Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятаць. Святлана Алексіевіч пра Ганну Паліткоўскую


Ганна Паліткоўская
Ганна Паліткоўская

12 гадоў таму ў пад’езьдзе ўласнага дома была забітая журналістка «Новой газеты» Ганна Паліткоўская.

У справе аб забойстве Паліткоўскай на пажыцьцёвае зьняволеньне былі асуджаныя Сяргей Хаджыкурбанаў і Лом-Алі Гайтукаеў, які памёр у калёніі ў чэрвені летась зь невядомых прычынаў. Розныя тэрміны пазбаўленьня волі былі прысуджаныя яшчэ траім: Рустаму, Ібрагіму і Джабраілу Махмудавым. Родныя і калегі Паліткоўскай патрабуюць выявіць, хто менавіта замовіў забойства, і аддаць яго пад суд. Але гэта так і не было зроблена. Толькі Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) у ліпені сёлета прысудзіў сям’і Ганны Паліткоўскай 20 тысячаў эўраў кампэнсацыі, прызнаўшы, што расейскія ўлады парушылі ў дачыненьні да журналісткі права на жыцьцё.

Імем Ганны Паліткоўскай названыя шматлікія праваабарончыя і прафэсійныя журналісцкія прэміі. Адна зь іх прысуджаецца міжнароднай жаночай праваабарончай арганізацыяй Reach All Women in War. Сёлета прэмію атрымала беларуская пісьменьніца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч:

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

— Па-мойму, Аня як была, так і засталася маральным камэртонам для нас і ў нашым грамадзтве, хоць грамадзтва гэтага ня чуе і ў гэтым не прызнаецца, і сярод журналістаў, хоць таксама далёка ня ўсе на такія стандарты арыентуюцца. Але, напэўна, таму што ў жыцьці нашым усё тыя самыя праблемы, усё тыя самыя здрады, усё тое самае: расчараваньне ў тым, што адбылося, дзе мы апынуліся. Так што Аня як бы жывая.

— Калі б зараз у вас зьявілася магчымасьць гаварыць зь ёй і расказаць ёй пра наша жыцьцё, што б вы расказалі і што б вы ёй сказалі?

— Гэтая размова была б напэўна вельмі падобная на тую, што ў нас аднойчы была, калі мы сустрэліся ў Осла. Мы гаварылі, як ні дзіўна, пра тое, пра што сёньня, напрыклад, гаворым мы, калі мае сябры зьбіраюцца ў мяне дома, пра свой адчай, пра тое, што нельга прабіць гэты мур. Чаму так атрымалася, што мы бясьсільныя, і чаму ўсё больш і больш распадаемся на асобныя атамы, якія тым больш бясьсільныя. Усё менш веры ў людзей зьбірацца ў нейкія групы для супрацьстаяньня. Перашкаджае, вядома, назапашанае расчараваньне. Нават і цэнтральныя імёны, па-мойму, засталіся тыя самыя, усё тое самае. Была вайна ў Чачні, цяпер ва Ўкраіне, у Сырыі, усё тое самае было і ёсьць.

— Раскажыце пра тую размову ў Осла.

Яна казала, што людзей, якія на баку дабра, значна больш, чым мы ведаем

— Цяжка расказваць пра размову наогул. Гэта ж усё так калейдаскапічна, усе адштурхоўваецца ад нейкіх настрояў, ад нечага імгненнага. Яна вельмі шмат гаварыла пра Чачню, вядома. Я памятаю, гадзіны дзьве мы сядзелі, палова гэтага былі яе расказы пра Чачню. Думка, якая мне асабліва запомнілася, — яна казала, што людзей, якія на баку дабра, значна больш, чым мы ведаем, чым яны называюць сябе. Але маюць сьмеласьць адгукнуцца, калі нешта адбываецца, калі нешта патрабуецца ад іх, то яны робяць тое, што трэба, і так, як трэба. Вось менавіта гэтыя людзі дапамагалі ёй у Чачні, хоць многія зь іх потым плацілі за гэта жыцьцём, нават ня толькі сваім жыцьцём, а жыцьцём усёй сваёй сям’і, свайго дома, сваёй маёмасьці. Вось гэта мне асабліва запомнілася, гэтая думка. Вядома, яе роспач (яна, па-мойму, зноў зьбіралася ў Чачню). Роспач, і разам з тым яе бясстрашнасьць. Зь ёй ужо да таго часу вельмі шмат чаго адбылося — і наркотыкі ёй падкідвалі, і ў палоне яна была, шмат чаго яна ўжо зьведала. Побач з такімі людзьмі, ды іх па пальцах пералічыш, было заўсёды сорамна, што ты не дайшоў да канца. Я памятаю сваё адчуваньне: яна дайшла да канца, а я ... мы ня можам гэтага зрабіць, у нас чамусьці няма ні веры, ні сілы для гэтага, ні сапраўднай роспачы.

Мэмарыяльная дошка ў Маскве
Мэмарыяльная дошка ў Маскве

— Ганна змагла надаць вайне твар чалавечай пакуты, яна вельмі выпукла паказала вар’яцкі чалавечы боль у сытуацыі, калі ўсё дазволена і жыцьцё нічога не каштуе. У вас ёсьць такое адчуваньне з таго расказу, які вы ад яе пачулі аб Чачні?

— Так, вось гэта, што так нечакана, толькі што было нармальнае мірнае жыцьцё, і раптам на гэтай самай тэрыторыі, тое, што было велізарнай краінай, у якой мы вырасьлі, раптам людзі робяць адны з аднымі жудасныя, вельмі жахлівыя рэчы. Гэта, вядома, выклікала зьдзіўленьне, узрушэньне. Я думаю, Аня была ўзрушаная да глыбіні душы ўсім гэтым. Я памятаю, мы гаварылі зь ёй, як хутка зьлятае чалавечая культура — у адно імгненьне. Чалавек аказваецца нічым не абаронены, вылазіць нешта зьвярынае або вылазіць нейкая калектыўная пачвара. Гэтыя людзі робяць нейкія зусім сярэднявечныя рэчы адны з аднымі. Зараз мы бачылі гэта ва Ўкраіне. Так што я, калі кажу пра Ганну... Звычайна ў гэтыя дні я часта чую нейкую паэтызацыю яе вобразу, таго, што яна зрабіла. Не, гэта была вельмі страшная праца.

Кветкі на Салавецкім камені ў Санкт-Пецярбургу, 7 кастрычніка 2017
Кветкі на Салавецкім камені ў Санкт-Пецярбургу, 7 кастрычніка 2017

— Вы сказалі, што нічога не мяняецца, нават першыя асобы ўсё тыя самыя застаюцца. А чаму?

Свабодную краіну павінны будаваць свабодныя людзі. А мы бегалі па плошчах і крычалі «Свабода! Свабода!»

— Гэта трэба спытаць ва ўсіх нас. Па-мойму, гэта тое пытаньне, на якое ніхто з нас ня мае адказу. Мы спрабуем — усе, хто яшчэ задае сабе гэтае пытаньне, хто яшчэ ўсё ж на баку дабра, — спрабуем адказаць і шукаем адказ на гэтае пытаньне. Гэтага пытаньня няма на ўзроўні эмоцый, на ўзроўні нашых жаданьняў, апраўданьняў, якія мы шукаем. У 90-я гады мы ўсе былі рамантыкі, мы думалі, што заўтра будзе добрае жыцьцё. А з чаго мы вырашылі, што яно будзе заўтра? Ня можа ж чалавек, які ўсё жыцьцё быў у лягеры і толькі выйшаў за браму лягеру, быць свабодным на другі дзень. Усё, што ён ведае, — гэта толькі лягер, гэта толькі вайна. Свабодную краіну павінны будаваць свабодныя людзі. А мы бегалі па плошчах і крычалі «Свабода! Свабода!», уяўленьня ня маючы, што гэта такое, ніхто ня ведаў з нас, што гэта такое. Мы не ўяўлялі, якая гэта велізарная праца. Цяпер гэта антызаходніцтва, антыамэрыканізм, які расквітнеў пышным цьветам, — усё гэта гаворыць пра тое, што гэтыя чаканьні абярнуліся нейкай агрэсіяй. Наша ўласная несвабоднасьць, нашае няўменьне адпавядаць, нашае няўменьне зразумець, што трэба, якая вялізная праца для ўсяго гэтага патрэбная, прывялі да такога адарваньня, да нянавісьці. Але калі казаць пра палітыкаў, то зь іх боку гэта проста злачынства, гэта поўнае неразуменьне, у які час мы жывем, якія каштоўнасьці патрэбныя. Але, як бы там ні было, гэтыя каштоўнасьці растуць, прарастаюць, хай пакуль на ўзроўні філязофіі, на ўзроўні нейкіх такіх адчайных людзей. Людзі ўсё ж хочуць быць людзьмі, а ня нейкімі прыдаткамі нейкіх ваенных інтарэсаў і ваенных уяўленьняў, якія ў галаве ў палітыкаў, паколькі іншых уяўленьняў у галаве няма, іншай культуры ў галаве няма, толькі гэтая культура. Калі я бачу, напрыклад, гэтыя бясконцыя патасныя паказы, кожны дзень або празь дзень па тэлевізары, альбо крэйсэра, альбо танка, альбо самалёта: во які ў нас, у рускіх! — лепш, чым у Амэрыцы, маўляў, ракета, якая можа забіць людзей бог ведае за колькі тысяч кілямэтраў, — мяне ахоплівае толькі жах: гэта ўсё, да чаго людзі прыйшлі?! Столькі кніжак напісана, столькі думак, столькі крыві, і ўсё роўна засталося толькі вось гэта. Нядаўна ў мяне ў гасьцях былі дзьве мілыя жанчыны, адна зь іх прафэсар. Раптам яна, нечакана перайшоўшы на нейкі падвышаны дыскант, сказала: «А ты ведаеш, Сьвятлана, якая зброя ў Пуціна, як ён вось гэта!» Я проста ў жаху глядзела: што ж адбываецца з намі сёньня, калі сядзіць прыгожая жанчына і проста вішчыць ад радасьці, што ёсьць нейкая жалязяка, якая можа так далёка забіць нейкіх невядомых людзей. Вы ведаеце, напэўна, бывае нейкая эпідэмія, яна ахоплівае чалавечую сьвядомасьць, а потым людзі як быццам апрытомніваюць пасьля фашызму, камунізму, пуцінізму, лукашызму, сталінізму ... Дзе гэты Сталін з усімі жахамі? Шкада толькі, што жыцьцё наша маленькае, — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG