Расейскія абаронцы жывёлаў ужо некалькі гадоў вядуць барацьбу з жывадзёрамі, якія зьдзекуюцца з жывёлаў, здымаюць катаваньні і пакутлівыя сьмерці на відэа і выкладваюць гэтыя ролікі ў інтэрнэт. Вынікі чарговага расьсьледаваньня, у якім удзельнічалі хакеры, прывялі ў Мазыр.
Мясцовыя абаронцы жывёлаў былі шакаваныя навіной, якую даведаліся ад расейскіх калег, паведамляе тэлеканал «Мазыр». Шматлікія відэа, у якіх кацянят падпальваюць, тушаць аб іх недакуркі, заліваюць кіпенем, расчляняюць, распаўсюджваліся праз інтэрнэт. Пошукі аднаго з аўтараў відэа прывялі ў Мазыр.
Сам садыст у перапісцы з расейскімі жывадзёрамі прызнаўся, што колькасьць яго ахвяр пераваліла за дзясятак. Таксама ён выхваляўся тым, што яму па аб’явах «у добрыя рукі» аддаюць кацянят. Прычым, перад тым як забраць малых, ён прасіў апрацаваць іх ад глістоў і блох.
На дадзены момант матэрыялы незалежнага расейскага расьсьледаваньня перададзеныя ў мазырскія праваахоўныя органы. Мясцовыя міліцыянты праводзяць сваю праверку.
У Расеі ўжо прайшлі суды над жывадзёрамі, якія бралі жывёлаў па абʼявах або знаходзілі іх а пасьля іх катавалі і па-зьверску забівалі, здымаючы гэта відэа і выкладаючы ролікі ў інтэрнэт. Фігуранты гэтых справаў у Расеі атрымалі рэальныя тэрміны. Чым скончыцца мазырскі прэцэдэнт, пакажа час.
Сёлета ў ліпені ў Беларусі законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» шосты раз вярнулі на дапрацоўку. Законапраект пад ціскам грамадзкасьці быў уключаны ў плян на 2015 год, адмысловая рабочая група распрацавала канцэпцыю, але ўрад яе адрынуў. Было вырашана вярнуцца да варыянту, які выносіўся на разгляд у 2011 годзе і не прайшоў другога чытаньня. Зь невядомай прычыны дапрацоўкай кіравала не Міністэрства прыроды, а Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. У 2016 годзе законапраект прайшоў праз грамадзкае абмеркаваньне, актывісты крытыкавалі яго за тое, што ён можа ўзаконіць жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
Да нядаўняга часу за жорсткае абыходжаньне з жывёламі маглі караць паводле Адміністрацыйнага кодэксу як за хуліганства. Адпаведны артыкул у Крымінальным кодэксе зьявіўся толькі ў 2015 годзе. Паводле яго, караць можна ў выпадках, калі дзеяньне ўчынена з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненьняў або ў прысутнасьці малалетняга і калі яно «пацягнула за сабой сьмерць ці калецтва жывёлы».