29 жніўня ў судзе Савецкага раёну Менску пачынаецца працэс супраць газэты «Новы час».
Пазоў аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі падаў бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч, які патрабуе ад незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ 1 тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына, аўтара расьсьледаваньня пра незаконную забудову ў Курапатах.
Як лічыць Ізраілевіч, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што ягонае ТАА «ІВ» зьяўляецца бэнэфіцыярам будаўніцтва побач зь месцам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты.
Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць зьняпраўджаньне – інфармацыю пра сваю недатычнасьць да рэалізацыі камэрцыйнага праекту, а таксама матэрыяльную кампэнсацыю за эмацыйныя перажываньні і пагаршэньне фізычнага стану.
Інтарэсы газэты ў судзе прадстаўляе галоўная рэдактарка Аксана Колб. На яе перакананьне, у журналісцкім расьсьледаваньні няма нават намёку на абразу Ізраілевіча, а ўся інфармацыя дакумэнтальна пацьверджаная. Напярэдадні паседжаньня рэдактарка адказала на пытаньні Свабоды.
— Аксана, рыхтуючы адпачатку рэзанансавы матэрыял – з улікам грамадзкага інтарэсу да спробы камэрцыйнага асваеньня Курапатаў — ці былі гатовыя да судовага працягу?
— У прынцыпе мы разумелі: калі сур’ёзна зачэпім некага, хто ва ўсім гэтым удзельнічае, гісторыя можа скончыцца судовым працэсам. То бок падсьвядома рыхтаваліся, хоць саму рэстарацыю і тое, што цяпер адбываецца ў Курапатах, можна назваць адным словам — цынізм. Вядома, мы не прызнаем гэты пазоў і будзем спрабаваць змагацца. Адпаведна — гатовыя да кожнага выніку.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
— Ці была спроба замірэньня бакоў?
— Літаральна за тыдзень да працэсу з ініцыятывы аднаго паважанага чалавека, якога пакуль не хацела б называць, я сустрэлася з Аркадзем Ізраілевічам. Прапанавала яму выкласьці сваю пазыцыю на старонках «Новага часу», нават сказала, што прабачу абвінавачаньне ў антысэмітызьме, якое прагучала зь яго вуснаў. Аднак ён адказаў, што яму патрэбнае поўнае зьняпраўджаньне, бо ўсё напісанае – хлусьня і такі варыянт яго не задавальняе. Сказаў, што ў такім разе будзем сустракацца ў судзе.
Асабіста я не хацела гэтага працэсу, чарговага скандалу. Гэты час можна патраціць на больш карысныя справы, а людзі, якія будуць прыходзіць нас падтрымліваць, лепш бы выказалі салідарнасьць з абаронцамі Курапатаў. Але здарылася так, як ёсьць.
— Ці можа нешта зьмяніцца падчас папярэднага паседжаньня? Каб усё ж не даводзіць справу да суду.
— Так, сёньня толькі папярэдняе паседжаньне, магчыма, судзьдзя таксама будзе прапаноўваць замірэньне. Умовы з нашага боку застаюцца ранейшымі: мы можам даць пляцоўку Ізраілевічу, я сама гатовая ўзяць у яго інтэрвію. Таксама мы не зьбіраемся патрабаваць кампэнсацыі судовых выдаткаў, нам ад яго сапраўды нічога не патрэбна. Ня думаю, што сёньня ў судзе зьявіцца сам бізнэсовец. Але калі ягонага адваката такая прапанова задаволіць, мы будзем такі варыянт разглядаць. Калі не — будзем чакаць пачатку працэсу.
— З боку бізнэсоўца выстаўленая пэўная сума кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў. Наколькі яна пад’ёмная для рэдакцыі?
— Ва ўмовах Беларусі сума сур’ёзная для любой незалежнай газэты... Безумоўна, гэта непад’ёмныя грошы для нас, бо амаль што ўдвая большыя за нашу гадавую выручку. Таму, натуральна, усё стане сур’ёзным выпрабаваньнем. Калі суд прыме бок Ізраілевіча, мы будзем зьвяртацца па дапамогу да нашых чытачоў, да нашых прыхільнікаў. Зрэшты, ужо цяпер у сацыяльных сетках шмат хто піша: пры неабходнасьці судовай сплаты гатовыя пералічыць пэўную суму на наш рахунак. Хоць, зноў жа, лепш бы гэтыя сродкі пайшлі на Курапаты. Аднак нешта прадбачыць немагчыма.
— Дзяніс Івашын запэўнівае, што ягоныя зьвесткі дакумэнтальна пацьверджаныя, таму праблемаў з адстойваньнем пазыцыі быць не павінна…
— Так, мы маем усе дакумэнты, якія пацьвярджаюць факты ў публікацыі. І тым больш незразумелая пазыцыя самога Ізраілевіча, які паўсюль падкрэсьлівае, што рэстарацыя абсалютна законная, што нічога абразьлівага ў суседзтве з Курапатамі няма. У такім выпадку наагул незразумела, якім чынам можа шкодзіць рэпутацыі тое, што мы «зьвязалі» яго з гэтай установай. Хай гэта застанецца на яго сумленьні.
Магчыма, нейкія доказы сёньня прынясе той бок, мы нічога на гэты конт ня ведаем. Пакуль усё, што ёсьць, — гэта раздрукоўкі з Фэйсбуку, дзе людзі яго «абражаюць». Ня буду дачасна абмяркоўваць матэрыялы справы, бо не хачу адразу раскрываць усе карты. Пачакаем, чым усё скончыцца сёньня і паглядзім, што будзе далей. Мы гатовыя да ўсякага разьвіцьця падзеяў. Прынамсі, спадзяюся, што гэты працэс яшчэ раз прадэманструе і нашу салідарнасьць, і адносіны нашых чытачоў да выданьня.
Веру, што мы выйдзем з гэтай сытуацыі яшчэ мацнейшымі. Пагатоў гэта ня першы працэс для «Новага часу» па такім жа пазове – можна згадаць хоць бы старшыню праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца.
Расьсьледаваньне газэты «Новы час» зьявілася ў чэрвені. На пачатку жніўня адзін з герояў публікацыі Аркадзь Ізраілевіч падаў на газэту і аўтара Дзяніса Івашына ў суд. Сёньня папярэдняе паседжаньне, якое з улікам пазыцыі бакоў вызначыць фармат усяго працэсу.