Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018


На пляцоўцы ля Опэрнага тэатру ўдзень 25 сакавіка адбыўся канцэрт «Сьвята Незалежнасьці». Па розных падліках, туды прыйшлі ад 20 да 50 тысяч чалавек.

Шасьцігадзінны канцэрт каля менскай Опэры стаў цэнтральнай падзеяй сьвяткаваньня стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў дазволены гарадзкімі ўладамі.

​Падчас урачыстай часткі канцэрту з прамовай выступілі грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі СМІ, спонсары і партнэры кампаніі #БНР100. Cярод іх Валянцін Голубеў, Алесь Ліпай, Юры Зісер, Франак Вячорка, Зьміцер Дашкевіч і іншыя. Быў зачытаны зварот ад Сьвятланы Алексіевіч.

7 яскравых цытатаў зь менскага мітынгу да #БНР100

Усе падзеі Дня Волі — у жывым блогу Свабоды

«Сьвята незалежнасьці» — ня толькі музычны канцэрт. Падчас мерапрыемства працавалі фудкорт «Ежа БНР», забаўляльна-адукацыйная пляцоўка «Вуліца БНР», сувэнірны «Кірмаш БНР» і дзіцячая пляцоўка «Дзеткі БНР».

З галоўнай сцэны Дня Волі прагучалі песьні гуртоў Nizkiz, Akute, РСП, Dzieciuki, Amaroka і «Мутнаевока». Са сьвятам прысутных павіншавалі Юры Стыльскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пётар Клюеў, Адэля Вольская і Павал Аракелян.

Колькі было людзей?

На другой гадзіне канцэрту #БНР100 старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў Свабодзе, што на пляцоўцы на Траецкай гары сабралася каля 20 тысяч чалавек. Павал Белавус сказаў Свабодзе, што лічыў наведнікаў па прадукцыі і галовах і налічыў 40 тысяч.

На пятай гадзіне канцэрту вядоўца Аляксей Сапрыкін заявіў са сцэны, што празь «Сьвята Незалежнасьці» прайшлі 50 тысяч чалавек.

Менская міліцыя афіцыйныя лічбы ўдзельнікаў не агучвала, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося.

Праблемы з сувязьзю

25 сакавіка ў Менску абанэнты мабільных апэратараў і журналісты наракалі на праблемы з сувязьзю каля Опэрнага тэатру, дзе адбываўся сьвяточны канцэрт да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, а таксама ў раёне плошчы Якуба Коласа, калі затрымлівалі патэнцыйных удзельнікаў шэсьця.

Хуткасьць мабільнага інтэрнэту ад апэратара velcom падчас канцэрту каля Опэрнага тэатру (зьлева) і за 500 мэтраў ад яго (справа)
Хуткасьць мабільнага інтэрнэту ад апэратара velcom падчас канцэрту каля Опэрнага тэатру (зьлева) і за 500 мэтраў ад яго (справа)

Тэхнічны экспэрт, які пажадаў захаваць ананімнасьць, сказаў Свабодзе: калі праблемы з сувязьзю ў раёне Опэрнага тэатру можна было сьпісаць на вялікую колькасьць адначасовых карыстальнікаў мабільных прылад, якія «паклалі» сетку, то патлумачыць слабы мабільны сыгнал у журналістаў падчас прэвэнтыўных затрыманьняў апоўдні на плошчы Якуба Коласа цяжка.

Больш за 120 чалавек затрыманыя

Падчас канцэрту #БНР100 людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» па-за тэрыторыяй Опэрнага тэатру мінакоў, якія трымалі нацыянальную сымболіку — стужкі, сьцяжкі, балёнікі. Па завяршэньні імпрэзы праваахоўнікі затрымлівалі ў горадзе людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Затрыманьні пасьля завяршэньня канцэрту #БНР100
Затрыманьні пасьля завяршэньня канцэрту #БНР100

Правесьці несанкцыяванае шэсьце на Дзень Волі не ўдалося – удзельнікаў акцыі затрымалі падчас збору на плошчы Якуба Коласа, агулам больш за 30 чалавек. Ініцыятараў дэманстрацыі на чале зь Мікалаем Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым затрымалі напярэдадні і вызвалілі пасьля завяршэньня дазволенага канцэрту.

Агулам 25 сакавіка па Беларусі затрымалі каля 120 чалавек (пароўну ў Менску і рэгіёнах). Большасьць зь іх адпусьцілі без складаньня пратаколаз, але некаторых заўтра чакаюць суды.

Вынікі Дня Волі — у відэастрыме Свабоды

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі больш за 36 тысяч рублёў.

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

На Дзень Волі затрымалі больш за 100 чалавек

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG