Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Ізраілевіч патрабуе ад «Новага часу» 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду»


Аркадзь Ізраілевіч
Аркадзь Ізраілевіч

40 тысяч рублёў за «маральную шкоду» бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч патрабуе ад незалежнага выданьня «Новы час». Яшчэ тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына.

Такія патрабаваньні выстаўленыя ў пазове аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, які Ізраілевіч падаў у суд Савецкага раёну Менску, паведамляе «Новы час».

На думку Ізраілевіча, рэдакцыя газэты «Новы час» апублікавала шэраг артыкулаў, са зьместу якіх яўна вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва рэстарацыі ў Курапатах, а будаўніцтва рэстарацыі «Поедем поедим» выклікае «супярэчлівыя» водгукі сярод грамадзтва.

«У шэрагу асобаў пасьля прачытаньня артыкулаў склалася ўстойлівае нэгатыўнае стаўленьне да мяне як да бізнэсоўца, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзеля атрыманьня камэрцыйнай выгады», — піша Ізраілевіч.

Ён адзначае, што пасьля выхаду артыкулаў на яго старонкі ў сацыяльных сетках «пачалі паступаць скрайне непрыемныя і нават зьняважлівыя камэнтары», і праз гэта ён адчувае «моцныя эмацыйныя перажываньні», «пэрыядычна горшае і маё (Ізраілевіча. — РС) фізычнае самаадчуваньне».

На падставе гэтага Ізраілевіч патрабуе апублікаваць абвяржэньне, у якім будзе зьмешчана ўказаньне на ягоную «поўную недатычнасьць да рэалізацыі праекту па будоўлі рэстарацыі „Поедем поедим“», а таксама спагнаць на ягоную карысьць з выданьня «Новы час» 40 тысяч беларускіх рублёў, а з аўтара публікацыяў Дзяніса Івашына — 1000 рублёў.

Пры гэтым Ізраілевіч не хавае, што асабіста знаёмы зь бізнэсоўцамі — фігурантамі расьсьледаваньня Івашына, аднак «ня мае ніякіх юрыдычных адносінаў да будаўніцтва рэстарацыі „Поедем поедим“ і тых кампаній, якія пералічаныя ў артыкуле».

Бізнэсовец зьвяртаецца да пратаколу пасяджэньня навукова-мэтадычнай рады па Курапатах № 115 ад 20.12.2005, сябрам якой быў Аляксей Мартынаў. У гэтым пратаколе Мартынаў быў пазначаны як галоўны архітэктар кампаніі «ІВ».

«На падставе гэтага Дзяніс Івашын выбудоўвае зьвязаны са мною карупцыйны падтэкст», — сьцьвярджае Ізраілевіч і піша, што насамрэч Мартынаў быў звольнены з «ІВ» яшчэ 21.01.2005.

Аўтар расьсьледаваньня журналіст Дзяніс Івашын, калі даведаўся пра пазоў Ізраілевіча ў суд, напісаў у сваім Фэйсбуку:

«Выкладзеныя ў электронным і друкаваным выглядзе расьсьледаваньні праведзеныя з улікам вельмі важнага фактару — не надаваньня падставы апанэнтам у Беларусі для звароту ў суд. Жывучы ў нашых беларускіх рэаліях і ведаючы пра бясконцыя рэпрэсіі журналістаў — гэта залатое правіла. Няма й гаворкі, што ў расьсьледаваньнях былі нават намёкі на абразу. Уся выяўленая інфармацыя вэрыфікаваная й дакумэнтальна пацьверджаная».

Судовае паседжаньне па справе мае адбыцца 29 жніўня ў 10:30 у судзе Савецкага раёну Менску.

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Пратэст каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Пратэст каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
  • ​Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG