Больш за 6500 жыхароў Бараўлянскага сельcавету падпісаліся пад зваротам у дзяржаўныя органы супраць ушчыльненьня гэтага менскага прыгараду і высечкі ляснога масіву пад будаўніцтва. Аднак ні мясцовыя ўлады, ні цэнтральныя дзяржаўныя органы не прыслухаліся да іх.
Такая выснова была зробленая на сустрэчы жыхароў Бараўлянаў, калі ім стала вядома, што дэпутаты Менскага райсавету зацьвердзілі карэктаваньне Генпляну забудовы пасёлку Бараўляны, якім узаконена высечка старога лесу дзеля ўзьвядзеньня жыльля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. 25 верасьня завершыўся тэрмін грамадзкага абмеркаваньня праекту.
Прычына канфлікту
«Інакш чым барбарствам тыя пляны назваць немагчыма, — заявіў актывіст з Бараўлянаў Іван Вайтовіч, які працаваў над Генэральным плянам Менску ў якасьці адмыслоўца ў галіне гігіены жылога асяродзьдзя. — Сельсавет і Менскі райвыканкам пры падтрымцы аблвыканкаму хочуць зьнішчыць 5 гектараў лесу — а гэта сапраўдныя „лёгкія“ нашага раёну. Участак разьмешчаны побач з індывідуальнай жылой забудовай у Бараўлянах і пасёлкам Досьледны. Па суседзтве зь ім стаіць Дзіцячая вёска для дзяцей-сірот і РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі».
Гісторыя пратэстаў
Першыя пратэсты ў Бараўлянах здарыліся вясной 2016 году. Людзі выступілі супраць высяканьня лесу і будоўлі каналізацыйнай катлавіны пад вокнамі іх дамоў. Тады кіраўніцтва ЖКГ Менскай вобласьці запэўніла, што праект прайшоў дзяржаўную экспэртызу і атрымаў усе належныя ўзгадненьні дзяржаўных устаноў. Да вырашэньня канфліктнай сытуацыі будаўнікі пасьпелі сьпілаваць некалькі сотняў дрэваў.
Аднак летась у верасьні камунальнікі зноў вярнуліся, пачаўшы пазначаць чырвонай фарбай асуджаныя на высяканьне сосны. Пасьля таго, як пратэстоўцы разьбілі ў лесе намётавы лягер і прыгразілі масавымі акцыямі, бэнзапілы на нейкі час зачахлілі.
Пазыцыя ўладаў
Амаль год працягвалася актыўнае ліставаньне жыхароў зь дзяржаўнымі структурамі, але сёлета 24 жніўня на пазачарговай сэсіі Менскага райсавету было разгледжанае пытаньне аб зацьвярджэньні карэктаваньня горадабудаўнічага праекту «Генэральны плян пасёлку Лясны і вёскі Бараўляны».
Як пацьвердзілі Свабодзе ў офісе прадпрыемства «БелНДІгорадабудаўніцтва», яшчэ да ўхваленьня з боку дэпутатаў праект агульнага плянаваньня атрымаў станоўчае заключэньне ў дзяржаўнай установе «Дзяржбудэкспэртыза» па Менскай вобласьці, а значыць, нішто не замінае прыступіць да яго рэалізацыі. Гэта прадугледжвае ў тым ліку высечку 4,8 гектара ляснога ўчастку, на месцы якога будуць узьведзеныя аб’екты інфраструктуры.
На сэсii Менскага райсавету 24 жніўня было вырашана пабудаваць тры шматкватэрныя дамы ў Бараўлянах, яшчэ тры ўжо ўзводзяцца. Працягваецца будаўніцтва камэрцыйнага кварталу «Аляксандраў-Парк» і двух дамоў у Ляскоўцы. Пры гэтым не хапае сацыяльнай інфраструктуры.
Наступ на Чырвоную кнігу
Паводле актывіста Івана Вайтовіча, жыхары Бараўлянаў дзьвюма рукамі за тое, каб у пасёлку зьявіліся новыя садкі і школы. Але дзеля гэтага няма патрэбы зьнішчаць лес — хапае тэрыторыі, на якой можна і трэба весьці такое будаўніцтва.
Па-другое, кажа ён, пацярпяць ня толькі дрэвы і людзі, якія жывуць побач. Згодна са справаздачай Навукова-практычнага цэнтру НАН па біярэсурсах, Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі імя Купрэвіча і геаграфічнага факультэту БДУ, на тэрыторыі гэтага кварталу Бараўлянскага лясьніцтва выявілі рэдкія віды расьлін і жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасьці, перададзеныя пад ахову месцы, дзе расьце чырвонакніжная лілея кучаравістая. Таксама выяўлены рэдкі від жука —борас Шнэйдэра, які зьяўляецца індыкатарам высокакаштоўных лясных біятопаў. Аднак ніводзін чыноўнік ня хоча прызнаваць памылак, якія ўжо набылі сыстэмны характар.
Не хапае інфраструктуры
Паводле Вайтовіча, уладамі ігнаруюцца нормы дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі, якая забараняе будаўніцтва на ляндшафтна-рэкрэацыйных тэрыторыях, калі гэта не зьвязана з рэкрэацыйнай функцыяй. Таксама парушаецца артыкул 38 Кодэксу аб зямлі, які дапускае высяканьне лесу толькі пры адсутнасьці іншых месцаў для будаўніцтва.
Пры гэтым у Бараўлянах і Лясным не выконваецца прынцып крокавай даступнасьці школаў і садкоў. Як мяркуе актывіст, не вырашае задачу забесьпячэньня такога прынцыпу і новы Генэральны плян: замест разьмяшчэньня аб’ектаў у месцах найбольшай канцэнтрацыі жыхароў, яны выдаляюцца ў процілеглую частку населеных пунктаў, канцэнтруючыся ў адным месцы. Тысячы дзяцей з жылых кварталаў «Зялёны Бор» ды іншых фактычна выключаныя з праграмы крокавай даступнасьці.
Прапановы жыхароў Бараўлянаў
Актывісты з Бараўлянаў прапануюць уласнае вырашэньне канфлікту, які цягнецца трэці год.
- забудоўніку жылых кварталаў «Зялёны Бор» выканаць абавязаньні ў будаўніцтве паркінгаў (пасёлак Лясны)
- пабудаваць мінімум два ўнутрыквартальныя дзіцячыя садкі (пасёлак Лясны)
- узьвесьці дадатковы корпус-прыбудову да Бараўлянскай сярэдняй школы № 1
- трансфармаваць тэрыторыю прамысловай зоны ў Бараўлянах, дзе дастаткова аб’ектаў (у тым ліку старых), якія выкарыстоўваюцца неэфэктыўна
- разгледзець пад школу ці садок тэрыторыю Менскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі з улікам заплянаванага вынасу гэтай установы.
Прапановы гэтыя накіраваныя ва ўсе зацікаўленыя органы ўлады.
Як сказаў Іван Вайтовіч, з дапамогай арганізацыі «Экадом» жыхары Бараўлянаў зьбіраюцца абскардзіць у судзе вынікі дзяржаўнай экспэртызы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе ў выпадку рэалізацыі праекту з высечкай лесу.
У Бараўлянах і прылеглых населеных пунктах пражывае каля 40 тысяч чалавек. У Бараўлянах дзейнічаюць 2 школы і гімназія, перагружаныя ў 2,5 раза. Ад таго, што сацыяльная інфраструктура разьвітая слаба, 1,5 тысячы дзяцей возяць у менскія садкі, 2 тысячы — у менскія школы.