Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арганізацыя, якая памірае». Для чаго цяпер патрэбен СНД


Падчас нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД у Расеі. 26 сьнежня 2017 году
Падчас нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД у Расеі. 26 сьнежня 2017 году

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся ў Душанбэ, дзе 28 верасьня пройдзе саміт кіраўнікоў краін СНД пад старшынствам прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона. Перад гэтым зьбяруцца міністры замежных спраў дзяржаваў СНД.

Афіцыйна паведамляецца, што ў парадку дня саміту пытаньні «як бягучай дзейнасьці Садружнасьці, так і разьвіцьця далейшага ўзаемадзеяньня ў розных сфэрах па ключавых кірунках».

У Душанбэ заплянаваныя асобныя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі Расеі і Таджыкістану — Уладзімірам Пуцінам і Эмамалі Рахмонам.

У экспэртаў большую цікавасьць выклікаюць вынікі анансаваных перамоваў у Душанбэ Пуціна і Лукашэнкі па нафтагазавых пытаньнях, чым саміту СНД.

Гісторыя стварэньня СНД

Сьцяг Садружнасьці незалежных дзяржаў
Сьцяг Садружнасьці незалежных дзяржаў

Садружнасьць незалежных дзяржаў (СНД) зьявілася ў канцы 1991 году як міжнародная арганізацыя, якая пасьля роспуску СССР была закліканая ўрэгуляваць палітычныя і эканамічныя стасункі паміж былымі савецкімі рэспублікамі. Ад СНД адразу адмовіліся Літва, Латвія і Эстонія, якія ўзялі курс на эўрапейскую інтэграцыю. Астатнія 12 экс-савецкіх тэрыторый падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве.

Войны на прасторах СНД

На прасторах СНД далей тлеюць замарожаныя канфлікты, разгараюцца новыя войны.

Армэнія і Азэрбайджан больш за чвэрць стагодзьдзя ня маюць дыпляматычных дачыненьняў праз статус Нагорнага Карабаху — кожны з бакоў лічыць гэтую тэрыторыю сваёй. Апрача таго, Армэнія захапіла трэцюю частку тэрыторыі Азэрбайджану па-за Карабахам.

Баявыя дзеяньні паміж армянамі і азэрбайджанцамі фіксуюцца з большай ці меншай актыўнасьцю, да міру паміж дзьвюма краінамі СНД далёка.

Урад Малдовы ад 1990 году не прызнае так званую Прыднястроўскую рэспубліку — тэрыторыю, якая ў аднабаковым парадку абвясьціла незалежнасьць ад Кішынёва і курс на ўваходжаньне ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

У 2008 годзе аналягічныя праблемы ў выніку ўзброенага канфлікту з Расеяй атрымала Грузія — пры падтрымцы расейскай арміі Абхазія і Паўднёвая Асэтыя заявілі пра «сувэрэнітэт» ад Тбілісі. На 8 дзён расейскае войска ўварвалася на тэрыторыю Грузіі па-за гэтымі аўтаноміямі, набліжалася да Тбілісі.

У 2013 годзе пад лёзунгам «абароны расейскамоўных» Масква ажыцьцявіла анэксію Крыму, а пасьля інсьпіравала вайну на Данбасе. Там ужо загінула больш дзесяці тысяч чалавек, паўтара мільёна вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца, Расея адмаўляе свой удзел у ім, але дапамагае сэпаратыстам зброяй, фінансамі і байцамі.

Хто і калі пакінуў СНД

Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Вышэйшага Савету СНД у Менску. Фота з альбому «Аляксандар Лукашэнка – Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь», выдадзенага ў 1997 годзе
Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Вышэйшага Савету СНД у Менску. Фота з альбому «Аляксандар Лукашэнка – Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь», выдадзенага ў 1997 годзе

​Цягам 26 гадоў існаваньня СНД толькі страчвала ў колькасным складзе. У 2005 годзе Туркмэністан заявіў, што будзе ўдзельнічаць у арганізацыі толькі ў якасьці асацыяванага чальца.

У жніўні 2009-га афіцыйна выйшла з СНД Грузія — у адказ на ваенную агрэсію з боку Расеі 2008 году. У жніўні 2018 году сваё прадстаўніцтва пры статутных органах СНД закрыла Ўкраіна — прычынай стала расейская анэксія Крыму і разьвязваньне вайны і падтрымка сэпаратыстаў на Данбасе.

У розны час заяўлялі пра жаданьне ўступіць у СНД Татарстан, Чачня, Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, Нагорна-Карабахская Рэспубліка, а таксама самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР». Але ўсурʼёз іхныя заявы не разглядаліся.

Экспэрт: СНД сваю функцыю вычарпала

Палітоляг Уладзімер Падгол мяркуе, што сёньняшняя мадэль СНД патрэбна толькі для арганізацыі сустрэч кіраўнікоў краінаў.

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

«СНД — арганізацыя, якая памірае, — кажа Падгол. — Сваю функцыю для бяскроўнага разыходжаньня „закладнікаў імпэрыі“ яна выканала, і цяпер яе галоўная місія — дыпляматычная. То бок, даць магчымасьць лішні раз сустрэцца. Каб кіраўніку Беларусі паразмаўляць зь дзясяткам сваіх калегаў, колькі трэба зрабіць візытаў? А тут графік удакладнілі, у адным месцы сабраліся ды пагутарылі. Прынамсі зэканомілі на часе, на пералётах. Але ў палітычным сэнсе гэтае ўтварэньне зусім пустое, без аніякіх функцый. Нуль рашэньняў, адны дэклярацыі».

Альтэрнатывы СНД на постсавецкай прасторы

Ілюстрацыйнае фота. Прэм'ер-міністры краінаў ЭўрАзЭс на сустрэчы ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. 19 кастрычніка 2011 году
Ілюстрацыйнае фота. Прэм'ер-міністры краінаў ЭўрАзЭс на сустрэчы ў Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. 19 кастрычніка 2011 году

Паралельна з існаваньнем СНД былыя краіны СССР стваралі іншыя інтэграцыйныя структуры.

Цягам 2001-2014 гадоў шэсьць краінаў былі абʼяднаныя ў эканамічны саюз ЭўрАзЭс — Эўразійскую эканамічную супольнасьць. Пазьней гэтая арганізацыя зьнікла ў сувязі са зьяўленьнем Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Ад 1 студзеня 2010 году запрацаваў Мытны саюз паміж Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй, які прадугледжваў стварэньне агульнай мытнай прасторы. Яшчэ праз два гады пачала функцыянаваць Адзіная эканамічная прастора для гэтых жа краінаў, заснаваная для свабоднага руху ня толькі тавараў, але і паслуг, капіталу, працоўнай сілы. Ад пачатку 2015-га дзейнічае Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС), які таксама заснавалі Беларусь, Казахстан і Расея, а пазьней да яго далучыліся Армэнія і Кіргізстан.

Зона свабоднага гандлю не запрацавала

Паступова трансфармаваліся і галіновыя структуры СНД, ад пачатку створаныя дзеля эканамічнай, вайсковай, гандлёвай супрацы.

Эканамічны саюз постсавецкіх краінаў шматразова перапісваўся, але ня меў рэалізацыі. Першая спроба дамовіцца пра зону свабоднага гандлю ў СНД у 1994-м не была даведзеная да лягічнага завяршэньня. Праз 15 гадоў да пагадненьня зноў вярнуліся. У кастрычніку 2011-га яго падпісалі прэмʼер-міністры 11 краінаў; фармальна яно пачало дзейнічаць праз два гады толькі паміж Украінай, Расеяй, Беларусьсю, Малдовай і Армэніяй. На гэты момант зона свабоднага гандлю не працуе, гандлёвыя войны паміж Расеяй, Украінай і Беларусьсю працягваюцца.

«У эканамічным сэнсе ўсё вырашаецца ў двухбаковым парадку, — мяркуе Ўладзімер Падгол. — У Эўразійскага эканамічнага саюзу свая структура, больш шчыльная. Там існуе дамова пра агульны рынак ЭАЭС, хоць, як паказвае практыка, супярэчнасьцяў больш чым дастаткова. Паміж іншымі краінамі СНД некія калектыўныя пагадненьні адсутнічаюць. Гэта значыць, няма эканамічных рашэньняў, якія б выконваліся ўсімі разам».

Вайсковае супрацоўніцтва

Ілюстрацыйнае фота. Вайсковыя вучэньні АДКБ у Армэніі, верасень 2012 году
Ілюстрацыйнае фота. Вайсковыя вучэньні АДКБ у Армэніі, верасень 2012 году

Вайсковая інтэграцыя адбываецца цалкам пад кантролем Масквы. У рамках СНД існуюць дзьве паралельныя калектыўныя вайсковыя структуры. Першая — Савет міністраў абароны СНД са штабам каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва, створаная для выпрацоўкі адзінай ваеннай палітыкі. Другая — Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) зь сіламі хуткага разгортваньня.

У канцы 1990-х Азэрбайджан, Грузія і Узбэкістан выйшлі са складу АДКБ і разам з Украінай і Малдовай заснавалі ГУАМ (Узбэкістан пасьля спыніў сяброўства ў гэтай арганізацыі).

АДКБ прымае сумесныя рашэньні, ладзіць вучэньні, для Расеі арганізацыя — легалізацыя прысутнасьці ў Цэнтральнай Азіі.

Туманныя пэрспэктывы

Нягледзячы на замарожанасьць дзейнасьці СНД у бальшыні сфэраў, у цяперашнім фармаце арганізацыя можа існаваць «колькі заўгодна доўга», лічыць Ўладзімер Падгол.

На ягоную думку, цяпер актуальная толькі адна функцыя сакратарыяту арганізацыі, які разьмяшчаецца ў Менску — узгадніць працоўны графік прэзыдэнтаў, каб сабраць усіх у канкрэтны дзень у нейкай сталіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG