Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда #БНР100 прэзэнтуе форму футбольнай зборнай Беларусі


Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ) правядзе 3 верасьня прэзэнтацыю новай формы нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі. Мерапрыемства ладзіцца з удзелам Арт Сядзібы і крамы Symbal.by, якія сёлета прычыніліся да сьвяткаваньня Дня Волі.

Прэзэнтацыя формы пройдзе на пляцоўцы перад Нацыянальным мастацкім музэем (вул. Леніна, 20). Пачатак у 19:30.

Як будзе выглядаць новая форма, у футбольнай фэдэрацыі пакуль ня кажуць — маўляў, да прэзэнтацыі засталося «зусім крыху». Беларускі арнамэнт будзе выкарыстоўвацца як пазнавальны знак зборнай, сказаў Свабодзе адзін з арганізатараў мерапрыемства Павал Белавус. Да арнамэнту зьвернуцца і падчас самой прэзэнтацыі — нацыянальны аквагрым, раздача стужак з арнамэнтам.

«У любым выпадку — футбол для заўзятараў. Мы хочам паказаць заўзятарам форму і даць ім магчымасьць паразмаўляць з гульцамі. Мы спадзяёмся, што мерапрыемства будзе цікавае і тым, хто не цікавіцца спортам», — сказаў Свабодзе прадстаўнік прэс-службы.

Ініцыятыва — ад фэдэрацыі

Супраца Symbal.by і Арт Сядзібы пачалася з праекту «Мова. Музыка. Футбол», гэтым разам ініцыятыва ішла ад фэдэрацыі, сказаў Павал Белавус.

«Яны нам прапанавалі дапамагчы ў правядзеньні івэнтаў «Лігі нацый» і адборачных гульняў Эўра-2020, а таксама дадаць зборнай нацыянальнага калярыту. Бо ўся атрыбутыка і суправаджэньне ідуць на беларускай мове», — кажа Белавус.

«Ліга нацый» — новы турнір УЕФА сярод зборных краінаў Эўропы. Праз гэты турнір беларуская каманда мае шанец прайсьці на Эўра-2020, упэўнены Белавус.

Новая форма зборнай Беларусі па футболе
Новая форма зборнай Беларусі па футболе

​Арнамэнт на форме зборнай Беларусі па футболе зьявіўся ў 2016 годзе, тады ж АБФФ дала зборнай слоган «Каманда пад белымі крыламі». Папярэднія прэзэнтацыі новай формы каманды праходзілі ў гандлёвым цэнтры «Арэна-сіці» і кінатэатры Silverscreen.​

Асацыяцыю «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ) узначальвае дзейны прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG