Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расейцы пратэстуюць супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту, а беларусы маўчаць


Дзьверы аддзяленьня пэнсійнага фонду пасьля выбуху ў Калузе
Дзьверы аддзяленьня пэнсійнага фонду пасьля выбуху ў Калузе

Падвышэньне пэнсійнага ўзросту ў Расеі выклікала моцныя сацыяльныя ўзрушэньні. А ў Беларусі падобныя дзеяньні ўладаў прайшлі зусім спакойна. Чаму такая розьніца?

Сацыялёгія сьведчыць, што нэгатыўная рэакцыя насельніцтва на рашэньне ўраду Расеі аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту проста зашкальвае. Супраць выступае 90% расейскага грамадзтва. Паводле вынікаў апошняга апытаньня «Левада-цэнтру», 37% расейцаў заявілі, што хутчэй прымуць удзел у пратэстах супраць пэнсійнай рэформы. Фонд грамадзкай думкі прыводзіць дадзеныя, што рэйтынг даверу Ўладзіміра Пуціна з сакавіка па ліпень абрынуўся на 20% (з 68% да 48%). У некаторых гарадах народ выйшаў на вуліцы.

У Беларусі ўказ аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту зьявіўся ў 2016 годзе. І хоць насельніцтва было таксама незадаволенае, але не ў такіх маштабах. НІСЭПД зафіксаваў нэгатыўнае стаўленьне да такога рашэньня 70% беларусаў. Акрамя таго, нават нейкага адзіночнага пікета з пратэстам супраць такіх захадаў уладаў у краіне не было. Усё прайшло ціха і спакойна, не парушыўшы беларускай стабільнасьці.

Чаму такая розьніца? Ёсьць шмат прычынаў, я спынюся толькі на некалькіх. Пры гэтым ня буду чапаць тэму мэнталітэту грамадзтва і ступені жорсткасьці аўтарытарных рэжымаў дзьвюх краін.

1. Палітычная гамэапатыя

У Беларусі падвысіць пэнсійны ўзрост заплянавана толькі на тры гады: мужчынам — да 63 гадоў, жанчынам — да 58. А ў Расеі мяркуецца падвысіць узрост выхаду на пэнсію мужчын — на пяць гадоў (з 60 да 65), жанчын — аж на восем (з 55 да 63). І хоць гэты працэс зьбіраюцца расьцягнуць ажно да 2034 году, людзі зьвярнулі ўвагу найперш на ўзрост выхаду на пэнсію. І, зразумела, абурыліся.

Пратэст у Іванаве
Пратэст у Іванаве

Няма сумненьняў, што і ў Беларусі на гэтым узроўні ня спыняцца і непазьбежна будуць падвышаць пэнсійны ўзрост і далей. Тое дыктуе дэмаграфічная і эканамічная сытуацыя. На гэта асьцярожна намякаюць афіцыйныя асобы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Але беларускія ўлады зрабілі хітрэй. Яны ня сталі глушыць абухам людзей сваімі далёкасяжнымі плянамі, а расьцягнулі гэты працэс. А як вядома, калі непрыемная інфармацыя зьяўляецца гамэапатычнымі дозамі, то яна дазваляе людзям адаптавацца да яе і ўжо не ўспрымаецца так востра.

2. Розныя пэнсійныя сыстэмы

Адрозна ад Беларусі, у Расеі адбываецца пэнсійная рэформа. Акрамя разьмеркавальнай сыстэмы (як у Беларусі), там адначасова дзейнічае і назапашвальная сыстэма. І вось гэтай назапашвальнай часткай сваёй будучай пэнсіі расейцы маюць права часткова кіраваць самі. Яны могуць перавесьці яе ў недзяржаўныя пэнсійныя фонды, дзе ўзровень даходу вышэйшы. І гэта стварае ў людзей адчуваньне ўласьніка сваёй пэнсіі, у пэўным сэнсе робіць чалавека гаспадаром уласнага пэнсійнага лёсу, дае магчымасьць неяк плянаваць яго. І калі ўлада раптам, зьнянацку ўмяшалася ў гэты працэс, моцна пагаршае ўмовы, у насельніцтва гэта выклікае абурэньне. Людзі ўспрымаюць гэта як замах на сваё кроўнае, як вялікае ашуканства з боку дзяржавы.

Пратэст супраць павышэньня пэнсійнага веку ў Маскве
Пратэст супраць павышэньня пэнсійнага веку ў Маскве

У Беларусі ж у пэнсійнай сыстэме захоўваецца прыгоннае права. Ад грамадзяніна амаль нічога не залежыць, усё вырашае дзяржава. У сьвядомасьці беларускага абывацеля існуе стойкае перакананьне, што менавіта дзяржава (чытай: Лукашэнка) «дае» пэнсію. А калі так, то ўлада можа рабіць любыя маніпуляцыі зь ёй, круціць у той ці іншы бок, бо яна ж гаспадар: можа даць, можа забраць.

Дарэчы, менавіта таму існы рэжым упарта адмаўляецца ладзіць пэнсійную рэформу, пераходзіць на назапашвальную сыстэму. Бо калі пэнсіянэру пачнуць плаціць пэнсію прыватныя пэнсійныя фонды, ён адчуе сваю незалежнасьць ад дзяржавы. Для Беларусі гэта будзе амаль рэвалюцыя, дэмантаж патэрналісцкай дзяржавы. Лукашэнка гэта добра разумее, таму і ня хоча нічога мяняць.

3. Розныя міты пра дзяржаву

У Беларусі і Расеі існуюць розныя міты пра дзяржаву. Расейская прыватызацыя моцна траўмавала нацыянальную сьвядомасьць. І гэтая траўма дасюль не загаілася. У масавай сьвядомасьці пераход дзяржаўнай уласнасьці ў рукі алігархаў так і ня быў легітымізаваны. Гэта стварае ўяўленьне пра вялікую несправядлівасьць, якая дасюль ня выпраўленая. Прычым на абароне гэтай несправядлівасьці стаіць дзяржава. І любыя рашэньні, дзеяньні ўладаў, якія ўшчамляюць правы грамадзян, адразу трапляюць на траўмаваную сьвядомасьць і выклікаюць моцную нэгатыўную рэакцыю.

Мітынг супраць павышэньня пэнсійнага веку ў Саратаве
Мітынг супраць павышэньня пэнсійнага веку ў Саратаве

У Беларусі створаны іншы міт. У самой беларускай сацыяльнай мадэлі закладзена міталёгія краіны без багатых. Як любіць паўтараць Лукашэнка, мы ж, адрозна ад Расеі і Ўкраіны, не далі разрабаваць народнае дабро, усё засталося ў руках дзяржавы, у нас няма алігархаў, а калі нейкія кволыя недаалігархі і зьявіліся, то іх пэрыядычна садзяць у турму. То бок, з гледзішча абывацеля, у Беларусі створана, ну, можа, не «дзяржава для народу», як кажа Лукашэнка, але, ва ўсялякім разе, больш справядлівая дзяржаўная сыстэма. І калі такая дзяржава кажа, што так трэба (падвышаць пэнсійны ўзрост, павялічваць камунальныя тарыфы і інш.), што няма іншага выйсьця, то людзі ўспрымаюць гэта спакайней.

4. Небясьпека палітычнай мабілізацыі

Далучэньнем Крыму, вайной на Данбасе і ў Сырыі, вострым канфліктам з Захадам расейскае кіраўніцтва стварыла сытуацыю патрыятычнай мабілізацыі расейскага грамадзтва супраць вонкавых ворагаў. Вынікам гэтага працэсу стаў нечуваны рост рэйтынгу Пуціна.

Але, як цяпер высьвятляецца, палітычная мабілізацыя — гэта зброя, якая вострая з двух бакоў. Яна можа мець і вялікія мінусы для аўтарытарнага рэжыму. Бо мабілізацыя фармуе псыхалёгію грамадзяніна, стварае адчуваньне і мэханізмы салідарнасьці. А калі ўлада робіць нейкія рэчы, якія з гледзішча грамадзтва несправядлівыя, то гэты мабілізацыйны стан можа спрацаваць супраць яе. Бо псыхалёгія грамадзяніна прадугледжвае права ўплываць на палітыку. А мэханізмы салідарнасьці, створаныя дзеля вырашэньня адной задачы, могуць быць выкарыстаныя зусім у іншых мэтах, непрыемных для ўлады. Пуцінскі рэжым даў у рукі грамадзтва зброю, якая цяпер можа быць выкарыстана супраць яго. Ён ініцыяваў грамадзкія працэсы, якія поўнасьцю кантраляваць і якімі кіраваць ня можа.

Пратэст супраць павышэньня пэнсійнага веку ў акупаваным Крыме
Пратэст супраць павышэньня пэнсійнага веку ў акупаваным Крыме

Дарэчы, Лукашэнка добра разумее ўсе небясьпекі палітычнай мабілізацыі. Таму ўсяляк працівіцца любым грамадзкім спробам у гэтым кірунку. Бо беларускі рэжым трымаецца якраз на дэмабілізацыі, дэпалітызацыі, дэідэалягізацыі, абыякавасьці грамадзтва. Нават выбарчыя кампаніі ў Беларусі ўлады імкнуцца правесьці па-за палітычнай плашчынёй, ператварыць іх у чыста тэхнічны, працэдурны працэс. Пакуль гэта ўдаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG