Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: У «справе БелТА» няма складу злачынства, прадугледжанага «хакерскім» артыкулам 349


Ператрус у інфармацыйным агенцтве БелаПАН
Ператрус у інфармацыйным агенцтве БелаПАН

Адвакат Сяргей Зікрацкі ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што Сьледчы камітэт не павінен быў пачынаць справу супраць журналістаў па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Як паведаміў Сьледчы камітэт, гэта несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў за сабой прычыненьне істотнай шкоды.

«Да гэтай сытуацыі гэты артыкул не прымянімы», — сказаў Сяргей Зікрацкі.

«Сайт БелТА ніхто ня ўзломваў»

— Беларускі IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня выказаўся на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што «гэта не злачынства — пад чужым логінам, які далі калегі, на сайт заходзіць. Няма тут грамадзкай небясьпекі». А як вы лічыце?

Журналіст Юры Карманаў і адвакат Сяргей Зікрацкі
Журналіст Юры Карманаў і адвакат Сяргей Зікрацкі

— У «справе БелТА» ў сьледчых няма падстаў для прыцягненьня журналістаў да адказнасьці па крымінальным артыкуле 349. Фактычна гэты артыкул мае тры складнікі. Гэта несанкцыянаваны доступ да інфармацыі. Другі — доступ, які суправаджаўся парушэньнем сыстэмаў абароны. І трэці — які зьдзейсьнены з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці альбо групай асобаў па змове.

Таму, калі нехта заходзіць пад чужым паролем, то мы можам казаць толькі пра несанкцыянаваны доступ. Бо той, каму належыць гэты пароль, не даваў дазволу на выкарыстаньне гэтага логіна і пароля. Але тут фактычна няма парушэньня сыстэмаў абароны. Бо сайт ніхто ня ўзломваў і ніякіх іншых працэдураў не рабіў. Таму я таксама лічу, што тут няма складу злачынства, прадугледжанага 349 артыкулам.

— Якім жа чынам тады павінна вырашацца гэтая сытуацыя?

— Выключна ў грамадзянска-прававым парадку. БелТА можа прад’явіць прэтэнзіі альбо да тых, хто выкарыстоўваў, альбо да тых, хто перадаў гэтыя паролі, і казаць пра нейкія свае страты. Але дакладна не пра крымінальную адказнасьць.

Сытуацыя павінна вырашацца выключна ў грамадзянска-прававым парадку

Аднак каб прадʼявіць прэтэнзіі ў межах грамадзянска-прававых адносінаў, трэба глядзець, на якой падставе гэтыя паролі доступу трапілі да тых, хто іх выкарыстоўваў. Хто канкрэтна іх выкарыстоўваў, ці выкарыстоўвалі гэтыя паролі доступу фізычныя асобы асабіста, ці юрыдычныя асобы (рэдакцыі СМІ). І на якіх падставах яны атрымалі гэтыя паролі доступу. І ці меў права той, хто гэтыя паролі доступу ім перадаў, рабіць гэта. Якая дамова існуе паміж БелТА і карыстальнікамі гэтых пароляў доступу.

Тут даволі складаная канструкцыя. І адразу адказаць, да каго і якія павінны прадʼяўляцца прэтэнзіі, немагчыма, гледзячы звонку на гэтую сытуацыю.

#журналистынехакеры: ініцыятыва юрыста і праваабаронцы Аляксея Казьлюка

«Ня бачу парушэньня сыстэмы абароны»

— Сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк запусьціў у сацыяльных сетках хэштэг #журналистынехакеры. То бок артыкул 349 звычайна прымяняецца да хакераў?

— Канечне. У 2-й частцы ідзе размова пра несанкцыянаваны доступ да кампутэрнай інфармацыі. А вызначэньне гэтаму тэрміну даецца ў першай частцы гэтага артыкула. Гэта несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сыстэме, сетцы альбо на машынных носьбітах. І гэта суправаджаецца парушэньнем сыстэмы абароны. Таму ў любым выпадку трэба парушаць сыстэму абароны гэтай інфармацыі.

У выпадку з журналістамі я ня бачу парушэньня сыстэмы абароны, таму што прадʼяўлены логін і пароль, якія фактычна існуюць. ​

Чым унікальная «справа БелТА». Пяць момантаў

Сьледчыя выносяць тэхніку з офіса Tut.by
Сьледчыя выносяць тэхніку з офіса Tut.by

«Вобшукі і затрыманьні фармальна зроблены законна»

— А ці мелі юрыдычныя падставы затрыманьні журналістаў у «справе БелТА», ператрусы і выманьне інфармацыі?

— Я так не казаў бы. Вобшукі і затрыманьні былі праведзены па ўзбуджаным артыкуле. Таму фармальна яны зроблены законна. Ці ёсьць тут крымінальная справа, то бок падлягаюць гэтыя дзеяньні крымінальнай адказнасьці ці не, гэта ўжо пытаньне сьледчых органаў і потым суду, калі справа да яго дойдзе.

— Калі і ці можа быць прадʼяўлена канчатковае абвінавачаньне да журналістаў у «справе БелТА»?

— Гэта пытаньне да сьледчых органаў. У іх ёсьць тэрмін для расьсьледаваньня гэтай справы. І ў любы момант падчас гэтага тэрміну яны могуць прадʼявіць абвінавачаньне. Крымінальна-працэсуальны кодэкс прадугледжвае працэдуру падаўжэньня гэтага тэрміну. Таму гэта ўсё выключна працэсуальныя нормы. То бок могуць прадʼявіць сёньня, а могуць заўтра ці празь месяц.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • 7 жніўня затрымалі 10 супрацоўнікаў Tut.by і БелаПАН. Пяцярых журналістаў — Ульляну Бабаед, Людмілу Чэкіну, Яўгенію Беразюк, Дзьмітрыя Бобрыка і Андрэя Сераду — пасьля допыту ўвечары 7 жніўня адпусьцілі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 8 жніўня ў гэтай жа «справе БелТА» затрымалі рэдактара сайту газэты «Белорусы и рынок» Аляксея Жукава і палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага.
  • Таксама 8 жніўня дапыталі 4 супрацоўнікаў парталу Realt.by — Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскую і Ўладзіслава Кулецкага і правялі ператрус у дзяржаўнай газэце «Культура». Сьледчыя правяралі рэдакцыйныя кампутары. Ніхто з супрацоўнікаў не затрыманы. Таксама сьледчыя правялі ператрус у ТАА «АйЦіВі».
  • 9 жніўня ў «справе БелТА» затрымалі галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну.
  • 9 жніўня вызвалілі Галіну Ўласік, Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Ганну Ермачонак (Tut.by), Аляксея Жукава («Белорусы и рынок») і Тацяну Каравянкову (БелаПАН).
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG