Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырастуць зноў ядзерныя грыбы? Да чаго можа прывесьці пагроза Трампа аднавіць ядзерныя выпрабаваньні


Калі Саветы ў 1961 годзе правялі выпрабаваньне цар-бомбы над аддаленым архіпэлягам Новая Зямля, гэта быў выбух найбуйнейшай ядзернай бомбы за ўсю гісторыю
Калі Саветы ў 1961 годзе правялі выпрабаваньне цар-бомбы над аддаленым архіпэлягам Новая Зямля, гэта быў выбух найбуйнейшай ядзернай бомбы за ўсю гісторыю

Усе краіны, што маюць ядзерную зброю, хочуць быць упэўненымі ў ейнай эфэктыўнасьці. Таму выпрабаваньні працягваюцца, але цяпер іх праводзяць ня так, каб у неба ўздымаліся ядзерныя «грыбы», піша аглядальнік Радыё Свабода Майкл Экель.

У чэрвені 2019 году дырэктар галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Пэнтагону зрабіў гучную заяву: Масква правяла выпрабаваньне сваёй атамнай зброі.

«Урад Злучаных Штатаў, уключна з выведкай, лічыць, што Расея праводзіла выпрабаванні атамнай зброі, якія прывялі да выдзяленьня ядзернай энэргіі», — заявіў генэрал-лейтэнант Робэрт Эшлі.

Кітай таксама можа праводзіць уласныя выпрабаваньні, дадаў Эшлі, магчыма, з выкарыстаньнем мэтаду «нулявога выхаду», калі дэ-факта выбух — ланцуговая рэакцыя расшчапленьня — не адбываецца.

Прайшло шэсьць гадоў. Злучаныя Штаты і Расея стаяць на парозе новай гонкі ўзбраеньняў. Крэмль хваліцца, што распрацоўвае новую супэрзброю зь ядзерным патэнцыялам. А прэзыдэнт Дональд Трамп пагражае аднавіць ядзерныя выпрабаваньні ЗША.

«Расея праводзіць выпрабаваньні, і Кітай праводзіць выпрабаваньні, але яны пра гэта ня кажуць, — заявіў Трамп у інтэрвію CBS News 31 кастрычніка. — Не, мы будзем праводзіць выпрабаваньні, бо яны праводзяць і іншыя праводзяць».

Гэтая пагроза выклікала крытыку з боку Масквы, аплядысмэнты ад амэрыканскіх «ястрабаў» у колах нацыянальнай бясьпекі і, вядома, непакой сярод прыхільнікаў кантролю над узбраеньнямі.

На фоне крушэньня і эрозіі ранейшых дамоў аб узбраеньнях — Аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, Аб супрацьракетнай абароне, Аб адкрытым небе і Аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў — экспэрты трывожацца за лёс пагадненьня, якое забараняе ядзерныя выпрабаваньні.

На пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі 5 лістапада міністар абароны Андрэй Белавусаў заклікаў да падрыхтоўкі да аднаўленьня ядзерных выпрабаваньняў на палігонах Новай Зямлі.

30 гадоў цішыні

Апошні раз ЗША выпрабоўвалі сапраўдную ядзерную зброю — з ланцуговай рэакцыяй — у 1992 годзе ў пустыні штату Невада. І гэта ня быў «ядзерны грыб», як у фільмах. Пасьля дамовы, падпісанай у 1960-х гадах, такія выбухі праводзілі толькі пад зямлёй.

Падобнае выпрабаваньне, праведзенае Масквой, было ў 1990 годзе на Новай Зямлі.

Пэкін праводзіў апошняе выпрабаваньне ў 1996 годзе ў Лоп-Нуры, у аддаленай правінцыі Сіньцзян на захадзе краіны.

У тым жа годзе ўступіла ў сілу Дамова пра забарону ядзерных выпрабаваньняў.

Пасьля выпрабаваньні праводзілі толькі Пакістан, Індыя, і Паўночная Карэя (апошнія — у 2017 годзе).

Як правіла, выпрабаваньні зь ядзерным выбухам адносна лёгка выявіць.

Высокаадчувальныя сэйсьмічныя прылады фіксуюць ударныя хвалі ад падземнага выбуху, а самалёты, абсталяваныя складанымі сыстэмамі, могуць рэгістраваць радыеактыўныя ізатопы, якія трапляюць у атмасфэру.

Некрытычныя, крытычныя, звышкрытычныя

Заканчэньне халоднай вайны і савецка-амэрыканскай гонкі ўзбраеньняў прывяло да значнага скарачэньня ядзерных арсэналаў і зьмяншэньня інвэстыцый у інфраструктуру, неабходную для распрацоўкі і стварэньня бомбаў.

Тым часам выпрабаваньні бязь ядзерных узрываў працягваюцца, бо не забароненыя дамовамі. Для імітацыі ланцуговай рэакцыі выкарыстоўваюць, да прыкладу, супэркампутары.

Міжкантэнынтальная ракета «Сармат» перад першым выпрабавальным пускам. Плясецк, 2017 год
Міжкантэнынтальная ракета «Сармат» перад першым выпрабавальным пускам. Плясецк, 2017 год

Трамп упершыню выказаўся пра магчымасьць новых выпрабаваньняў у допісе ў сацыяльных сетках напярэдадні сустрэчы з кіраўнікоам Кітаю Сі Дзіньпінам у Паўднёвай Карэі. Пазьней ён разьвіў гэтую думку ў інтэрвію CBS News.

ЗША трымаюць напагатове палігон у Невадзе. Каб правесьці там новае выпрабаваньне ядзернай зброі, трэба некалькі месяцаў ці гадоў у залежнасьці ад зададзеных парамэтраў.

Міністар энэргетыкі Крыстафэр Райт лічыць, што Трамп меў на ўвазе не паўнацэнныя ядзерныя выпрабаваьні.

«Я думаю, што выпрабаваньні, пра якія мы цяпер гаворым, — гэта сыстэмныя выпрабаваньні. Гэта ня ядзерныя выбухі. Гэта тое, што мы называем некрытычнымі выбухамі».

У амэрыканскіх уладаў ёсьць вялікі абʼём зьвестак пасьля ранейшых падземных выпрабаваньняў, лябараторных дасьледаваньняў і дакрытычных экспэрымэнтаў. Гэта сьведчыць супраць аднаўленьня поўных выпрабаваньняў, лічыць Джыл Грубі, былая дырэктарка Нацыянальных лябараторый Сандыя і экс-кіраўніца Нацыянальнай адміністрацыі ядзернай бясьпекі.

«Калі мы адновім выпрабаваньні, іншыя, відавочна, адновяць іх ці пачнуць з нуля, — папярэдзіла яна. — З аднаўленьнем выпрабаваньняў высокая верагоднасьць таго, што будуць распрацоўвацца новыя тыпы прыладаў, разганяючы чарговую гонку ўзбраеньняў».

«Хоць праводзіць выпрабаваньні бясьпечна, аварыі ўсё ж здараюцца. Я думаю, большасьць людзей пагодзіцца, што маштабныя ядзерныя выпрабаваньні экалягічна невыгодныя для нашай плянэты і чалавецтва», — падсумавала экспэртка.

Выпрабаваньні ў рэальным сьвеце

У красавіку Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў сваю штогадовую справаздачу пра выкананьне краінамі дамоваў аб кантролі над узбраеньнямі. У ёй гаворыцца, што Расея праводзіла «звышкрытычныя» выпрабаваньні ядзернай зброі, але не паведаміла пра гэта ЗША ці іншым краінам, як мусіла паводле дамовы 1974 году, якая таксама ўсталявала ліміт на памер падземных выбухаў.

«Звышкрытычныя» — гэта з паўнацэннай ланцуговай рэакцыяй, у адрозьненьне ад «некрытычных» ці «дакрытычных».

Для «ястрабаў» нацыянальнай бясьпекі — у Вашынгтоне, Маскве і Пэкіне — сьвет зьмяніўся. Кітай, які не абмежаваны Новай дамовай СНВ паміж Вашынгтонам і Масквой, пашырае свой арсэнал. Крэмль мадэрнізуе свае запасы і дэманструе новыя міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, такія як «Сармат», і іншую зброю зь ядзерным патэнцыялам, як «Буравесьнік» і «Пасейдон» — і гэта недвухсэнсоўны сыгнал.

Празь некалькі дзён пасьля камэнтароў Трампа дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф напісаў у X, што Трамп «меў рацыю» наконт выпрабаваньняў Кітаю і Расеі.

«Злучаныя Штаты мусяць падтрымліваць тэхнічную і колькасную перавагу над сукупнымі ядзернымі запасамі Кітаю і Расеі, — напісаў летась у артыкуле для Foreign Affairs Робэрт ОʼБраен, які быў дарадцам па нацыянальнай бясьпецы Белага дома падчас першага тэрміну Трампа. — Каб дасягнуць гэтага, Вашынгтон мусіць праводзіць выпрабаваньні новай ядзернай зброі на надзейнасьць і бясьпеку ў рэальным сьвеце ўпершыню з 1992 году — а ня толькі з выкарыстаньнем кампутарных мадэляў».

«Калі Кітай і Расея і надалей будуць адмаўляцца ўдзельнічаць у добрасумленных перамовах аб кантролі над узбраеньнямі, Злучаныя Штаты таксама павінны аднавіць вытворчасьць урану-235 і плютонію-239 — асноўных расшчапляльных ізатопаў ядзернай зброі», — дадаў ён.

What is Russia's Burevestnik Missile?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00


У Маскве раскрытыкавалі пагрозу Трампа аднавіць ядзерныя выпрабаваньні і адпрэчылі абвінавачваньні ў тым, што яны праводзілі фактычныя ядзерныя выпрабаваньні.

На пасяджэньні Савету бясьпекі ў Крамлі 5 лістапада Ўладзімір Пуцін і загадаў чыноўнікам унесьці прапановы аб «магчымым пачатку працы па падрыхтоўцы да выпрабаваньняў ядзернай зброі».

На штогадовым Парадзе Перамогі Расея прадэманстравала некаторыя найноўшыя адзінкі ўзбраення зь ейнага стратэгічнага арсэналу
На штогадовым Парадзе Перамогі Расея прадэманстравала некаторыя найноўшыя адзінкі ўзбраення зь ейнага стратэгічнага арсэналу

Экспэрты лічаць, што калі адміністрацыя Трампа сапраўды пойдзе на аднаўленьне поўнамаштабных выпрабаваньняў, гэта, імаверна, выкліча гонку ўзбраеньняў, бо іншыя краіны зробяць гэтаксама.

Вяртаньне да поўнамаштабных выпрабаваньняў таксама, імаверна, паставіць пад пагрозу дамову аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, тэрмін дзеяньня якой заканчваецца ў лютым наступнага году, і пакуль не вядзецца перамоў пра ейную замену.

У верасьні Пуцін прапанаваў выконваць палажэньні дамовы яшчэ год пасьля заканчэньня ейнага тэрміну. Белы дом даў сыгнал, што адкрыты для гэтай ініцыятывы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG