Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу матываваць людзей». Цяжкахворы беларус заснаваў у ЗША фонд, каб дапамагаць землякам


Сяргей Сапоненка
Сяргей Сапоненка

Сяргей Сапоненка нарадзіўся ў Гомлі зь цяжкай формай дзіцячага цэрабральнага паралічу. Ён ня мог размаўляць, варушыць нагамі і рукамі. Хлопчык вучыўся ў савецкім інтэрнаце «для калек». Цяпер у гэты інтэрнат ён прылятае з ЗША — возіць дапамогу дзецям. Сяргей — паэт, мэцэнат, матывацыйны сьпікер, заснавальнік фонду. У ЗША ў яго жонка-прыгажуня, маленькая дачка Даніэла і вялікі дом. Яго сябры жывуць па ўсім сьвеце.

Сьмерць палявала на яго тройчы

Нарадзіўшыся ў 1966 годзе, Сяргей ня дыхаў. Лекары вярнулі яго да жыцьця праз сорак хвілін. Бацькам сказалі: «Доўга не працягне». Цяжкая форма ДЦП ператварыла яго цела ў турму. Ён ня мог гаварыць, варушыць рукамі, нагамі. Вучыўся ў Рэчыцкай школе-інтэрнаце. Такія дзеці не патрэбныя былі ў шчасьлівым савецкім соцыюме, іх стараліся схаваць далей ад вока.

Пасьля 20-годзьдзя сьмерць зноў пачала паляваць на Сяргея. Аднойчы зімой, у мароз, ён быў з бацькамі на лецішчы. Паехаў на вазку падыхаць паветрам. Вазок перакуліўся, Сяргей зваліўся ў сумёт і ляжаў бездапаможны. Бацькі езьдзілі па пасёлку, шукалі яго — дарма.

«Я маліўся Богу. Было нязручна ляжаць, я замярзаў. Аднекуль зьявіўся чалавек, які ўратаваў мяне», — кажа Сяргей. Тады ён нават не захварэў.

Неяк восеньню малады чалавек ехаў на вазку, і на яго звалілася дрэва. Сяргей пачуў крыкі: «Чалавека забіла, чалавека забіла!». Камель упаў за лічаныя сантымэтры ад галавы. Хлопец цудам застаўся жывы.

Пасьля дваццаці ён моцна цярпеў на дэпрэсію. Жыцьцё ня мела сэнсу. Нуднае чаканьне сьмерці ў чатырох сьценах без магчымасьці стасавацца зь людзьмі, сябраваць, жыць напоўніцу. У яго былі добрыя бацькі, сястра. Але і расла пустка ўнутры, якая пагражала паглынуць яго цалкам. Сябры? Свая сям’я? Сяргей баяўся і марыць.

Паверыў у Бога праз атэістычную кнігу

Сяргей любіў чытаць. Гартаў старонкі вуснамі. Неяк яму трапілася атэістычнае выданьне супраць хрысьціянства. Але на хлопца яно зрабіла адваротнае ўзьдзеяньне — ён захацеў прачытаць сапраўдную Біблію.

У памяці ўсплылі ўспаміны зь дзяцінства ў савецкім інтэрнаце. Незнаёмыя жанчыны падышлі да брамкі школы і раздавалі дзецям цукеркі і садавіну. Раптам іх схапіла міліцыя. Жанчынам закруцілі рукі і кінулі ў службовы аўтамабіль. Пазьней выхавальнікі патлумачылі дзецям: «Гэта былі страшныя людзі, баптысты, яны праз цукеркі хацелі завабіць вас у сэкту і там зьдзекавацца з вас».

Хлопец быў уражаны мужнасьцю жанчын, якія пад пагрозай перасьледу частавалі дзяцей-інвалідаў цукеркамі. Хацеў быць падобным да іх. Празь дзесяць гадоў пасьля таго здарэньня яму падарылі Біблію — жанчыны з царквы эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў.

Але як ён, не валодаючы рукамі, нагамі, няздольны размаўляць, мог паслужыць людзям?

Пачаў «дзюбай» пісаць вершы

У 1996 годзе ў хлопца зьявіўся кампутар. Тата зрабіў для Сяргея прыладу: на галаву надзяваўся абруч, да яго прычаплялася мэталічная дуга — і хлопец пачаў складаць вершы. З дапамогай гэтай прылады, якую Сяргей называе «дзюбай», ён напісаў тры тысячы вершаў, выдаў восем зборнікаў. Яшчэ два рыхтуюцца да выданьня.

Песьні на ягоныя вершы выконваюцца на дабрачынных кірмашах і канцэртах у цэрквах ЗША і Нямеччыны. Людзі плацяць грошы за кнігі і дыскі. Усе сродкі ідуць у фонд, затым — у Беларусь.

«Я вярнуся ў Беларусь», — з такой песьні 27 кастрычніка ў Гомлі пачаўся творчы вечар Сяргея. Сьпявалі яго сябры з Украіны Тацяна Ігнацюк і яе дачка Мілена. Сяргей зноў і зноў вяртаецца ў Беларусь з ЗША. Толькі за гэты год яны зь сябрамі прывезьлі дапамогі на дзясяткі тысяч даляраў. Але гэта не галоўнае.

Мілена Ігнацюк
Мілена Ігнацюк

«Я хачу матываваць людзей, хачу дапамагаць ім. І яшчэ — голая праўда. Нам часта адмаўляюць у выступах, бо мы гаворым пра Бога. Часам матэрыяльная дапамога дапамагае адчыняць розныя дзьверы», — сьмяецца Сяргей, зь цяжкасьцю выціскаючы зь сябе словы.

Знайшоў жонку ў ЗША

У Сяргея бяздонныя вочы, добрае пачуцьцё гумару, літаратурны талент і арганізатарскія здольнасьці. Можа, гэта скарыла жыхарку Сакрамэнта Тамару, якая ў 2008 годзе запрасіла Сяргея да сябе? Яна нарадзілася ў Заходняй Украіне і ў 1992 годзе эмігравала ў ЗША. Сяргей называе Сакрамэнта «маленькай Украінай» — там жывуць каля ста тысяч украінцаў.

З жонкай Тамарай і дачкой Даніэлай
З жонкай Тамарай і дачкой Даніэлай

Тамару моцна ўразілі Сяргеевы вершы. Пачалася перапіска. І пасьля доўгіх ваганьняў у 2008 годзе Сяргей паляцеў праз акіян. Прызнаецца, што і ня марыў пра такую жонку.

«Бог даў мне найлепшую жанчыну ў сьвеце. А яшчэ ў нас нарадзілася Даніэла. Гэта цуд», — кажа Сяргей.

Заснаваў фонд «Сіла ў немачы»

Сяргей часам прыяжджаў да бацькоў у Гомель. Пасьля жыцьця ў ЗША ў яго балела сэрца за беларускіх дзяцей-інвалідаў. У 2017 годзе ён стварыў фонд «Сіла ў немачы» і пачаў дапамагаць землякам. На радзіму ён прыяжджае з інтэрнацыянальнай камандай. Гэтай восеньню яго суправаджаюць Тацяна Ігнацюк з дачкой. Яны з Данбасу, Тацяна — музыка, яе дачка Мілена — гукарэжысэр. Працу на Гомельшчыне каардынуе і арганізуе Дзьмітры Каўгуноў. Ён бацька дванаццаці дзяцей, восем зь іх сям’я ўсынавіла.

Сябры Сяргея Сапоненкі разам у кавярні
Сябры Сяргея Сапоненкі разам у кавярні

Штодзень у каманды насычаны графік — сустрэчы ў дамах састарэлых, школах-інтэрнатах, бібліятэках, ВНУ.

«Галоўная ідэя Сяргея — матываваць людзей сваім жыцьцём, падтрымліваць, духоўна запаліць, распавесьці пра той агонь, які гарыць у ім, аказваць матэрыяльную дапамогу тым, хто мае патрэбу. Матываваць да жыцьця, каб, гледзячы на яго, не апускалі рук, ня крыўдзіліся на жыцьцё і людзей, на лёс і Бога», — кажа Тацяна.

«Навучыць людзей лавіць рыбу», — дадае Сяргей.

Ён шмат усьміхаецца. Толькі блізкія людзі ведаюць, што дактары забаранялі яму ляцець — завысокі ўзровень кальцыю ў крыві. Сяргея папярэджвалі — ён можа памерці.

«Я вырашыў — якая розьніца, дзе паміраць? У самалёце яшчэ лягчэй — некалькі хвілін, не пасьпееш і спалохацца», — сьмяецца паэт.

Да прапаноў правесьці «матывацыйнае служэньне» ў Беларусі многія ставяцца насьцярожана.

«Дапамагаюць асабістыя кантакты. Калі людзі ўжо ведаюць нас, што ад нас няма небясьпекі. Звычайна я сам дамаўляюся пра творчыя сустрэчы. Бо хвораму чалавеку цяжэй адмовіць, чым здароваму. Але ў палове выпадкаў адмаўляюць», — кажа Сяргей.

Замест адпачынку ў Італіі паехаў на Данбас

У маі 2018 году сябры прапанавалі Сяргею адпачыць у Італіі. У яго быў выбар: іншыя сябры клікалі на Данбас, у прыфрантавыя раёны. Там людзі жывуць у вялікай нястачы — і матэрыяльнай, і духоўнай. Сяргей паехаў бліжэй да вайны, бліжэй да тых, хто цярпеў. Было шмат узгадненьняў, папераў. Гэтым займаліся ўкраінскія сябры Сяргея.

У прыфрантавой зоне яны выступалі перад украінскімі салдатамі, развозілі мэдычнае абсталяваньне па анкалягічных цэнтрах, бальніцах, дзіцячых дамах. Вельмі не хапала інвалідных вазкоў — каманда прывезла іх.

«У горадзе Кура́хава з прычыны вайны ніякай працы, мы спыталіся — што вам прывезьці? Нам адказалі: прывязіце нам ежу», — кажа Тацяна.

Пасьля Данбасу Сяргей паехаў у Нямеччыну — выступаў там на творчых вечарынах, у розных цэрквах, прадаваў свае кнігі і дыскі.

«Там мы назьбіралі грошай і прыехалі траціць іх у Беларусь», — усьміхаецца Сяргей. Сродкі пайшлі ў дамы састарэлых, школы-інтэрнаты. На дабрачынным канцэрце ў Гомлі каманда зьбіраецца раздаць каля 500 прадуктовых набораў для маламаёмасных.

«Сэнс ня ў тым, што бедная краіна — і вось вам паесьці. У наборах тое, што неабходна людзям з малымі прыбыткамі. Некаторыя сацыяльна праблемныя сем’і не заўсёды могуць правільна разьмеркаваць грошы. Калі мы даём прадукты, то ведаем, што яны трапяць да дзяцей. У кожнага з нас ёсьць такія суседзі, знаёмыя — маламаёмныя, самотныя, старыя. І мы можам іх запрасіць на такі канцэрт. Так можна сабраць многа людзей», — тлумачыць Дзіма.

«Хачу, каб Беларусь вярнулася да сваіх хрысьціянскіх каранёў»

Сяргей сьцьвярджае, што яго род ідзе ад Міхала Радзівіла Чорнага. Той быў хрысьціянінам, пратэстантам.

«Я не кажу нічога новага на сустрэчах. Хрысьціянства — гэта нашы карані. Мая мара — каб разьвіваліся хрысьціянскія каштоўнасьці, каб мы не забывалі сваіх продкаў, таго, хто мы, адкуль мы. Наш Францыск Скарына быў доктарам, а прысьвяціў сваё жыцьцё таму, каб надрукаваць Біблію на беларускай мове. Хрыстос рабіў дабро і казаў пра Царства Божае. Мы стараемся таксама ісьці ў гэтым кірунку», — кажа паэт.

«Сяргей — лепшая матывацыя для людзей, каб ня скардзіцца, не наракаць, працягваць жыць і зьмяніць сваё стаўленьне да жыцьця. Быць удзячнымі», — дадае Тацяна.

«Я паступова паміраю, губляю сілы і здароўе. Таму сьпяшаюся рабіць усё, што трэба, — кажа Сяргей. І прыводзіць радкі са свайго верша: — „Бяз болю на зямлі нельга дасягнуць Неба“».

Перад ім новыя сустрэчы ў Магілёўскай вобласьці. За ім — удзячныя і ўражаныя людзі, якія наведалі творчыя сустрэчы. Недзе нешта прарасьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG