Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Палата прадстаўнікоў паўтара года не разглядае падрыхтаваныя апазыцыяй папраўкі да выбарчага заканадаўства


Падлік галасоў, архіўнае фота
Падлік галасоў, архіўнае фота

Актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Віктар Бабкін з Горадні пераслаў свайму дэпутату Віктару Русаку зьмены да выбарчага заканадаўства, якія падрыхтавалі супольна дэмакратычныя сілы Беларусі. Спадар Бабкін папрасіў дэпутата разгледзець іх у Палаце прадстаўнікоў.

Некалькі дзён таму дэпутат даслаў адказ, у якім паведаміў, што прапановы аб унясеньні зьмяненьняў у Выбарчы кодэкс «будуць разгледжаныя на пасяджэньні сталай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце».

Падобны адказ на свой запыт атрымаў іншы горадзенскі актывіст Ежы Грыгенч. Дэпутатка Лілія Кірʼяк паведаміла, што прапановы разгледзяць на пасяджэньнях сталых камісій Палаты прадстаўнікоў і працоўнай групы па распрацоўцы і разглядзе зьмяненьняў і дапаўненьняў у заканадаўства ў сфэры выбарчага права «пры паступленьні адпаведнага законапраекту ў Палату прадстаўнікоў для разгляду».

Праект Канапацкай не прайшоў экспэртызы

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая спрабуе ўнесьці прапановы па зьменах выбарчага заканадаўства на разгляд сваіх калегаў яшчэ зь лютага мінулага году. Аднак згодна з рэглямэнтам працы Палаты ініцыятар мусіць прыкласьці да законапраекту заключэньні экспэртаў. Бязь іх дакумэнты проста не прымаюцца.

«Атрыманьне заключэньняў так званых зацікаўленых — даволі працяглы працэс. Іх жа аж некалькі дзясяткаў! Апошнім свой вэрдыкт выносіць Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. На жаль, наш законапраект там экспэртызы не прайшоў. Адтуль паведамілі, што дакумэнт не адпавядае некаторым дзейным заканадаўчым актам. Зараз я буду прыводзіць яго ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі Цэнтру», — тлумачыць затрымку дэпутатка.

Праект Канапацкай і праект дэмсілаў — гэта адзін і той жа дакумэнт

Канапацкая і каардынатар групы дэмсілаў юрыст Антаніна Кавалёва сёньня пацьвердзілі Свабодзе, што законапраект дэпутаткі і законапраект дэмсілаў, які рассылаюць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў актывісты АГП, — гэта адзін і той жа дакумэнт.

Канапацкая: мяне падвялі распрацоўшчыкі законапраекту

Дэпутатка скардзіцца на тых, хто рыхтаваў зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс.

«Вядома, з аднаго боку, ва ўладаў няма палітычнай волі да зьменаў выбарчага заканадаўства. Але, з другога боку, трэба шчыра прызнаць: у падрыхтаваным законапраекце ёсьць супярэчаньні дзейнаму заканадаўству. І гэта праблема таго, што ў апазыцыі, у прыватнасьці ў АГП, няма экспэртаў, якія здольныя прывесьці заканадаўчы акт у адпаведнасьць зь дзейнымі законамі», — сказала Канапацкая.

Дэпутатка кажа, што цяпер яна шукае юрыста, які б мог дасканала «вычысьціць» законапраект.

«А АГП мне ў гэтым не дапамагае. Я разумею, што праводзіць круглыя сталы прасьцей, чым даводзіць дакумэнты да вышэйшай кандыцыі», — скардзіцца Ганна Канапацкая.

Кавалёва: Нацыянальны цэнтар ніколі ня дасьць станоўчага заключэньня

Антаніна Кавалёва
Антаніна Кавалёва

Каардынатар працоўнай групы, якая ад імя дэмакратычных сілаў рыхтавала законапраект, кажа Свабодзе, што над ім працавалі Міхаіл Пастухоў, Мечыслаў Грыб, Аляксандар Дабравольскі ды яшчэ шэраг дасьведчаных юрыстаў. Але, упэўненая спадарыня Кавалёва, Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, якім кіруе намесьнік старшыні Цэнтравыбаркаму Вадзім Іпатаў, заўжды знойдзе падставу, каб не выносіць станоўчай экспэртызы.

«Цэнтар вынес адмоўнае рашэньне двойчы. Першы раз з той прычыны, што мы выключылі са сьпісу тых, хто мае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, працоўныя калектывы, як прапісана ў Канстытуцыі. Але ж сама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што працоўным калектывам няма сэнсу валодаць такімі правамі. Ну добра, ня будзем парушаць Канстытуцыю. Мы перарабілі і вярнулі гэтае права», — кажа Антаніна Кавалёва.

Паводле яе, у Цэнтру было яшчэ некалькі заўваг. Але распрацоўшчыкі не палічылі іх вартымі, акрамя адной, зь якой яны пагадзіліся. Да іншых зрабілі адмысловы камэнтар. І ўсё вярнулі Канапацкай. Тая другі раз зьвярнулася ў Цэнтар і другі раз атрымала адмоўную экспэртызу.

Каардынатар кажа, што свой праект яны аддавалі на міжнародную экспэртызу. І там атрымалі станоўчую рэцэнзію.

«А што тычыцца Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, то яны там, мне падаецца, ніколі не пагодзяцца з істотнай дэмакратызацыяй выбарчага заканадаўства», — рэзюмуе Антаніна Кавалёва.

Тры прынцыповыя зьмены

У апазыцыйным праекце прапісаныя тры галоўныя патрабаваньні дэмсілаў:

  1. Чэсна фармаваць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў.
  2. Адмяніць датэрміновае галасаваньне.
  3. Чэсна і адкрыта лічыць галасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG