Рэдактарка навінаў парталу TUT. BY Ганна Калтыгіна, якая каля двух сутак правяла за кратамі па «справе БелТА», 12 жніўня зьвярнулася з адкрытым лістом да прэс-службы Сьледчага камітэту — прадстаўніцы СК Юліі Ганчаровай і начальніка аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сяргея Кабаковіча.
«Мой галоўны рэдактар папрасіла мяне напісаць пра ўражаньні апошніх дзён. Але мне захацелася напісаць пра іншае. Я хачу зьвярнуцца з адкрытым лістом да людзей, зь якімі я працавала на працягу апошніх гадоў, а дакладней — да прэс-службы Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту. Прабачце, «аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь».
Паколькі я, як і большасьць маіх калегаў, як з TUT. BY, так і зь іншых СМІ, знаходзімся пад падпіскай аб неразгалошваньні, апэраваць я буду толькі тымі фактамі, якія вы, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, далі самі.
Каб вам было прасьцей, я вырашыла сфармуляваць пяць блёкаў пытаньняў. Вы ж нікому не адмаўляеце ў камэнтарах. Не адмоўце і мне, будзьце так ласкавыя.
Сьледчы камітэт Беларусі патлумачыў, чаму затрымалі журналістаў у «справе БелТА»
Пытаньне 1. Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, пра тое, што я зьяўляюся падазраванай, а акрамя таго — затрыманая, я даведалася з вашага рэлізу. Яго вы выпусьцілі ў раёне 9.20. У Марыны Золатавай і Тані Каравянковай яшчэ ішоў вобшук. Мяне яшчэ нават не дапыталі. Нікому з нас не было абвешчана аб тым, што мы падазраваныя, а пра тое, што мы затрыманыя, даведаліся ўвогуле пасьля абеду.
Што гэта было — вы пасьпяшаліся, ці ўсё было вырашана загадзя — і пра падазрэньні, і пра затрыманьне, і сьледчыя нам хлусілі? Ну ня веру, яны вельмі мілыя людзі, ня будуць жа яны нас падманваць.
Пытаньне 2. Мы ня раз з вамі спрачаліся пра фігурантаў вашых рэлізаў. «Юлія Леанідаўна, мы дакладна ведаем, што затрыманы спадар Імярэк, дырэктар прадпрыемства «Якоесь Там».
Колькі разоў ад вас і ад Сяргея Васільевіча я чула гэтую цудоўную фразу, якая засела ў маёй памяці і якая стала лейтматывам нашых шматлікіх гутарак? «Мы не называем прадпрыемства і імя затрыманага, каб не нанесьці фінансавую і рэпутацыйную шкоду прадпрыемству». Да гэтага прыпеву звычайна дадаецца яшчэ рэчытатыў «Вы ж разумееце, там людзі працуюць, яны ж ні ў чым не вінаватыя».
А што зьмянілася ў гэты раз? Ваша прафэсійная этыка, пра якую вы мне столькі разоў казалі, стала вельмі гнуткай? Цяпер вы заўсёды будзеце называць і прозьвішчы, і прадпрыемствы? Тады выдатна, можна будзе абысьціся без дакучлівых шлягераў пра «мы не называем» і «там жа працуюць людзі». А калі ўсё па-ранейшаму, то чаму наша кампанія і БелаПАН, а таксама Марына Золатава, Ганна Калтыгіна і Таццяна Каравянкова сталі выключэньнем?
Пытаньне 3. Я разумею, карцінка — гэта ўсё. Сюжэт БТ пра «справу БелТА», як і відэа вобшуку ў Марыны Золатавай я паглядзела ўжо пасьля таго, як мяне адпусьцілі (дарэчы, адпусьцілі або вызвалілі — ніяк не зразумею розьніцу). Растлумачце мне, прадстаўнікі прэс-службы, якія адказваюць за піяр свайго ведамства, навошта вашыя супрацоўнікі на відэа робяць выгляд, што дастаюць зьберажэньні сямейства з шафы? Бо іх адтуль добраахвотна дастаў муж Марыны Золатавай і аддаў вам.
Тады падкажу, трэба было вызваліць стол, раскласьці на ім белыя лісты паперы і выкладваць па купюры. Як у відэа пра карупцыянераў. Тады візуальна іх больш, малюнак лепшы.
Акрамя таго, у тым відэа вобшуку, якое вы перадалі выданьню «СБ. Беларусь сегодня» паказалі банкаўскія карткі сям’і, буйным плянам — з нумарамі. Вы ж працуеце ў Сьледчым камітэце, хоць бы і ў прэс-службе. Вы ж ведаеце, што можна зрабіць, маючы зьвесткі карт? Праз некалькі гадзін зьвесткі карт «замылі», але скрыншоты зрабілі, і магчыма, ня толькі мае калегі. Будзе сымбалічна, калі потым праз гэта давядзецца распачынаць крымінальную справу, праўда?
Пытаньне 4. Вяртаючыся да тэмы сюжэту па беларускім тэлебачаньні. Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, што б вы пра мяне падумалі ці што б вы сказалі, калі б я выклала запіс некалькіх нашых з вамі гутарак? Закон бы я не парушыла, вы ж ведаеце, што да вас зьвяртаюцца па камэнтары, і размова запісваецца. Да таго ж, я вось ня ведала, што мае размовы запісваюцца, але гэта, як аказалася, таксама не парушэньне закону.
Вось публікую я запіс размовы, скажам да або пасьля афіцыйнага камэнтара? Успомніце размовы, якія б вы палічылі за лепшае не выкладаць на ўсеагульны агляд.
Уявілі?
Можа быць, іх калісьці апублікуюць. Дакладна не я — у мяне не такая гнуткая этыка, як у вас, але магчыма тыя, хто запісвае чужыя размовы, — і, магчыма, і вашыя таксама.
Пытаньне 5. Ну і апошняе пытаньне. Скажыце, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, чаму з 7 па 9 жніўня вы не адказвалі на званкі маіх калегаў з TUT. BY? І на паведамленьні ў месэнджарах? Вам было складана зьняць трубку і чыста па-чалавечы сказаць: «Тут сытуацыя пастаянна зьмяняецца, хтосьці ўжо падазраваны, хтосьці сьведка, вось такі сапраўды на допыце, а тая — дакладна на Акрэсьціна»? Ваша этыка зноў хітра вывернуўся з-пад прынцыпу «не адмаўляем у камэнтарах»? Ці проста было сорамна?
Я выдатна разумею, што асабіста я з вамі, Сяргей Васільевіч і Юлія Леанідаўна, працаваць больш ня буду. Асабіста я. І гэта маё рашэньне, а ня ваша.
Хачу проста сказаць пэрсанальна вам, Юлія Леанідаўна. Калі я калі-небудзь (і шчыра — ня дай Бог!) убачу вас затрыманай у калідорах СК, у асяроддзі опэраў і АМАПу, то я не памахаю вам прыгожа далонькай.
Бо я ўжо прачытаю загадзя нарыхтаваны рэліз, і буду ведаць, што вы падазраваная і затрыманая.
Я куплю вам бутэльку вады, шакаляд і вільготныя сурвэткі. На Акрэсьціна мне іх не хапала.
Ганна Калтыгіна, рэдактар навін партала TUT.BY".
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.