У Беларусі павышаны бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ) — зь 1 жніўня ён складае 213,67 рубля. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны № 61 ад 19 ліпеня, паведамляе БелаПАН.
Для працаздольнага насельніцтва БПМ вызначаны ў 236,98 рубля, для пэнсіянэраў — 162,58 рубля, для студэнтаў — 206,89 рубля, для дзяцей да трох гадоў — 135,93 рубля, ад трох да шасьці — 188,95 рубля, ад шасьці да васемнаццаці гадоў — 231,32 рубля.
Бюджэт пражытковага мінімуму пераглядаюць раз на квартал. Новы БПМ будзе дзейнічаць да 31 кастрычнiка 2018 году. Ад БПМ залежыць памер працоўных мінімальных і сацыяльных пэнсій, а таксама надбавак да іх.
На 10% павялічылі пэнсіі
Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 278, 1 жніўня працоўныя пэнсіі павышаныя на 10%.
Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у выніку пераразьліку сярэдні памер пэнсій складае 364,2 рубля, сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце — 374,33 рубля. У выніку пераразьліку ў сувязі з павелічэньнем БПМ мінімальны памер пэнсіі па ўзросьце з улікам вызначанай даплаты зь 1 жніўня складае 207,43 рубля.
Папярэдні пераразьлік працоўных пэнсій рабілі ў траўні, яны былі павялічаныя ў сярэднім на 5,3%.
Адначасова з пераразьлікам працоўных пэнсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў зь 1 жніўня таксама пералічаны памер мінімальных працоўных і сацыяльных пэнсій, надбавак да пэнсій, павышаныя пэнсіі асобным катэгорыям грамадзян, даплаты пенсіянерам 75 гадоў і старэй, якія атрымліваюць пэнсіі ў органах па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне.
Вырасла дзіцячая дапамога
У сувязі з павелічэньнем памераў бюджэту пражытачнага мінімуму (БМП) вырас таксама памер дзіцячай дапамогі.
Так, памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэньнем дзіцяці вырас на 70,9 рубля і складае 2 тысячы 136 рублёў 70 капеек (10 БПМ). Аднаразовая дапамога пры нараджэньні другога і наступных дзяцей (14 БПМ) вырасла на 99,26 рубля і складае 2 тысячы 991 рубель 38 капеек.
Жанчыны, якія сталі на ўлік у мэдустанову да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, са жніўня па кастрычнік атрымаюць аднаразовую дапамогу ў памеры 100% БПМ, або 213,67 рубля. Раней гэтая сума была 206,58 рубля.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці да 3 гадоў і на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў вырасла на 3,55 рубля да 106,84 рубля, на дзіця-інваліда — на 4,96 рубля да 149,57 рубля.
Памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў прывязаныя да сярэднямесячнай заработнай платы па краіне. Пераразьлік памераў дапамогі робіцца двойчы на год — з 1 лютага і 1 жніўня. З 1 жніўня штомесячная дапамога складае: на першае дзіця — 329 рублёў 4 капейкі (раней — 312 рублёў 3 капейкі); на другое і наступных дзяцей — 376 рублёў 4 капейкі (раней 356 рублёў 60 капеек); на дзіця-інваліда — 423 рубля 5 капеек (раней 401 рубель 18 капеек).