Раніцай 16-га кастрычніка актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з выканаўцам абавязкаў партыйнага старшыні Мікалаем Казловым прыйшлі да будынку Дому ўраду.
Тут яны чакалі дэпутатаў, якія ішлі на сёньняшняе пленарнае паседжаньне. Актывісты раздавалі дэпутатам нумар газэты «Народная Воля» ад 12 кастрычніка з публікацыяй аб прапановах зьменаў Выбарчага кодэксу ад 11 дэмакратычных партыяў і рухаў.
Што прапануецца?
Дэмакратычныя партыі і рухі прапануюць зьмены ў чатыры артыкулы Выбарчага кодэксу.
- Артыкул 13 прапануецца дапоўніць палажэньнем пра тое, што назіральнік мае права атрымліваць ад выбарчай камісіі ўсю інфармацыю пра галасаваньне.
- У артыкуле 34 прапісваецца палажэньне, што выбарчыя камісіі фармуюцца найперш з прадстаўнікоў палітычных партый.
- У артыкул 53, які тычыцца датэрміновага галасаваньня, рэкамэндуецца прапісаць, што немагчымасьць выбарнікаў галасаваць у дзень выбараў пацьвярджаецца дакумэнтальна.
- У артыкуле 55 аб падліку галасоў выкласьці так, што кожны бюлетэнь паказваецца ўсім сябрам камісіі і назіральнікам, а затым складаецца ў асобныя стосы пад таблічкай з прозьвішчам кожнага кандыдата.
Ці будуць мяняць Выбарчы кодэкс
Свае зьмены ў выбарчае заканадаўства падрыхтавала міжведамасная камісія пры Цэнтарвыбаркаме. Паводле яе старшыні Лідзіі Ярмошынай, у гэтых прапановах улічана прыкладна палова заўваг, якія выказалі ў свой час назіральнікі АБСЭ. Гэтыя дакумэнты ў лютым 2017 году былі перададзеныя кіраўніку дзяржавы, але ніякай рэакцыі на іх няма.
Свой праект выбарчага заканадаўства падрыхтавала і дэпутатка Ганна Канапацкая. Згодна з рэглямэнтам праходжаньня законапраектаў, яна накіравала яго на ўзгадненьне з зацікаўленымі органамі. Паводле Ганны Канапацкай, было зроблена некалькі прынцыповых заўваг, якія неабходна было ўлічыць. Таму цяпер гэты праект дапрацоўваецца і ў найбліжэйшыя дні зноў будзе накіраваны на экспэртызу.