Хто з суседзяў маецца на ўвазе ў дакумэнце, не напісана, але Свабода зрабіла свой аналіз.
У Беларусі зацьверджаная Канцэпцыя забесьпячэньня прыгранічнай бясьпекі Беларусі на 2018–2022 гады. Яе 16 кастрычніка падпісаў Аляксандар Лукашэнка, 18 кастрычніка быў апублікаваны поўны тэкст.
У канцэпцыі сьцьвярджаецца, што цяпер забясьпечаны бесканфліктны характар стасункаў з сумежнымі дзяржавамі па памежных пытаньнях, што дзяржаўная мяжа ня ёсьць прадметам тэрытарыяльных спрэчак і прэтэнзіяў, што стан памежнай бясьпекі стабільны.
Але адзначаецца: актыўнасьць крыніцаў і носьбітаў памежнай небясьпекі па-ранейшаму захоўваецца. У канцэпцыі пералічаныя магчымыя небясьпекі, якія могуць перарасьці ў рэальныя пагрозы беларускім межам. У некаторых пунктах сьпісу зьнешніх небясьпекаў можна адгадаць, на каго з суседзяў ёсьць намёк.
Зьнешнія пагрозы беларускай памежнай бясьпецы ў дакумэнце названыя такія:
- Зацягваньне або спыненьне міжнародна-прававога афармленьня дзяржаўнай мяжы. Падобна, тут намёк на Ўкраіну — зь ёй дэмаркацыя мяжы будзе праходзіць да 2026 году; работы па дэмаркацыі і дэлімітацыі мяжы з Расеяй не праводзіліся і не плянуюцца.
- Мілітарызацыя прыгранічных тэрыторыяў сумежных дзяржаў. Тут могуць намякаць і на краіны NATO, і на Расею.
- Рост крымінальнай актыўнасьці на прымежнай тэрыторыі суседзяў, узьнікненьне на памежжы масавых беспарадкаў (пра каго гэта, незразумела), ачагоў збройных канфліктаў (верагодна, намёк на Ўкраіну і магчымасьць пашырэньня канфлікту на Данбасе), а таксама надзвычайных сытуацый прыроднага, тэхнагеннага і іншага характару (гэтага хутчэй баяцца самі суседзі Беларусі ў сувязі зь БелАЭС).
- Выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для транзыту асобаў, зьвязаных з тэрарызмам, экстрэмізмам, незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі, міжнароднымі злачыннымі групамі. Намёк можа быць і на Ўкраіну, якую Лукашэнка вінаваціў у тым, што адтуль у Беларусь ідзе шмат зброі, і на Расею, і непрызнаныя «ДНР» і «ЛНР».
- Узмацненьне міграцыйных патокаў і павелічэньне колькасьці каналаў незаконнай міграцыі празь Беларусь. Наўрад ці тут ідзе гаворка пра мігрантаў з краінаў Эўразьвязу — хутчэй пра Расею, зь якой быў зьвязаны і можа зноў абвастрыцца крызіс з чачэнскімі ўцекачамі. Сам Лукашэнка, прынамсі на словах, моцна пераацэньвае колькасьць уцекачоў з Украіны.
- Парушэньне функцыянаваньня пунктаў пропуску суседзяў на мяжы зь Беларусьсю. Тут могуць намякаць на Расею, якая абураецца беларускім «бязьвізам» і разварочвае некаторых замежнікаў на беларуска-расейскай мяжы; але могуць і на Літву, у якой часта здараюцца тэхнічныя праблемы з пропускам празь мяжу.
- Распаўсюд поглядаў, якія ставяць пад сумнеў законнасьць дзяржаўнай мяжы і дыскрэдытуюць дзейнасьць па яе ахове. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі зрэдку выказваюць хіба асобныя польскія радыкалы, якія называюць польскімі гарадамі Горадню, а таксама Вільню і Львоў; Лукашэнка ж нядаўна сам называў частку Беларусі «расейскай зямлёй». Хоць некаторым беларусам спадабалася жартаваць на тэму сэпаратысцкай «Вяйшнорыі», прыдуманай вайскоўцамі для вучэньняў «Захад-2017».
- Новыя спосабы ўвозу наркотыкаў і псыхатропаў (нярэдка выказваюцца меркаваньні, што асноўная іх маса ідзе з Расеі), зброі і боепрыпасаў (Лукашэнка нядаўна вінаваціў Украіну ў тым, што адтуль у Беларусь ідзе шмат зброі, загадаў узмацніць мяжу; старшыня КДБ ухіліўся ад пытаньня, ці не з Расеі ідзе больш зброі), незаконнае перамяшчэньне радыеактыўных, хімічных, біялягічных і іншых небясьпечных рэчываў і матэрыялаў.
- Зьніжэньне апэратыўных магчымасьцяў памежнікаў і эфэктыўнасьці аховы мяжы (што можа да гэтага прывесьці, не ўдакладняецца); зьніжэньне магчымасьцяў донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі (на каго намёк, невядома).
Унутраныя небясьпекі, якія могуць парушыць памежную бясьпеку або выклікаць масавае нелегальнае перасячэньне мяжы:
- Рост злачыннасьці сярод грамадзянаў і карупцыі ў дзяржаўных органах.
- Сацыяльна-палітычны, рэлігійны і этнічны экстрэмізм; нацыянальная, расавая і канфэсійная нецярпімасьць.
- Парушэньне працы прапускных пунктаў.
- Распаўсюд фэйкаў пра памежную бясьпеку.
- Надзвычайныя сытуацыі блізу мяжы — прыроднага, тэхнагеннага і іншага характару.
Сьпіс магчымых пагрозаў дзяржаўнай мяжы, сфармуляваны пасьля гэтага, фактычна дублюе сьпіс зьнешніх небясьпекаў. Гэтыя пагрозы —
- спрэчкі па праходжаньні мяжы, «у тым ліку з намерам ужыць гвалт»;
- учыненьне збройных правакацыяў пасьля спыненьня кантактаў па памежных пытаньнях;
- тэракты і экстрэмісцкія дзеяньні як тых, хто прыехаў наўмысна ў Беларусь, так і тых, хто ехаў транзытам;
- трансгранічная злачыннасьць і карупцыя, якія могуць выклікаць дэзарганізацыю дзяржаўнага кіраваньня ў памежжы;
- фармаваньне сярод насельніцтва сэпаратысцкіх ідэяў;
- міжэтнічныя і міжканфэсійныя канфлікты;
- абмежаваньне транзытных магчымасьцей і «прывабнасьці» Беларусі;
- пагаршэньне якасьці жыцьця жыхароў памежжа;
- абвастрэньне экалягічнай і санітарнай абстаноўкі на памежжы.