Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы трэнэр зьбірае шклатару, каб выратаваць хакей у Смаргонях


Дзіцячы трэнэр Уладзімер Жабінскі
Дзіцячы трэнэр Уладзімер Жабінскі

Кіраўніцтва Беларусі апантанае ідэяй стаць «вялікай хакейнай дзяржавай», хоць сродкаў на фінансава затратны від спорту яўна бракуе.

Тым часам энтузіясты, шчыра зацікаўленыя ў разьвіцьці хакею, вышукваюць розныя спосабы, каб застацца на плыву. Адзін зь іх — арганізатар дзіцячага хакею са Смаргоняў Уладзімер Жабінскі. Доўгі час ён адпрацаваў у сыстэме горадзенскага «Нёмана», а 10 гадоў таму вярнуўся ў родны горад і засяродзіўся на пошуку здольных дзяцей.

Эвалюцыя: ад мядзьведжай акадэміі да хакейнага цэнтру

У 2015-м ягоныя выхаванцы сталі героямі рэпартажу Антона Рогача на партале «Трыбуна». У артыкуле, сярод іншага, расказвалася пра незвычайнае ноў-хаў — трэніроўкі ў «ваньне» закрытага басэйна пры гарадзкім спарткомплексе «Юнацтва».

Малады журналіст сам займаўся ў Жабінскага і пасьля чарговай «хакейнай нарады» ў прэзыдэнта паказаў, як разьвіваецца стратэгічная дысцыпліна на малой радзіме тагачаснага старшыні Фэдэрацыі хакею Ігара Рачкоўскага. Рэзананс перавысіў самыя сьмелыя чаканьні: падлеткаў пасьля такой «рэклямы» з басэйна выставілі, а хакейны воз застаўся на старым месцы.

Трэніроўкі ў закінутым басэйне
Трэніроўкі ў закінутым басэйне

Аднак упарты спэцыяліст ня здаўся і арганізаваў прыватны Цэнтар пачатковай падрыхтоўкі па хакеі для дзяцей. Каб структура функцыянавала, даводзіцца займацца ўсім, што можа прынесьці хоць невялікі прыбытак. Адчыніў краму спартовай і сувэнірнай атрыбутыкі, наладзіў выпуск сшыткаў з хакейнай тэматыкай і выявамі беларускіх зорак, нават арганізаваў зьбіраньне шклатары. Большая частка грошай ідзе на навучальны працэс.

А нядаўна на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by Уладзімер Жабінскі абвясьціў збор сродкаў пад дэвізам «Адарвацца ад дна. Ад мядзьведжай акадэміі да хакейнага цэнтру». Задача — набыць 30 камплектаў формы для пачаткоўцаў.

Заняткаў у спартовай залі недастаткова, трэба хоць зрэдку стаяць на лёдзе. А трапіць у лядовы палац суседняга Маладэчна без экіпіроўкі немагчыма. Хакей — кантактны від, кожны гулец павінен быць абаронены: шлем-маска, пратэктар шыі, нагруднік, накаленьнік, ракавіна, пальчаткі, джэрзі. Пакуль актыўнасьць спонсараў досыць сьціплая — менш за 1000 рублёў ад неабходных 16000.

Зямляцтва: апальны старшыня фэдэрацыі і замарожаны каток

З Уладзімерам Жабінскім сустракаемся ў ягонай краме «Патрыёт», назва якой цалкам адпавядае асартымэнту. На вешалках суседнічаюць хакейныя майкі менскага «Дынама», футбольныя шалікі з эмблемай «Белых крылаў», швэдры з «Пагоняй» і ў гонар 100-годзьдзя БНР, вырабы мясцовых рамесьнікаў. Асобна — артапэдычны куток. Размова чакана вырульвае на басэйн, які стаў сымбалем сучаснага стану хакейнай гаспадаркі ў Беларусі.

