стала вядома, што Фінляндыя не захацела энэргіі зь БелАЭС, хоць мае патрэбу ў нерасейскай крыніцы.

Літоўскі ўрад у верасьні мінулага году ўхваліў плян блякаваньня імпарту электраэнэргіі зь БелАЭС, каб ускладніць яе будаўніцтва, бо лічыць станцыю за менш як 50 км ад Вільні пагрозайнацыянальнай бясьпецы. Літва дакарае Латвію за брак балтыйскай салідарнасьці супраць БелАЭС, але сама Латвія не выказвала зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь беларускай станцыі. А Эстонія Літву падтрымлівае.

Польшча таксама не зацікавілася энэргіяй зь БелАЭС: ня мае патрэбы, лічыць праект небясьпечным і падумвае аб уласнай АЭС. Украіна і Расея не выказвалі зацікаўленасьці ў куплі энэргіі зь БелАЭС. А Ўладзімір Пуцін нават заяўляў, што Расея будуе станцыю ў Беларусі «сабе на шкоду».

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна паведамляюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG