Кітай экспартуе ў Беларусь 88% тавараў, Беларусь у Кітай — толькі 12%
Дэлегацыя дэпутатаў парлямэнту КНР прыбыла ў Беларусь з працоўным візытам.
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук казаў гасьцям, наколькі важныя для Беларусі сяброўскія дачыненьні з КНР. Кіраўнік кітайскай дэлегацыі Жэнь Сянлян назваў сваю краіну найбуйнешым гандлёвым партнэрам Беларусі ва ўсёй Азіі.
Аднак лічбы афіцыйнай статыстыкі паказваюць іншае — у 2013 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Кітаем склаў 3 мільярды 484 мільёны даляраў. З той пары ідзе пяты год, і дасягнуць гэтай мяжы зноўку партнэрам не ўдаецца. Так, летась краіны супольна нагандлявалі на 3 мільярды 107 мільёнаў, а ў 2016 годзе — на 2 мільярды 583 мільёны. Прычым гандаль гэты цалкам на карысьць кітайцаў. Іхныя пастаўкі тавараў у Беларусь летась склалі 88% ад агульнага аб’ёму. Пры гэтым па выніках 2017 году ў гандлі Беларусі з Кітаем адмоўнае сальда дасягнула максымуму — мінус 2 382 мільёны даляраў.
Экспэрт у галіне Азіяцкага рэгіёну кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін патлумачыў Свабодзе, чаму так атрымліваецца.
«Добрыя стасункі з Кітаем даюць добрыя магчымасьці тым краінам, якія могуць прапанаваць нешта цікавае на велізарны кітайскі рынак. З размоваў з кітайскімі калегамі я ведаю, што там былі б рады беларускім таварам. Але што мы найперш туды экспартуем? Калійныя ўгнаеньні, лён, сухое малако... Усё гэта — вытворчасьць дзяржаўнага сэктару эканомікі. І ў гэтым сутнасьць галоўнай праблемы».
Экспэрт кажа, што ў КНР ладзіць бізнэс ухваляецца ўладамі, там гэтаму садзейнічаюць:
«А ў Беларусі ўсё пад кантролем дзяржавы. Той жа кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“ належыць дзяржаве. Беларусі цяжка нешта зрабіць, каб затым прапанаваць Кітаю. Тое, што дзяржава — найгоршы бізнэсовец, чалавецтву вядома даўно».