Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі алігарх Алексін і ягоны сын з жонкай набылі «залатыя» пашпарты Вануату, — расьсьледнікі «Бюро»


Аляксей Алексін. Архіўнае фота
Аляксей Алексін. Архіўнае фота

«Залаты» пашпарт Вануату выдаецца ў рэкордна кароткія тэрміны — ад 1 да 4 месяцаў — і дазваляе рабіць бязьвізавыя паездкі больш як у 100 краін сьвету, адзначае расьсьледніцкая ініцыятыва «Бюро».

«Бюро» даведалася, што «залатыя» пашпарты Вануату атрымалі як мінімум трое вядомых беларусаў: так званы «кашалёк» Лукашэнкі, тытунёвы магнат Аляксей Алексін і ягоны малодшы сын Віталь Алексін разам з жонкай — Надзеяй Алексінай (у дзявоцтве Зайцава).

Расьсьледнікі з спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад выданьня Intelligence Online, паведамляюць, што Алексіны займелі «залатыя» пашпарты яшчэ ў 2022 годзе.

Рэспубліка Вануату разьмяшчаецца на 83 астравах у Ціхім акіяне і вядомая сваімі даступным грамадзянствам і афшорнымі паслугамі. Архіпэляг спэцыялізуецца на продажы так званых «залатых» пашпартоў. Цана пытаньня — 130 тысяч даляраў ЗША. Выдаецца такі пашпарт у рэкордна кароткія тэрміны — ад 1 да 4 месяцаў — і дазваляе рабіць бязьвізавыя паездкі ў 130 краін сьвету, у тым ліку і ў краіны Эўрапейскага Зьвязу.

Аднак усімі бонусамі «залатых» пашпартоў, адзначае «Бюро», Алексіны, імаверна, скарыстацца ня здолеюць: у 2022 годзе Рада Эўропы прыпыніла бязьвізавы рэжым для «грамадзян Вануату» з прычыны гэтай лёгкадаступнай схемы набыцьця пашпарта. У сьнежні 2024 году ЭЗ канчаткова адмяніў бязьвізавы рэжым з Вануату.

Журналіст «Бюро» патэлефанаваў Аляксею Алексіну, каб даведацца, навошта яму і ягоным сваякам спатрэбіліся пашпарты Вануату, але «кашалёк» Лукашэнкі сказаў, што ня чуе пытаньня, і слухаўку больш не здымаў. «Бюро» накіравала яму запыт, аднак Алексін пакуль на яго не адказаў.

Ягоны сын Віталь пракамэнтаваў «Бюро», што ня ведае, што такое пашпарт Вануату:

«У мяне толькі беларускі пашпарт, сіненькі», — заявіў Віталь Алексін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG