Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія перастала атрымліваць нафту з Расеі па нафтаправодзе «Дружба». Прычыны невядомыя


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чэхія перастала атрымліваць расейскую нафту па нафтаправодзе «Дружба», паведамляе нацыянальны апэратар MERO. Прычыны спыненьня паставак невядомыя.

У кампаніі заявілі, што на дадзены момант істотных абмежаваньняў на пастаўку нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Чэхіі няма, бо яны былі гатовыя да такога разьвіцьця падзей. Дзяржаўныя рэзэрвы даюць магчымасьць пакрываць дэфіцыт нафты і нафтапрадуктаў на працягу 90 дзён.

MERO тэхнічна гатовая да запуску праекту TAL+: падлучэньне да нафтаправоду IKL у Нямеччыне, злучанага з італьянскім TAL. «Прапускная здольнасьць трубаправоду TAL можа быць павялічана настолькі, што цалкам пакрые спажываньне абодвух нафтаперапрацоўчых заводаў Чэхіі», — гаворыцца ў паведамленьні чэскага апэратара.

Пастаўкі нафты па трубаправодзе «Дружба» перарываліся на некалькі дзён у сьнежні 2024 году. Пасьля гэтага чэскі ўрад выдзеліў апэратару чэскіх заводаў Orlen Unipetrol у выглядзе пазыкі 330 тысяч тон нафты з аварыйных рэзэрваў для пакрыцьця паставак нафты ў выпадку працяглага перабою ў пастаўках.

У 2023 годзе залежнасьць Чэхіі ад расейскай нафты складала каля 60%, у 2024 годзе — 42%. Аналітыкі Цэнтру вывучэньня дэмакратыі лічаць, што Чэхія можа цалкам замяніць пастаўкі расейскай нафты за кошт рэзэрвовых магутнасьцей Трансальпійскага нафтаправоду, павелічэньня імпарту нафтапрадуктаў зь Нямеччыны і выкарыстаньня значных запасаў нафты ў краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG