Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомля просяць улады знайсьці 200 мільёнаў даляраў на дарогу і мост


Гомель напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі, ілюстрацыйнае фота. Жнівень 2018 году
Гомель напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі, ілюстрацыйнае фота. Жнівень 2018 году

Больш за тысячу чалавек падпісаліся цягам двух дзён пад зваротам да гомельскіх уладаў і Міністэрства транспарту. Людзі патрабуюць знайсьці сродкі і дабудаваць «усходні абход» у Гомлі — мост цераз Сож і дарогу, якія злучаць мікрараёны Цэнтральны і Навабеліцкі.

Што дасьць Гомлю «Ўсходні абход»?

У Гомлі застаюцца праблемы з мабільнасьцю транспартных патокаў. Колькасьць аўтамабіляў расьце, транзытны трафік праз цэнтар прыводзіць да аварый, павелічэньня часу, каб даехаць з Навабеліцкага да Цэнтральнага раёну. Гамельчукі чакаюць будаўніцтва абходу. Улады кажуць: няма грошай, трэба чакаць больш стабільнай фінансавай сытуацыі.

«Усходні абход» — сорак кілямэтраў шашы, 400-мэтровы мост цераз Сож, пяць дарожных мастоў. Інтэнсіўнасьць руху — 18 тысяч аўтамабіляў за суткі.

Чаго чакаюць ад магістралі?

Ініцыятары пэтыцыі спадзяюцца, што магістраль зможа:

  • разгрузіць цэнтар гораду;
  • злучыць наўпрост Цэнтральны і Навабеліцкі раёны гораду;
  • паскорыць транзыт грузавікоў дарог Е-95 і М-10 з усходу Гомля;
  • зьменшыць колькасьць выкідаў вуглякіслага газу і палепшыць экалёгію;
  • зьнізіць узровень шуму ў цэнтры, у жылых кварталах;
  • даць магчымасьць стварыць роварную дарожку зь бяспечным перамяшчэньнем з раёну ў раён;
  • лягчэй будзе трапіць у мэдыцынскія ўстановы — Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны, шпіталь інвалідаў вайны.

Хто абяцаў такія выгоды гараджанам?

Гомель, ілюстрацыйнае фота
Гомель, ілюстрацыйнае фота

​Абяцаньні давалі колішнія кіраўнікі гарадзкога і абласнога выканкамаў Віктар Піліпец і Аляксандр Якабсон. Плянавалася, што «Ўсходні абход» будзе пабудаваны к 2013 году. Праект і каштарыс быў падрыхтаваны.

На сорак кілямэтраў аўтамагістралі патрэбна 200 мільёнаў даляраў. Восем гадоў таму будаваць абход вызваліся кітайцы. Прынамсі, Шанхайская горадабудаўнічая карпарацыя «праявіла зацікаўленасьць».

Але пайшло ня так.

Хоць нешта зрабілі?

У 2015 годзе была пабудаваная першая частка амбітнага праекту. Усіх этапаў будаўніцтва пяць. На першы выдаткавалі 90 мільярдаў рублёў (да дэнамінацыі). «Мадэрнізацыя працягнецца», — абяцалі ўлады.

Калі — невядома.

Калі не кітайцы, то мо карэйцы?

У лютым 2018 году цікавасьць да будаўніцтва «Ўсходняга абходу» выказалі карэйцы. Яны задумаліся пра ўдзел у праекце.

Вяртаньне інвэстыцый кампаній мяркуецца праз спагнаньне платы за праезд транзытных аўтамабіляў, кампэнсацыйныя выплаты зь бюджэту на ўтрыманьне аб’екта, а таксама праз атрыманьне прыбытку ад заправак, пунктаў грамадзкага харчаваньня, лягістычных цэнтраў.

Пра што пэтыцыя?

У пэтыцыі вядзецца пра тое, што, пакуль абход не дабудаваны, улады робяць горадабудаўнічыя памылкі, пашыраюць вуліцы ў цэнтры гораду.

«Наш зварот — тэст мэнэджэрскім функцыям нашых чыноўнікаў: ці здольныя яны вырашыць гэтую праблему і дабудаваць магістраль. Ясна, што няма грошай. Але на перакладаньне добрай пліткі на лепшую ў цэнтры гораду ў іх грошы ёсьць, на вялізныя пашырэньні вуліц — таксама. Праектам былі зацікаўленыя кітайцы, карэйцы. Але там жа трэба нешта ўзамен даваць або ўмець арганізаваць увесь працэс. А чыноўнікам лягчэй плітку перакласьці і сродкі на іншым засвоіць», — пракамэнтаваў адзін з аўтараў пэтыцыі, кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы Smart Homel Яўген Меркіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG