Усе ведаюць, што наркотыкі, алькаголь і тытунь разбураюць арганізм чалавека. І тым ня менш людзі тысячагодзьдзямі не адмаўлялі сабе ў лёгкім «кайфе», з чаго б той не вырабляўся. І адмаўляцца ў агляднай будучыні не плянуюць. Лягічна, што калі зло немагчыма выкараніць, яго варта па магчымасьці хаця б абмежаваць.
Але ёсьць рэчывы, якія забараняюцца ў прынцыпе, а за іх продаж прадугледжана жорсткае пакараньне. Гэта так званыя цяжкія наркотыкі кшталту гераіну. Цяжкі наркотык вельмі хутка зьнішчае чалавека псыхічна і фізычна.
Калі б гераін прадаваўся на кожным кроку, як чыпсы і па цане чыпсаў, досыць хутка большасьць грамадзянаў краіны ператварылася б у людзей з інваліднасьцю, а неўзабаве памеры могілак павялічыліся б з геамэтрычнай прагрэсіяй. Бо на наркотыкі «сядаюць» у першую чаргу юныя — з прычыны сваёй жыцьцёвай недасьведчанасьці, цікаўнасьці і самаўпэўненасьці — «я толькі пакаштую разок — і ўсё». Таму за гераін перасьлед жорсткі. Гэта рацыянальны клопат дзяржавы пра чалавека, клопат пра функцыянаваньне грамадзтва як сыстэмы ў найбліжэйшай і аддаленай будучыні.
Але ёсьць і гуманітарны клопат пра чалавека. Гэта ўсьведамленьне таго, што наркаман — ахвяра. Гэта хворы чалавек, які страшна пакутуе. У грамадзтвах, дзе разьвітая спагада да асобы, гераіншчыка ў турму не пацягнуць. Пацягнуць гандляра.
А яшчэ ў здаровых грамадзтвах, дзе ёсьць клопат пра чалавека, адрозьніваюць ступень небясьпекі таго ці іншага наркатычнага рэчыва, у тым ліку алькаголю. Таму існуе разгалінаваная сыстэма адказнасьці за захоўваньне і распаўсюд наркатычных рэчываў. А таксама разуменьне, што турма не выпраўляе чалавека, а ў большасьці выпадкаў крыміналізуе. Яшчэ адзін рацыянальны падыход дзяржавы — не пладзі крыміналітэту, саджай за краты ў крайніх выпадках: не для таго, каб выправіць, а для таго, каб ізаляваць пэрсону, якую ўжо ня выправіш. Спрошчана кажучы, калі ў краіне забароненая марыхуана, але нейкі юнак папаўся з «касяком», яго ня варта саджаць за краты. Гуманізм — таксама рацыянальнасьць.
Што адбываецца ў Беларусі? Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу за знойдзены ў юнака ў кішэні «касяк травы» робіць з чалавека злачынцу, якога варта пасадзіць у няволю да 5 гадоў. Гэта для пачатку. Па спасылцы шмат варыянтаў, калі перайманьне ямайскіх растаманаў можа зламаць вам усё жыцьцё. Сам сабе тлуміш галаву лёгкім наркотыкам, але цябе саджаюць як чалавека, які пагражае ўсяму грамадзтву. Чаму?
Таму што дзяржаўная сыстэма працуе не для грамадзян (чытай — падаткаплатнікаў), якія скінуліся на сэрвіс пад назвай «дзяржава». Дзяржаўная сыстэма працуе сама для сябе. А як ацаніць эфэктыўнасьць працы, напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў? «За мінулы квартал мы раскрылі злачынстваў на 12% болей, чым за аналягічны квартал летась!» — «Вось вам прэмія». — «Служу Рэспубліцы Беларусь!». Гэтыя 12% — тыя самыя юнакі з «касячкамі».
Юнакі езьдзяць у суседнія краіны, езьдзяць далей у Эўропу, яны ня ведаюць беларускіх законаў, затое бачаць, што там, за мяжой, за пэўныя «свавольствы» пакараньня няма ці яно вельмі лагоднае. А пасьля прылятаюць у Менск зь Ібіцы з таблеткай экстазі, за якую за мяжой атрымалі б у горшым выпадку штраф, а ў Беларусі — 12 гадоў турмы! За забойства часам меней даюць.
Чаго дамаглася дзяржава тым, што зрабіла такія неадэкватныя злачынству пакараньні? Што будзе з краінай, што будзе зь дзяржавай, калі вы за нязначныя правіны перасаджаеце палову юнакоў? «Гэта ня наша кампэтэнцыя».
Беларусь — сталы сусьветны лідэр у алькагалізме, забойствах на бытавой глебе (лічы, гэта той жа алькагольны фактар) і самагубствах (той самы фактар у немалой ступені). Алькаголь грошы дае, а наркотыкі — не. Зьеў таблетку — скраў у дзяржавы грошы.
Дзяржаве патрэбны дзясяткі тысяч маладых людзей, зьнявечаных турмой за тое, што дзесьці далі нязначнага маху альбо сталі ахвярамі абставін? Гэта — людзі, сярод якіх мы ўсе жывём, і колькасьць ахвяраў множыцца. «Маці-328» зьвярнуліся ў Палату прадстаўнікоў, просяць лібэралізаваць антынаркатычнае заканадаўства. Думаю, падтрымка гэтых маці — першы крок да гуманізацыі ўсяго беларускага грамадзтва.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.