Вітрына з сувэнірнай прадукцыяй
Вітрына з сувэнірнай прадукцыяй

«Хакей уключае ў сябе ня толькі падрыхтоўку на лёдзе, а і „сухія трэніроўкі“, — кажа суразмоўца. — Навучыць элемэнтарным рэчам — трымаць клюшку, кідаць па варотах. Гэта адпрацоўваецца на зямлі, арандаваць палацы задорага. Паглядзеў, што басэйн не выкарыстоўваецца, узгадніў з кіраўніцтвам. Ну, нас і запусьцілі з жартам — заадно дапаможаце адбіць плітку, усё роўна капітальна рамантаваць. Мы нікога не зьбіраліся папракаць — ні ўлады, ні фэдэрацыю. Хіба асацыятыўна атрымалася, што трэніруемся „на дне“. Ну, і выставілі па тэхніцы бясьпекі».

Іншага прызначэньня апячатанаму басэйну так і не прыдумалі, грошай на яго аднаўленьне ў раённым бюджэце няма. Маладыя хакеісты займаюцца на вуліцы. Каб адпрацоўваць асобныя элемэнты — акрабатыку, гульнявыя і сілавыя віды, шахматы, — ім даюць прытулак школьныя спартзалі.

Падчас візыту да смаргонскіх школьнікаў
Падчас візыту да смаргонскіх школьнікаў

«Калі пачаў рыхтаваць дзяцей да „Залатой шайбы“, гэта было за „дзякуй“, — прызнаецца трэнэр. — Я ня думаў пра заробак, шукаў пэрспэктыўных хлопцаў.

Каб была магчымасьць займацца, многія дарасьлі б да зорак

Каб была магчымасьць займацца, многія дарасьлі б да зорак. Кіраўніцтва гораду адмахвалася: раз няма лядовага палаца, ня можам адкрыць хакейныя сэкцыі. І тады прыняў рашэньне стварыць прыватную школу, пачаў набіраць малых ад 4–5 гадоў. У мяне старэйшы сын Улад быў якраз такі, я разумеў, што неабходная сыстэмнасьць. Бо тая ж „Залатая шайба“ — гэта лістапад-сакавік, пасьля турніру дзеці нікому не патрэбныя. А займацца трэба пастаянна».

Цэнтар пачатковай падрыхтоўкі па хакеі Жабінскага пачаў працаваць у кастрычніку 2016 году. Ініцыятыўны трэнэр дабіўся аўдыенцыі ў колішняга суседа па смаргонскім двары, кіраўніка хакейнай фэдэрацыі Ігара Рачкоўскага, прапанаваў яму канцэпцыю разьвіцьця дзіцячай сэкцыі. Той абяцаў паспрыяць. Але земляка нечакана пасунулі з пасады, мары пра пляцоўку «накрыліся».

Улётка з заклікам дапамагчы хакейнаму цэнтру
Улётка з заклікам дапамагчы хакейнаму цэнтру

«Закінуў Ігару Анатолевічу ідэю малабюджэтнага катка, — згадвае спэцыяліст. — Ён падтрымаў, узгадніў з кіраўніком вобласьці Ўладзімерам Краўцовым. Падрыхтавалі з замежнымі спэцыялістамі праект, Рачкоўскі пасьля чэмпіянату сьвету меўся прывезьці. Але нешта пайшло ня так. Падаў у адстаўку, хоць здабыў для Беларусі (сумесна з Латвіяй) усясьветнае першынства — 2021. Не ўяўляеце, у якой роспачы былі дзеці, бацькі. Здавалася, вось-вось, яшчэ крыху... Але працягваю верыць, шукаць, працаваць».

Бартэр: сабраць шклатару, каб аплаціць арэнду заляў

Каб заставацца баяздольнай адзінкай, Уладзімер Жабінскі вымушаны істотна пашырыць рамкі профільнай дзейнасьці. Напрыклад, здаваць бутэлькі. Каб дасягнуць самаакупнасьці, трэба зьбіраць па 10 тон шклотары кожны месяц, але пакуль складана нацягнуць і траціну.

Спачатку здавалі амаль за бесцань у Смаргонях — 6 капеек за кіляграм. Але знайшлася фірма ў Вялейцы, якая арганізоўвала самавываз і пры гэтым на 3 капейкі нават давала даражэй. Яшчэ лепшыя прапановы ў Менску, але ідэальны варыянт — спадарожны транспарт, іначай выдаткі пераважаць даходы.

Зьбіраньне шкла на карысьць юных хакеістаў
Зьбіраньне шкла на карысьць юных хакеістаў

«Адходы ў прыбыткі, — заклікае беларускамоўная ўлётка. — Кожны 1 кг сабранага шкла — гэта ваша ўкладаньне ў разьвіцьцё і папулярызацыю дзіцяча-юнацкага хакея на Смаргоншчыне. Не выкідвай. Прынясі карысьць Цэнтру пачатковай рыхтоўлі хакейнага клюба!»

«Каб арандаваць спартзалі, басэйн, груба кажучы, зьбіраем бутэлькі, — кажа Жабінскі. — Не, мы ня поўзаем па сьметніках ды памыйках з бамжамі — дапамагаем „разгрузіцца“ пары-тройцы прадпрымальнікаў. Я разумею, што грошай ніхто ня дасьць, прапанаваў: у вас ёсьць стратэгічны прадукт, будзем яго забіраць. Вядома, каб здавалі па 10 тон — зусім крута, а так у сярэднім тоны дзьве. Адзін бацька стварыў цэлую сетку: сябры, знаёмыя не выкідаюць, а ўсё да кучы. Шукаем вось машыну, каб вывезьці. Думалі і пра плястык, і пра макулятуру, але трэба закінуць хакей, займацца толькі гэтым».

Каб арандаваць спартзалі, басэйн, зьбіраем бутэлькі

Хакей небеспадстаўна лічыцца адным з самых затратных відаў спорту — нават дзіцячая амуніцыя ў сярэднім каштуе 300 даляраў. Гэта ня лічачы іншых выдаткаў, якіх у працэсе падрыхтоўкі будзе нямала. Дазволіць сабе такія траты ў невялікім горадзе могуць адзінкі. Гэта значыць, аўтаматычна адразаюцца здольныя дзеці зь бедных сем’яў.

У басэйне адзіны дрэс-код не патрабаваўся
У басэйне адзіны дрэс-код не патрабаваўся

Каб кандыдатаў было як мага больш, Уладзімер Жабінскі і пачаў зьбіраць сродкі на экіпіроўку — і дзеці, і бацькі павінны спачатку зразумець, ці сапраўды гэта тое, у што варта ўкладацца.

«Я і сам ня бачу сэнсу, каб бацькам аддаваць 200–300 даляраў за форму, — лічыць трэнэр. — Так, у Менску ёсьць хакейныя традыцыі, і людзі гатовыя плаціць штомесяц па 150 даляраў за заняткі. Плюс самі сваіх малых апранаюць, абуваюць. У нас і сытуацыя ня тая, і з вопыту ведаю, што клюб павінен прадставіць форму, каб дзіцё паспрабавала. У нас бацькі таксама аплочваюць трэніроўкі, але гэта невялікія сумы — ад 1 да 3 рублёў за гадзіну. Усе астатнія затраты — арэнду заляў, басэйну, форму — мы хацелі б узяць на сябе».

Праект катка-мары для Смаргоняў
Праект катка-мары для Смаргоняў

Талака: падзяліць нагрузку паміж цэнтрам і рэгіёнамі

Дакладна гэтак жа — талакой — трэба будаваць і інфраструктуру. У гэтым смаргонскі спэцыяліст не сумняецца. 30 каткоў, якімі хваляцца ў Беларусі, нішто ў параўнаньні з замежжам. Напрыклад, утрая большая па насельніцтве Канада, якая па праву лічыцца хакейным арыентырам для іншых, мае іх у 100 разоў больш. Славаччына, Чэхія, Фінляндыя, Швэцыя — статыстыка таксама непараўнальна лепшая.

З такой рэклямай трэнэр ходзіць па школах
З такой рэклямай трэнэр ходзіць па школах

На ўсю Гарадзеншчыну толькі два лядовыя палацы — у абласным цэнтры і ў Лідзе. Праект Жабінскага яднае адразу геаграфічны трыкутнік: Смаргоні — Ашмяна — Астравец. Аднак на дзяржаўным узроўні стаўка робіцца на Берасьцейскую вобласьць, дзе аж 8 каткоў. Хоць там нават дзеля кліматычных умоваў разумней культываваць футбол. Але рэгіёну пашчасьціла з алігархамі ды высокапастаўленымі функцыянэрамі родам з тых мясьцінаў — ня трэба двойчы прасіць «падзяліцца».

«Аднаму заўсёды цяжка. Яшчэ Рачкоўскаму пісаў: будаваць трэба гэтак жа, як зьбіраем на форму — талакой. Штосьці з рэспубліканскага бюджэту, нешта ад фэдэрацыі, Мінспорту, НАК. Ну і, ясна, вобласьць, раён. Плюс спонсары, партнэры. Скажы зараз Смаргоням — укладзі паўмільёна даляраў. Дый без таго клопату хапае — шпіталі, школы, дарогі вунь якія! А каб зьнізілі плянку да 50–100 тысяч, ужо справа іншая. Ёсьць 2–3 буйныя прадпрыемствы, можна іх „папрасіць“. Размаўляў з кіраўніком абласной фэдэрацыі хакею, ён так і сказаў: губэрнатар згодны 50×50. Самастойна выдаткі вобласьць не пацягне».

Бронзавы прызэр «Залатой шайбы» Сьцяпан Жабінскі
Бронзавы прызэр «Залатой шайбы» Сьцяпан Жабінскі

Уладзімер Жабінскі ўжо 20 гадоў у хакеі, правёў больш за дзясятак міжнародных лягераў з удзелам айчынных і замежных спэцыялістаў. Пры гэтым прафэсійнага дыплёма так і не атрымаў. Кажа, што ішоў у Беларускі ўнівэрсытэт фізкультуры не па «корачку», а па веды. Але не пабачыў нічога, апроч звычайнай муштры. Дый сам ведае мноства прыкладаў, калі людзі здабывалі веды не ў ВНУ, а па ходу справы.

«Год, на большае не хапіла, — прызнаецца ён. — Прыйшоў, каб навучыцца хакейнай справе. А вучылі як фізрука — шыхтавой падрыхтоўцы. Рассварыўся з выкладчыкам: навошта чаканіць крок трэнэру па хакеі? Калі, пытаюся, да азоў хакею дойдзем? На трэцім курсе, кажа. Дык што ж гэта за адукацыя? Карацей, ён за свой прадмет, я за сваю праўду, ня даў мне здаць іспыт. У нас прынята, каб быў “дыплямаваны баран”. Іншая справа, ці ёсьць на выхадзе хоць кропля ведаў».

Маркетынг: няўменьне манэтызаваць нават рэдкія посьпехі

У пошуках талентаў Уладзімер Жабінскі абыходзіць садкі, школы, заваблівае сшыткамі на хакейную тэму, якія прадукуюцца пад эгідай ягонага ж цэнтру. Расказвае пра беларускія традыцыі ў гэтым відзе спорту.

Прызнаецца, што з кожным годам агітаваць усё цяжэй — тых, хто гатовы памяняць гаджэты на фізычныя нагрузкі, усё меней. Але і на дзяржаўным узроўні гучаць збольшага дэклярацыі: сыстэмнай палітыкі няма, маркетынг на прымітыўнай стадыі. Хоць Жабінскі ўпэўнены, што зарабляць можна ня толькі на дарослым — на дзіцячым хакеі таксама.

Школьны сшытак зь Міхаілам Грабоўскім
Школьны сшытак зь Міхаілам Грабоўскім

«Зьдзіўляюся стаічнаму спакою фэдэрацыі, — кажа Ўладзімер. — Нібыта стратэгічны від, а ўцямнага разуменьня, для чаго гэта, як зарабіць грошы, ня бачна. Маркетынг нулявы. Той жа „Нёман“ выйграў сёмае чэмпіёнства, а манэтызаваць посьпех не навучыліся. Прызвычаіліся, што начальнік распарадзіўся гэтаму даць, таму “адсьцягнуць”, неяк усё і трымаецца. Уласнай ініцыятывы ніякай. Адзіны, хто паставіў справу на больш-менш сур’ёзныя рэйкі, — гэта Анатоль Капскі ў БАТЭ. Дык у яго і посьпехі. Могія прыходзяць толькі, каб адбыць нумар ды скасіць бабла».

Могія прыходзяць толькі, каб адбыць нумар ды скасіць бабла

У малым горадзе прыцягнуць сродкі нашмат складаней, чым у мэгаполісе. Таму штодзённы клопат апантанага спэцыяліста — ня толькі праца зь дзецьмі, але і проба сябе ў ролі бізнэсоўца. Першыя праекты запачаткаваў яшчэ ў Горадні, калі разам з вытворцам «Малочны сьвет» запусьцілі марозіва з хакейным лягатыпам «Смак перамогі» — 3% ад кожнай прададзенай порцыі ішлі на разьвіцьцё дзіцячага хакею. На гэтыя грошы неўзабаве зладзілі першы турнір.

Нататнік з задачамі на дзень
Нататнік з задачамі на дзень

Спаборніцтвы сталі папулярнымі, далучыліся каманды з Расеі, Казахстану, Польшчы. Некаторыя з тых хлопцаў гуляюць у КХЛ, у іх ліку былі гарадзенцы, гульцы нацыянальнай зборнай Артур Гаўрус, Яўген Лісавец. Але на прадпрыемстве зьмяніўся дырэктар, і супраца спынілася. У Смаргонях давялося пачынаць з нуля.

«Ёсьць пара рэклямных праектаў, трымаю краму, — кажа Жабінскі. — Хай пакуль стратная, але я яе ня кідаю, каб потым зацыкліць на асартымэнце. Ну вось будзе 100 дзяцей, бацькі змогуць набыць самае неабходнае. Хай мінімальная нацэнка, але, зноў жа, 10% змагу аддаваць на цэнтар. Бо за інфраструктуру — ад залі да басэйна — плачу ад імя цэнтру, бацькі ня ўдзельнічаюць. Сыну яны ўсё роўна будуць набываць абутак, шкарпэткі, трусы, і ў іншым месцы ня скажаш — пералічы пару рублёў на хакей! А ў мяне частка вернецца ў агульную скарбонку».

Прыярытэты: адмовіцца ад камфорту, каб уздымаць мясцовы хакей

Па дамоўленасьці з бацькамі выхаванцы цэнтру атрымліваюць камплект формы. Канькі як пэрсанальны абутак — гэта ўжо клопат сям’і. А чаму нельга трэніравацца ў тым, што пад рукой?

Макет для будучай прадукцыі з Русланам Салеем
Макет для будучай прадукцыі з Русланам Салеем

«Форма — гэта бясьпека, — кажа трэнэр. — Каталіся зімой на адкрытым катку — хоць і прымушаў, каб былі рукавіцы, шапкі, усё роўна сінякі. Хакеіст павінен быць экіпіраваны. Гэта першае. Па-другое, бяз формы ніводная сэкцыя на пляцоўку не дапусьціць. Масавыя катаньні — адно, а трэніроўка — абавязкова шлем, пальчаткі, накаленьнікі, налакотнікі. Дый іншыя дзеці пабачаць – о, форма бясплатная – таксама падцягнуцца. І калі ў краіне сапраўды ёсьць хакей, наш праект павінен быць удалым. А як няма – ну што ж?..»

Адсутнасьць спрыяльных умоваў ня стрымлівае імпэт Уладзімера Жабінскага. Красамоўны прыклад: пару гадоў таму ягонага другога сына Сьцяпана, бронзавага прызэра турніру «Залатая шайба», клікалі трэніравацца ў маскоўскі ЦСКА. Усе выдаткі на малога клюб браў на сябе, была магчымасьць працаўладкавацца ў каманднай структуры і самому Ўладзімеру. Але патрыятычна настроены бацька верыў у сьветлую будучыню смаргонскага хакею і ад шчодрай прапановы адмовіўся.

Уладзімер і Сьцяпан Жабінскія
Уладзімер і Сьцяпан Жабінскія

«І ў нас можна выхоўваць добрыя кадры, — перакананы ён. — Але нідзе ня бачу, каб даводзілі: праз спорт ты здольны дасягнуць вяршыні! Гэта і кар’ера, і посьпех, і павага, і фінансавы бок. А імкненьня няма! Таленавітае дзіця, а бацькі пачынаюць: куды яму, беднаму ды з раёну? Бярыце прыклад з афрыканцаў! Пруць пры любой магчымасьці, бо ведаюць: толькі наверх, там жыцьцё! Як у ліфце: вылезьці з першага паверха і паглядзець, што на апошнім. Прапаганда нібыта ёсьць, але яна нейкая бяздушная. „Пасябруй са спортам“. Ну да чаго той плякат?»

У апісаньні праекту на Ulej.by адзначаецца, што дзіцячы ў хакей у Смаргонях, нягледзячы на энтузіязм трэнэраў, пад пагрозай зьнікненьня. Жаданьне займацца ёсьць амаль у любога хлапчука, але далёка ня кожная сям’я мае дастаткова сродкаў, каб зрабіць сыну такі падарунак. Фінансавы складнік шмат каго спыняе, а краіна губляе патэнцыйных Салеяў, Грабоўскіх, Калюжных.

Патрыятычная прадукцыя ў смаргонскай краме «Патрыёт»
Патрыятычная прадукцыя ў смаргонскай краме «Патрыёт»

Менавіта таму Цэнтар пачатковай падрыхтоўкі па хакеі пачаў зьбіраць грошы на 30 камплектаў экіпіроўкі. Гэтага, паводле Ўладзімера Жабінскага, хапіла б як на цяперашні склад юніёраў, так і на дзяцей, якія хацелі б гуляць, але бацькі ня маюць магчымасьці такі імпэт падтрымаць.

Трэнэр падкрэсьлівае, што не закладае хакейны падмурак з нуля. Ён сам памятае, як яшчэ ў 1980-я амаль у кожным гарадзкім квартале стаяла «каробка», у якой разгортваліся нежартоўныя баталіі. Разам з гарадзенцамі ладзілі выезды ў літоўскі Электрэнай, каб пагуляць у спарынгах на штучным лёдзе тамтэйшай лядовай арэны.

Трэніроўка на дне басэйна (відэа Антона Рогача)

Бачачы патэнцыял дысцыпліны, у перабудовачныя часы за сродкі заводу аптычнага станкабудаваньня ўзяліся за праект узьвядзеньня крытага катка: вызначылі месца, папярэдне дамовіліся пра машыны заліваць лёд, закупілі плястыкавыя барты. Але пакуль плянавалі ды ўзгаднялі, СССР разваліўся, пахаваўшы амбітныя пляны энтузіястаў... Сёньня хакеісты-вэтэраны першыя жадаюць Уладзімеру Жабінскаму ўдачы ў ягонай ратавальнай місіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG