Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за чвэрць цыгарэт у Літве — кантрабандныя. Зь іх каля 75% — беларускія


Кантрабандныя цыгарэты, архіўны здымак
Кантрабандныя цыгарэты, архіўны здымак

Дасьледчая кампанія Nielsen апублікавала вынікі свайго аналізу нелегальнага тытунёвага рынку ў Літве.

Аб’ём нелегальнага рынку цыгарэт у Літве ў другім квартале дасягнуў 26,7%, піша Delfi са спасылкай на дасьледаваньне. Дасьледнікі падлічылі, што рынак нелегальнага тытуню ў Літве нашмат большы за суседнія. Для параўнаньня: доля нелегальнага рынку цыгарэт у Латвіі складае 18,6%, у Эстоніі — 17,3%, а ў Польшчы — толькі 6,7%.

Паводле дасьледаваньня, 73,5% неабкладаных падаткам цыгарэт, якія паступаюць у Літву, вырабляюцца ў Беларусі, яшчэ 11,3% прыбывае з Польшчы.

Найбольшая доля кантрабандных цыгарэт зафіксавана ў Панявежы, дзе доля нелегальнай прадукцыі склала 49,6% ад усіх выкураных цыгарэт. На другім месцы ў колькасьці кантрабандных цыгарэтаў знаходзіцца Плунге — 40,5%, далей ідуць Вісагіня — 35,2%, Аліта — 34,5% і Крэтынга — 34,3%.

Паводле ацэнак, літоўская дзяржава штогод страчвае больш за 70 млн эўра нявыплачанага акцызнага падатку з-за нелегальных цыгарэт.

Як раней паведамляў галоўны адмыслоўца Крымінальнай службы мытні Гедымінас Кулікаўскас, за сёлетнія 9 месяцаў у межах дасудовых расьсьледаваньняў сканфіскавана 6 млн пачкаў нелегальных цыгарэт. Гэта ўжо больш, чым за ўвесь 2024 год, калі было 4,5 млн.

У параўнаньні зь мінулым годам паток кантрабанды, якая перавозіцца зь Беларусі на мэтэазондах, сёлета вырас больш чым удвая: летась было зафіксавана 226 выпадкаў канфіскацыі нелегальных цыгарэт, якія перавозіліся зь Беларусі на мэтэазондах, а за першыя 9 месяцаў гэтага году — 546.

У 2025 годзе літоўскія сілавікі пасадзілі 50 дронаў зь нелегальнымі цыгарэтамі (летась 54).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG