Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — на трэцім месцы сярод краінаў былога СССР у працягласьці жыцьця на пэнсіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пэнсійны ўзрост у кожнай краіне свой. І сярэдняя чаканая працягласьць жыцьця таксама. «Настоящее время» параўнала гэтыя паказьнікі і высьветліла, у якіх краінах былога СССР даўжэй за ўсё жывуць на пэнсіі.

На першым месцы апынуўся Узбэкістан зь сярэднім паказьнікам 29,7. Пры чаканай працягласьці жыцьця 75 для жанчын і 69,7 года для мужчын у жыхарак Узбэкістану ёсьць шанец пражыць на пэнсіі ў сярэднім 20 гадоў (яны выходзяць на пэнсію ў 55 гадоў), у мужчын — 9,7 (яны выходзяць на пэнсію ў 60 гадоў).

На другім месцы зь невялікім адрывам (сярэдні паказьнік — 29,6) апынулася Расея. Мужчыны ў Расеі сёньня — да прыняцьця пэнсійнай рэформы, якая плянуе павялічыць пэнсійны ўзрост — могуць пражыць на пэнсіі 6,4 года (сярэдняя працягласьць жыцьця ў іх — 66,7), жанчыны — 23,2 года (у сярэднім жанчыны жывуць 77,2 года).

На трэцім месцы — Беларусь. Тут жанчыны маюць шанец пражыць на пэнсіі крыху больш за 21 год, мужчыны — амаль 6 гадоў.

Антырэйтынг па працягласьці жыцьця на пэнсіі ўзначальвае Казахстан. Сярэдні паказьнік жыцьця на пэнсіі — 8,05. Жанчыны ў гэтай краіне жывуць у сярэднім 75 гадоў, так што, пайшоўшы на пэнсію ў належныя па законе 63 гады, яны змогуць пражыць яшчэ крыху больш за 12 гадоў. Мужчыны таксама ідуць на пэнсію ў 63 гады, але пры сярэдняй працягласьці жыцьця амаль 67 гадоў яны не пражывуць на пэнсіі і чатырох гадоў.

Калі параўноўваць паказьнікі асобна па мужчынах і жанчынах, найлепшая сытуацыя ў Расеі — тут жанчыны пражываюць на пэнсіі больш за 23 гады. На другім месцы па працягласьці жыцьця на пэнсіі Беларусь (21 год), на трэцім — Узбэкістан (20 гадоў). Менш за ўсё жывуць на пэнсіі ў Казахстане і Малдове (крыху больш за 12 гадоў).

Больш пашанцавала мужчынам, якія пражываюць ва Ўзбэкістане. Яны маюць усе шанцы пражыць пасьля выхаду на пэнсію амаль 10 гадоў. Гэта самы высокі паказьнік сярод жыхароў былога Савецкага Саюзу. Украіна на другім месцы — мужчыны пры сярэдняй чаканай працягласьці жыцьця 67,6 года на пэнсіі жывуць 7,6 года. Расейскія мужчыны апынуліся на трэцім месцы — на пэнсіі яны пражываюць крыху менш за шэсьць з паловай гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG