Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў пра гатовасьць працаваць «пад кіраўніцтвам» Трампа дзеля міру. Вэнс: прэзыдэнт ЗША па-ранейшаму «адданы ўгодзе»


Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Белым доме 28 лютага.
Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Белым доме 28 лютага.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі апублікаваў пост з ацэнкай свайго візыту ў Белы дом 28 лютага. Ён заявіў, што сустрэча «прайшла ня так, як меркавалася» і выказаў гатовасьць сесьці за стол перамоваў «як мага хутчэй».

«Ніхто з нас ня хоча бясконцай вайны. Украіна гатовая сесьці за стол перамоваў як мага хутчэй, каб наблізіць доўгатэрміновы мір. Ніхто ня хоча міру больш, чым украінцы. Мая каманда і я гатовыя працаваць пад рашучым кіраўніцтвам прэзыдэнта Трампа, каб дабіцца трывалага міру», — напісаў Зяленскі.

Першым этапам урэгуляваньня ваеннага канфлікту ўкраінскі прэзыдэнт назваў вызваленьне палонных, забарону на паветраныя ўдары і «перамір’е на моры».

«Затым мы хочам вельмі хутка прайсьці ўсе наступныя этапы і працаваць з ЗША, каб узгадніць трывалую выніковую ўгоду», — адзначыў Зяленскі.

Ён падкрэсьліў, што Кіеў удзячны ЗША за ўсю дапамогу і падтрымку, а таксама сказаў, што Ўкраіна «памятае момант, калі сытуацыя зьмянілася», маючы на ўвазе рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа даць Кіеву супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin.

«Шкада, што ўсё склалася менавіта так. Прыйшоў час усё выправіць. Мы хацелі б, каб далейшае супрацоўніцтва і стасункі былі канструктыўнымі», — піша Зяленскі. Ён таксама заявіў, што Ўкраіна гатовая падпісаць пагадненьне аб карысных выкапнях і бясьпецы «ў любы час і ў любым зручным фармаце».

Адміністрацыя ЗША не выключае магчымасьці падпісаньня мінэральнага пагадненьня з Украінай, заявіў 4 сакавіка журналістам віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс.

Вось як ён адказаў на пытаньне, ці мае ён яшчэ надзею падпісаць пагадненьне:

— Канечне, маю. Я думаю, што прэзыдэнт па-ранейшаму адданы ўгодзе. Мы пачулі некаторыя пазытыўныя рэчы, але, вядома, пакуль не атрымалі подпісаў ад нашых сяброў ва Ўкраіне».

Ён таксама пракамэнтаваў прыпыненьне вайсковай дапамогі ЗША Ўкраіне, пра што СМІ паведамілі напярэдадні. Па словах Вэнса, гэта было зроблена для стымуляваньня перамоваў.

«Мы хочам, каб украінцы мелі сувэрэнную і незалежную краіну, мы лічым, што яны змагаліся вельмі мужна». Але мы знаходзімся ў пункце, калі ні ЗША, ні Эўропа, ні ўкраінцы ня могуць працягваць гэтую вайну бясконца. «Такім чынам, важна, каб усе селі за стол перамоваў, і прэзыдэнт спрабуе паслаць вельмі выразны сыгнал: украінцам трэба вярнуцца за стол перамоваў і пачаць перамовы з прэзыдэнтам Трампам», — сказаў ён.

Інцыдэнт, пра які кажа Зяленскі, адбыўся падчас адкрытай часткі перамоваў у Авальным кабінэце. Паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і ЗША, а таксама віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам пачалася сварка пасьля таго, як Зяленскі заявіў, што Кіеў не гатовы да спыненьня агню і павінен атрымаць гарантыі бясьпекі ад Вашынгтону. У адказ Трамп сказаў, што Ўкраіна знаходзіцца «ў нявыгадных умовах з пачатку вайны» і «павінна быць удзячная» ЗША, а ўкраінскія ўлады «ня могуць казаць» Беламу дому, хоча ці ня хоча Кіеў спыненьня агню.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG